23 красавiка 2024, aўторак, 13:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як беларусам злятаць у Еўропу за 30 еўра

64
Як беларусам злятаць у Еўропу за 30 еўра

Сем парадаў пры пералёце лоўкостамі.

Лоўкостамі (таннымі авіякампаніямі) часцей за ўсё беларусы лётаюць з Літвы і Польшчы. На жаль, каб зэканоміць на авіяквітках, патрэбная шэнгенская віза. Зрэшты, віза не праблема, калі вы вырашылі адпачыць на еўрапейскіх курортах. Нават беларускія турфірмы сёння часта прапануюць выбраць вылет: з Менска, Масквы ці якога-небудзь еўрапейскага горада. Эканомія, нават з улікам дарогі да Вільні, Каўнаса, Варшавы ці Вроцлава, атрымліваецца вялікая, піша «Комсомольская правда в Беларуси».

У якія гарады лётаюць лоўкосты

Сталіца Літвы для беларусаў - самая блізкая кропка, адкуль можна скарыстацца лоўкостамі. Беларусы ўжо даўно аэрапорт Вільні жартам называюць «Мінск-3». Сюды лётаюць самалёты двух кампаній-лоўкостаў - Wizzair і Ryanair. З літоўскага Каўнаса лётае толькі авіякампанія Ryanair, затое адсюль можна паляцець у многія курортныя мястэчкі, напрыклад на італьянскую Сардзінію. З Варшавы лоўкост можна паляцець з двух аэрапортаў - асноўнага міжнароднага і «Модлін». Другі размешчаны таксама за рысай горада - гэта былы ваенны аэрапорт. З Вроцлава можна паляцець і на Ryanair, і на Wizzair.

7 парадаў пры палёце лоўкостамі

1. Браніруем авіяквіток

Браніраваць квіток на самалёт вам трэба будзе самастойна на сайтах авіякампаній - wizzair.com і ryanair.com. Калі вы не ведаеце англійскай, прыйдзецца папрасіць дапамагчы англійскамоўнага сваяка, сябра або дзіця. Вядома, запоўніць прозвішча, імя, дату нараджэння і краіну пражывання можна і без навыкаў замежнай. Але ў працэсе браніравання авіякампанія прапануе вам застрахавацца, забраніраваць месцы ў салоне самалёта, аўто ад аэрапорта і інш. За ўсе гэтыя паслугі авіякампаніі бяруць грошы. І калі вы сапраўды хочаце зэканоміць на пералёце, можаце смела ад іх адмаўляцца. Галоўнае - аплаціць пералёт і багаж, калі ён вам патрэбны. Каб адказаць на гэтыя пытанні, патрэбны чалавек, які разумее, аб чым спыталі.

2. Аплачваем квіток

Аплачваць квіток трэба па картцы ў інтэрнэце. Яна не абавязкова павінна быць валютная - дастаткова будзе таго, што яна з'яўляецца міжнароднай. Але пажадана, каб у вас была асобная картка, па якой вы зможаце расплачвацца ў інтэрнэце - з меркаванняў бяспекі.

Як правіла, аплата квітка - апошні пункт пры афармленні і браніраванні. Перш чым аплаціць куплю, разумны сайт прапануе вам праверыць усе дадзеныя. Не лянуйцеся і перачытайце усё тое, што вы напісалі - кожная памылка можа каштаваць вам грошай (іх возьмуць ужо пры рэгістрацыі на рэйс. - Рэд.). У вас запытаюць нумар карткі, імя і прозвішча ўладальніка (уладальнік - не абавязкова падарожнік, картка можа быць аформленая на каго заўгодна. - Рэд.), дату заканчэння карткі і CVV-код. Гэты код - гэта тры лічбы, якія паказаныя на абароце вашай пластыкавай карткі.

Пасля таго як вы аплацілі квіткі, на вашу электронную пошту прыйдзе пацверджанне аб аплаце і код квітка.

3. Пакуем багаж

У лоўкостах за багаж прыйдзецца даплачваць. Калі вы не можаце абысціся без вялікага чамадана, пры куплі квітка на пытанне пра багаж адказвайце сцвярджальна. Але невялікі багаж у самалёт можна ўзяць бясплатна. Цяпер шматлікія вытворцы сумак паказваюць на бірках, для якіх авіякампаній-лоўкостаў той ці іншы чамадан або заплечнік падыходзяць. Wizzair дазваляе бясплатна пранесці на борт багаж 42x32x25 см. За чамаданчык пабольш, але таксама ў якасці ручной паклажы (56x45x25 см) прыйдзецца даплаціць ад 10 да 30 еўра - у залежнасці ад сезону і працягласці палёту. Пры гэтым - ніякіх дадатковых сумачак, нават жаночых. Дасведчаныя вандроўнікі прымудраюцца схаваць жаночыя сумкі ў заплечнікі проста перад пасадкай у самалёт.

Авіякампанія Ryanair дазваляе бясплатна пранесці ў салон багаж памерам 55х40х20 см і адну маленькую сумку памерам 35х20х20 см.

Калі вы не ўпэўненыя, што ўпішыцеся ў аб'ёмы, лепш аплаціце багаж яшчэ пры браніраванні квітка. Бо калі ў аэрапорце ён апынецца больш пакладзенага, прыйдзецца заплаціць штраф. Дарэчы, максімальная вага ручной паклажы - 10 кілаграмаў.

4. Пакідаем шампунь дома

Лоўкосты дзейнічаюць па тых жа правілах, што і іншыя авіякампаніі. З сабой на борт нельга праносіць вадкасці, колючыя і рэжучыя прадметы, лёгкаўзгаральныя вадкасці і г.д. Гэта значыць, калі вы не браніравалі багаж, а вырашылі скарыстацца толькі бясплатнай ручной паклажай, то з заплечніка ці чамадана прыйдзецца выняць і вадкасці для лінзаў, і манікюрные нажнічкі-пілачкі, і шампунь, і туалетную ваду.

5. Займаем месца ў самалёце

Забраніраваць месца (напрыклад, у самым пачатку самалёта або каля аварыйнага выхаду, дзе ёсць дадатковая прастора для ног) можна. Але гэта каштуе грошай. Таму купляць месца зусім не абавязкова, проста сядайце на любое вольнае.

Дарэчы, з нядаўняга часу Ryanair пры куплі квітка паказвае канкрэтнае месца для пасажыра.

6. Даведваемся шлях з аэрапорта

Лоўкосты часцяком лётаюць у танныя аэрапорты. Ад горада, у які вам трэба прыляцець, аэрапорт можа размяшчацца далекавата. Напрыклад, з Каўнаса авіякампаніяй Ryanair можна прыляцець у Франкфурт. Але прызямліцца самалёт у аэрапорце Хан - гэта 120 кіламетраў ад горада Франкфурт-на Майне. Затое палёт туды-назад у ліпені абыйдзецца прыкладна ў 100 еўра. Калі ляцець у Франкфурт з Менска, то за квіткі ў абодва бакі прыйдзецца выкласці мінімум 287 еўра. Але нярэдка самалёты лоўкостаў прызямляюцца ў буйных міжнародных аэрапортах - як і рэйсы звычайных авіякампаній.

7. Абавязкова друкуем квіток

Як толькі вы купіце квіток на самалёт, вам прыйдзе электронны ліст з напамінам пра тое, што вам трэба зарэгістравацца на рэйс (гэта трэба зрабіць на сайце кампаніі, выкарыстоўваючы спецыяльны код, які вам дашлюць). Як правіла, рэгістрацыя адкрываецца за два тыдні і закрываецца за некалькі гадзін да адлёту. Калі гэтага не зрабіць, прыйдзецца заплаціць штраф ад 30 да 50 еўра на аднаго чалавека.

Кампанія патрабуе яшчэ і надрукаваць самастойна пасадачны талон. Часам, вядома, досыць кампутарнай рэгістрацыі, але лепш падстрахавацца і квіток усё ж такі раздрукаваць.

Колькі каштуюць пералёты

У Барселону і назад:

- з Менска - $340

- з Вільні - $176

У Парыж і назад:

- з Менска - $456

- з Вільні - $110.

Напісаць каментар 64

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках