28 сакавiка 2024, Чацвер, 11:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь забараніла ўвоз украінскага піва

76
Беларусь забараніла ўвоз украінскага піва

Імпарцёры піва не атрымалі ліцэнзіі на ўвоз піва з Украіны ў Беларусь.

Паводле звестак БелаПАН, гэта абумоўлена тым, што ўкраінскія півавары не ўзгаднілі з беларускім бокам кошты, па якіх іх прадукцыя можа рэалізоўвацца ў Беларусі.

Як паведамлялася раней, 1 траўня Беларусь ўвяла ліцэнзаванне імпарту піва з-за межаў Мытнага саюза. Згодна з пастановай беларускага ўрада, імпарт піва ажыццяўляецца зараз па разавых ліцэнзіях, выдаваць якія упаўнаважана Міністэрства гандлю па ўзгадненні з канцэрнам "Белдзяржхарчпрам".

Як атрымалася высветліць выданню, падставай для выдачы ліцэнзіі з'яўляецца падпісанне імпарцёрам дакумента з беларускім бокам аб мінімальных коштах на піва, па якіх ячменны напой будзе прадавацца ў Беларусі. У той жа час у Кіеве лічаць, што ў выпадку падпісання коштавага пагаднення ўкраінскае піва на беларускім рынку рэзка падаражэе.

Згодна з афіцыйнымі статыстычнымі дадзенымі, доля імпартнага піва на ўнутраным рынку Беларусі ў першым квартале 2014 года складала 30,1%. У студзені-сакавіку бягучага года ў Беларусь было ўвезена 3,19 млн. дал імпартнага піва, у тым ліку 1,86 млн. дал з Расеі, 1,2 млн. дал з Украіны, а таксама нязначныя аб'ёмы прадукцыі з Германіі, Чэхіі, Ірландыі і прыбалтыйскіх рэспублік.

Нагадаем, 10 красавіка на нарадзе аб стане і перспектывах развіцця піваварнай галіны Лукашэнка выказаў здзіўленне з нагоды высокай долі імпартнага піва на беларускім рынку. "Вы думаеце, імпартнае піва лепш за наша і труціць і далей плануеце беларускі народ? Чым адрозніваецца імпартнае піва? Нашпігаванае рознага роду смакавымі кампанентамі і кансервантамі. Беларускае піва - натуральнае! У лазні пырсніце імпартнае піва і айчыннае на камяні і панюхайце, чым гэта ўсё пахне! Беларускае піва - гэта пах хлеба, гэта ўсё жывое і натуральнае!" - заявіў Лукашэнка і даручыў забараніць прадаваць імпартнае піва на ўнутраным рынку без адпаведных дазволаў.

Пасля нарады дзяржорганы рэкамендавалі аб'ектам рознічнага гандлю прадаваць выключна беларускае піва. У сувязі з гэтым падчас чэмпіянату свету па хакеі, які праходзіў у Менску з 9 па 25 траўня, наведвальнікі крам адчувалі дэфіцыт імпартнага піва на ўнутраным рынку.

Па звестках выдання, пасля згаданай нарады піва працягвае ўвозіцца толькі з Расеі, якая з'яўляецца партнёрам Беларусі па Мытным саюзе. Акрамя гэтага, нязначныя аб'ёмы піва імпартуюцца з Чэхіі, Ірландыі, Германіі. Піва з гэтых краін істотна даражэй за беларускае і, па словах экспертаў рынка, не складае канкурэнцыю айчынным вытворцам на ўнутраным рынку.

Напісаць каментар 76

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках