25 красавiка 2024, Чацвер, 11:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

СК і Мінкульт не лічаць «Пагоню» гістарычнай каштоўнасцю

17

Бобрскі «дэпутат», які зламаў «Пагоню», застанецца беспакараным.

Следчы камітэт і Міністэрства культуры не лічаць «Пагоню», якую намаляваў Алесь Пушкін, гісторыка-культурнай каштоўнасцю, перадае «Радыё Свабода».

Следчы камітэт Крупскага раёна адмовіўся ўзбуджаць крымінальную справу супраць выконваючага абавязкі старшыні Бобрскага сельсавета і мясцовага «дэпутата» Уладзіміра Загорскага.

Падчас святкавання Дня Волі 25 сакавіка ў гарадскім пасёлку Бобр мясцовы мастак Алесь Пушкін кожны год на цэнтральнай плошчы піша карціну «Свабода». Працягваў працу ён і ў гэтым годзе. Да яго падышоў в.а. старшыні сельсавета Уладзімір Загорскі і адняў карціну. Калі яму гэта не ўдалося, ён сарваў прымацаваны да карціны герб «Пагоня», разламаў яго і сышоў. Усё гэта бачылі журналісты, якія пазней і выклалі відэа ў інтэрнэт.

Пасля інцыдэнту мастак Алесь Пушкін і старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч звярнуліся ў раённую пракуратуру з просьбай пакараць Уладзіміра Загорскага.

Аднак пракуратура Крупскага раёна, правёўшы праверку, хоць і прызнала факт ўключэння герба «Пагоня» ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі, адмовілася рэагаваць на заявы Пушкіна і Астаповіча.

Сам Алесь Пушкін кажа, што даведаўся пра адказ з пракуратуры толькі тады, калі патэлефанаваў туды, каб выказаць абурэнне, што Уладзімір Загорскі выступаў 31 траўня на выпускны лінейцы ў школе Бобра.

«Асноўным дакументам, які паўплываў на гэтае рашэнне, было заключэнне Міністэрства культуры аб тым, што зламаная «Пагоня» - а гэта зробленая мною копія «Пагоні» Яўгена Куліка і Уладзіміра Крукоўскага ўзору 1991 года - не з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю і не ахоўваецца дзяржавай», - сказаў Алесь Пушкін.

Па словах мастака, зламаны шчыт з копіяй герба «Пагоня» цяпер у Міністэрстве культуры ў Менску. Мастак выказаў меркаванне, што назад, магчыма, атрымае яго «дамаляваным», каб не было ўжо магчымасці даказаць, што гэты герб - дакладная копія таго, які быў афіцыйным дзяржаўным сімвалам з 1991 па 1995 гады.

«Атрымліваецца, на мясцовым узроўні ўсё шыта-крыта. Дзяржава не стала судзіць свайго «дэпутата» нават адміністрацыйным судом, каб не прыехалі журналісты, каб не задавалі Загорскаму нязручных пытанняў. Такім чынам, пуцінскія халуі не дапускаюць, каб нашы нацыянальныя сімвалы былі абароненыя», - сказаў Алесь Пушкін.

Мастак цяпер будзе чакаць, калі яму вернуць зламаную «Пагоню». Тады ён мяркуе аддаць яе на экспертызу Уладзіміру Крукоўскаму, каб пацвердзіць яе абсалютную ідэнтычнасць эталону, які быў дзяржаўным гербам, а затым будзе звяртацца ў абласную пракуратуру з яшчэ адным патрабаваннем пакараць Уладзіміра Загорскага за абразу гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках