«Палатачнікі» адмовіліся сустракацца з дэлегацыяй ПА АБСЕ
9- 1.07.2014, 18:46
- 8,515
Працоўнай групе Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў Беларусі не ўдалося правесці сустрэчу з афіцыйнай беларускай дэлегацыяй.
Пра гэта БелаПАН паведаміў кіраўнік рабочай групы, дэпутат ПА АБСЕ ад Швецыі Крысціян Хольм.
«На жаль, сустрэчы не адбылося. Я спадзяюся, што мы зможам правесці канструктыўныя сустрэчы падчас будучых сэсій ПА АБСЕ», - падкрэсліў Хольм.
З ягоных слоў, на запрашэнне правесці сустрэчу адказаў кіраўнік беларускай дэлегацыі, намеснік старшыні «палаты прадстаўнікоў» «нацыянальнага сходу» Віктар Гумінскі. «Ён сказаў, што не бачыць сэнсу ў правядзенні сустрэч з такой працоўнай групай», - адзначыў Хольм.
«Я мяркую, што прычына ў тым, што ён думае, што мы недастаткова канструктыўныя. Я шкадую з гэтай нагоды. Не ў апошнюю чаргу мы хацелі абмеркаваць геапалітычную сітуацыю ў сувязі з агрэсіўнымі дзеяннямі Расеі», - адзначыў Хольм.
«Зразумела, мы не можам, як арганізацыя, якая займаецца пытаннямі правоў чалавека і дэмакратыі, назіраннем за выбарамі, не абмяркоўваць гэтыя тэмы. Але нам было б карысна сканцэнтравацца і на тых тэмах, дзе ў нас ёсць агульны інтарэс - у прыватнасці, у пытанні захавання суверэнітэту Беларусі», - дадаў ён.
Хольм выказаў надзею, што сустрэча рабочай групы ПА АБСЕ з афіцыйнай беларускай дэлегацыяй усё ж адбудзецца і на ёй будуць прысутнічаць таксама прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыі Беларусі. Дэпутат паабяцаў і ў далейшым накіроўваць запрашэнні беларускай дэлегацыі.
Нагадаем, сэсія ПА АБСЕ праходзіць у Баку з 28 чэрвеня да 2 ліпеня. Беларуская афіцыйная старана неаднаразова заяўляла, што не бачыць неабходнасці ў існаванні рабочай групы ПА АБСЕ ў Беларусі.