20 красавiка 2024, Субота, 9:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі нестабільна

58
У Беларусі нестабільна

Беларусы адважныя, як і ўкраінцы, проста яны ў больш цяжкай сітуацыі.

Амерыканскі партал «BuzzFeed» напісаў пра сітуацыю ў нашай краіне пасля сусветнай прэм'еры на тэлеканале HBO фільма «Небяспечныя дзеянні з удзелам нестабільных элементаў Беларусі» (пераклад - charter97.org).

Новы дакументальны фільм аб палітычным тэатры ў Беларусі падаецца асабліва своечасовым на фоне канфлікту ва Украіне і падаўленні іншадумства Уладзімірам Пуціным у Расеі, адзначае партал.

«Вы ўзялі з сабой пашпарта?», - маладая дзяўчына пытаецца невялікую групу людзей, якія сабраліся на парозе ўмоўленага месца сустрэчы - пакрытага шклом офіснага будынка ў Менску. Яна праводзіць групу гледачоў да імправізаванай залы ў старэзным доме, дзе людзі ўсаджваюцца вельмі шчыльна адзін да аднаго на драўляных дошках, пакладзеных паміж бетоннымі блокамі. Гледачам давялося патэлефанаваць загадзя, каб даведацца адрас, і яны ведаюць, што іх могуць арыштаваць проста за тое, што яна сюды прыйшлі.

Гэта чарговы звычайны вечар Беларускага Свабоднага тэатра, падпольнай дысідэнцкай трупы ў былой савецкай рэспубліцы, якую называюць апошняй дыктатурай Еўропы. Кіраўнік Аляксандр Лукашэнка знаходзіцца тут ва ўладзе з 1994 года.

"Небяспечны дзеянні з удзелам нестабільных элементаў Беларусі», дакументальны фільм, прэм'ера якога адбылася на HBO 7 ліпеня, малюе дакладны партрэт Свабоднага тэатра, што прадаўжае працу, нягледзячы на аблавы КДБ і сталую пагрозу доўгіх турэмных тэрмінаў, праз якую некаторыя ўдзельнікі былі вымушаныя эміграваць у Вялікабрытанію. У фільме рэжысёр Медэлін Саклер паказвае момант часу, калі адзін з актораў распавядае: «было адчуванне, што рэжым вось-вось абрынецца». Ён не абрынуўся.

Фільм Саклера распавядае гісторыю трупы на фоне фальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2010 года ў Беларусі і хвалю народнага пратэсту, якая за імі рушыла ўслед. Але ў той час як нядаўнія пратэсты ў суседняй Украіне прывялі да зрынання Віктара Януковіча з пасады прэзідэнта, рэжым Лукашэнкі здушыў пратэстны рух, затрымаўшы сотні пратэстоўцаў і арыштаваўшы лідэраў апазіцыі. Беларусь застаецца настолькі рэпрэсіўнай, што ўсе адзнятыя для фільма матэрыялы давялося вывозіць з краіны кантрабандай.

Падзеям у «Небяспечных дзеяннях» больш за тры гады, але яны здаюцца асабліва сугучнымі з падзеямі ва Украіне, якая старанна працуе над трансфармацыяй і рэформамі, і падзеямі ў Расеі, дзе прэзідэнт Уладзімір Пуцін душыць усё іншадумства. Украінскі Еўрамайдан прынёс натхненне зацкаванай беларускай апазіцыі. Беларусы далучыліся да ўкраінцаў на кіеўскай плошчы Незалежнасці, а адзін з першых загінулых пратэстоўцаў быў з Беларусі.

Беларусь спраўна атрымлівае найгоршыя адзнакі міжнародных індэксаў свабоды і дэмакратыі, але, у адрозненне ад Украіны, прыцягвае даволі мала міжнароднага увагі.

Лідэр апазіцыі Андрэй Саннікаў, чыя прэзідэнцкая кампанія 2010 супраць Лукашэнкі згадваецца ў «Небяспечных дзеяннях», сказаў BuzzFeed, што Еўропа павінна рабіць больш для таго, каб выкараніць аўтарытарны рэжым у Беларусі. Ён заклікаў да больш жорсткіх санкцыяў супраць Беларусі, а таксама супраць Расеі, з якой у Нямеччыны і Вялікабрытаніі ёсць значныя бізнэс-інтарэсы.

«Еўропа павінна зразумець, што ёй трэба чымсьці ахвяраваць, - кажа Саннікаў, які правёў пасля выбараў 481 дзень у турме паводле абвінавачвання ў арганізацыі «масавых беспарадкаў». - Таму што людзі ахвяруюць сваім жыццём у Беларусі, ва Украіне, змагаючыся за еўрапейскія каштоўнасці».

Саннікаў асудзіў пастанову новага ўкраінскага прэзідэнта Пятра Парашэнкі запрасіць Лукашэнку на сваю інаўгурацыю ў чэрвені, тады як рэжым арыштоўваў беларусаў за акцыі салідарнасці з народам Украіны.

«Гэта свайго роду непавага ўкраінскіх уладаў да тых шчырых перажыванняў, якія беларусы адчувалі да Майдану, - сказаў ён. - Новыя ўкраінскія ўлады павінны быць адданыя тым прынцыпам, якія зрабілі магчымым іх прыход да ўлады».

Хоць Лукашэнка часам публічна падрывае аўтарытэт Пуціна, каментуючы яго высмейванне расейскай тэлевядучай Ксеніяй Сабчак, і пляскае ў ладкі Парашэнку, калі той кажа пра Крым як пра ўкраінскую тэрыторыю, беларускі правадыр трывала знаходзіцца ў арбіце Крамля. Менск з'яўляецца чальцом кіраванага Расеяй Мытнага саюза, які Пуцін пазіцыянуе як геапалітычную, эканамічную і духоўную процівагу Еўрапейскаму Звязу.

«Ён нападае на еўрапейскія каштоўнасці, і ён нападае на ЕЗ», - кажа Саннікаў пра Пуціна. «Гэта не проста аднаўленне СССР. Гэта спроба стварыць магутны расейскі цэнтр, які панаваў бы ў еўрапейскай палітыцы».

Саннікаў сказаў BuzzFeed, што спадзяецца, што пасля прагляду «Небяспечных дзеянняў» гледачы адчуюць эмацыйную сувязь з беларускім апазіцыйным рухам.

«Такі ўдзел людзей, якім ёсць справа да Беларусі, дае надзею на будучыню Беларусі», - сказаў ён, адзначыўшы, што ва ўкраінскіх пратэстоўцаў было тое, «чаго ніколі не было ў Беларусі - уцягванне Еўропы».

Хоць пратэсты беларускай апазіцыі пагаслі пасля брутальных урадавых зачыстак ў 2010 годзе, і Саннікаў уважае за фарс будучыя прэзідэнцкія выбары 2015 года, ён захоўвае надзею.

«Людзі тут не менш адважныя, чым ва Украіне», - кажа Саннікаў. «Проста мы ў больш складанай сітуацыі».

Напісаць каментар 58

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках