29 сакавiка 2024, Пятніца, 14:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прадпрымальнікі: Будуць душыць праверкамі – адновім страйк зноў

32
Прадпрымальнікі: Будуць душыць праверкамі – адновім страйк зноў

Страйк ІП ва ўсёй Беларусі прыпынены, але можа аднавіцца ў кожны момант.

Пра гэта сайту charter97.org паведаміла каардынатарка аргкамітэта ў стварэнні прафзвязу прадпрымальнікаў «Разам» Ірына Яскевіч.

Яна адзначыла, што пастанова прадпрымальнікаў Віцебска і Гародні аб прыпыненні страйку зусім не значыць канец іх барацьбы за свае правы, а толькі яе пераход у іншую форму.

«Хутка мы будзем сустракацца з рэгіянальнымі актывістамі і паспрабуем стварыць грамадскую арганізацыю, якую не трэба будзе рэгістраваць і якая дазволіць падтрымліваць сувязь паміж усімі ІП Беларусі», - сказала яна.

Ірына Яскевіч дадала, што віцебскія прадпрымальнікі не атрымалі адказу ўладаў на звароты і патрабаванні.

«Пасля падарожжа нашых папер з інстанцыі ў інстанцыю мы атрымалі адказ толькі на адно пытанне - што працаваць з рэшткамі нашых тавараў мы можам. Але нават у гэтым адказе не зусім зразумела, якія патрабаванні будуць да тых дакументаў, якія павінны быць у нас», - канстатавала актывістка.

Яскевіч падкрэсліла, што калі кантрольныя органы пачнуць татальныя праверкі з канфіскацыяй тавараў, то ІП Віцебска зноў спыняць працу.

«Мы будзем сачыць за тым, якімі будуць праверкі. Мы не за анархію і разумеем, што трэба працаваць паводле законаў. Але калі рэйды будуць грунтавацца на незразумелых новаўвядзеннях, то людзі, вядома, будуць закрывацца», - падсумавала яна.

ІП у некаторых рэгіёнах аднавілі працу яшчэ на мінулым тыдні. Прадпрымальнік з Баранавічаў Мікалай Чарнавус распавёў сайту charter97.org, што праца на рынках аднавілася амаль адразу пасля страйку 1 ліпеня і ягонага арышту нібыта за арганізацыю незаконнай акцыі. Пазней актывіста выпусцілі на волю да суда.

У той жа час Мікалай Чарнавус адзначыў гатоўнасць баранавіцкіх прадпрымальнікаў спыніць працу ў кожны момант, «калі ўлады не дадуць спакойна працаваць».

«Цяпер мы будзем сустракацца і разам каардынаваць нашыя далейшыя дзеянні з прадпрымальнікамі з гарадоў, якія падтрымалі страйк. Таму што Анатоль Шумчанка (кіраўнік менскага аб'яднання прадпрымальнікаў «Перспектыва» - заўв.рэд.) нам не спадабаўся ў гэтым страйку. Вельмі добра паказаў сябе Віцебск.

Сёння мне тэлефанавалі ІП з рынка «Палескі» і сказалі, што была праверка і людзі адразу ж замкнулі гандлёвыя пункты. Калі і далей будуць душыць праверкамі, то мы зноў адновім страйк», - заявіў ён.

Нагадаем, з 1 ліпеня 2014 года ў Беларусі ўвайшлі ў дзеянне новыя правілы дзейнасці прадпрымальнікаў. З гэтага дня пачаў дзейнічаць указ Лукашэнкі №222, які загадвае мець суправаджальныя дакументы і сертыфікаты на ўвесь тавар.

У знак пратэсту супраць новых правілаў індывідуальныя прадпрымальнікі ў Гомелі, Магілёве, Віцебску, Баранавічах, Пінску і Светлагорску не выйшлі на працу. ІП Менска страйк не падтрымалі.

P.S. Толькі што стала вядома, што ўжо з 22 ліпеня на рынках і ў гандлёвых цэнтрах Беларусі пачнуцца масавыя праверкі ў сувязі з увядзеннем закона «Аб дзяржаўным рэгуляванні гандлю і грамадскага харчавання ў Рэспубліцы Беларусь».

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках