26 красавiка 2024, Пятніца, 1:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ала Пугачова трапіла пад палітычныя рэпрэсіі ў Расеі?

19
Ала Пугачова трапіла пад палітычныя рэпрэсіі ў Расеі?

У прымадоны расейскай эстрады забралі недабудаваны Тэатр песні.

На мінулым тыдні чыноўнікі Смольнага (афіцыйная рэзідэнцыя губернатара Пецярбурга) праінфармавалі інвестараў і Алу Пугачову аб немагчымасці далейшай рэалізацыі праекту. Цяпер інвестары спрабуюць спагнаць страчаныя грошы - за арэнду зямлі пад будучы комплекс, яны кожны квартал плацілі 2,5 мільёна рублёў, паведамляе «Радыё Свабода».

Кіраўнік музычнай карпарацыі PMI і ўладальнік кантрольнага пакета акцый будаўніцтва Яўген Фінкельштэйн каментуе сітуацыю адназначна:

«Чыноўнікі «кінулі» Пугачову і бізнэсоўцаў. Нас выклікалі ў Смольны і паведамілі, што ім быў накіраваны ліст аб немагчымасці рэалізацыі гэтага праекта віцэ-губернатарам Маратам Аганэсянам. Калі шчыра, я здзівіўся. Бо нас першапачаткова запэўнівалі, што тэатр будзе пабудаваны на 100%, і мы некалькі разоў мянялі праект, робячы яго лепшым. Пугачова - адзін з сузаснавальнікаў, пад імя якога інвестары давалі грошы. І горад, наадварот, павінен быць ёй удзячны за тое, што яна прыцягвае ў Пецярбург інвестыцыі. Бо тэатр павінен быў будавацца без дзяржаўных выдаткаў».

Ала Пугачова не раз смела выказвалася аб палітычнай сітуацыі ў Расеі і пра кіраўніцтва краіны. Яна таксама падпісалася ў падтрымку музыкі Андрэя Макарэвіча, калі пасля крытычных выказванняў пра падзеі ва Украіне з'явіўся інтэрнэт-зварот на сайце change.org, дзе прапаноўвалася пазбавіць яго ўсіх дзяржаўных узнагарод.

А 12 чэрвеня, калі ў Крыме адзначалі Дзень Расеі, Ала Пугачова адмовілася ехаць і браць удзел у музычным конкурсе.

Забарону будаўніцтва Тэатра песні Алы Пугачовай тлумачаць наступным чынам: 17 жніўня 2011 года, калі губернатарка Санкт-Пецярбурга Валянціна Мацвіенка зацвердзіла пастанову гарадскога ўрада аб выдзяленні зямельнага надзелу пад будаўніцтва Тэатра песні Алы Пугачовай, гэтая пастанова выклікала ў Пецярбургу сур'ёзную крытыку. Па-першае, зямельны надзел у вусці ракі Смаленка плошчай амаль 3 гектары быў прададзены без конкурсу. Па-другое, пакупнікі заплацілі за яго ў казну 39 мільёнаў рублёў, што, на думку экспэртаў, разоў у 10-15 менш яго рынкавага кошту.

Крытыкі пастановы Валянціны Мацвіенка тлумачаць яе не любоўю былой губернатаркі горада да творчасці Алы Пугачовай, а тым, што ў склад акцыянераў Таварыства з абмежаванай адказнасцю «Тэатр песні Алы Пугачовай» тады ўваходзілі партнёры сябра Уладзіміра Пуціна, уладальніка Stroytransgaz Holding Генадзя Цімчанкі - Максім Вараб'ёў і Міхаіл Кенін, якія пазней выйшлі з яго складу.

Цяпер Ала Пугачова патрабуе ад Санкт-Пецярбургу кампенсацыі ў 100 мільёнаў рублёў.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках