19 красавiка 2024, Пятніца, 17:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Увоз аўто ў Беларусь упаў на 30%

14
Увоз аўто ў Беларусь упаў на 30%

Блізу 14 тысяч новых аўтамабіляў купілі за першую палову года жыхары Беларусі.

Рост у параўнанні з першай паловай 2013 склаў 37,5%. Лідэры рынку захоўваюцца - гэта Renault, Volkswagen і Kia, на чацвёртае месца выйшаў Geely беларускай зборкі. Губляе свае пазіцыі на беларускім рынку ВАЗ праз увядзенне ўтылізацыйнага збору, паведамілі агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі.

Продажы дылераў павялічыліся, але аўтамабіль звычайнаму беларусу стаў менш даступны - імкліва скарачаецца ўвоз у Беларусь аўтамабіляў, як былых ва ўжыванні, так і новых. Калі ў мінулым годзе ў Беларусь было ўвезена 102 тысяч аўтамабіляў, то ў гэтым, паводле ацэнак чальца праўлення БАА Сяргея Варывода, агульны ўвоз складзе блізу 70 тысяч аўтамабіляў, гэта значыць скароціцца на 30%.

«Цяпер ідзе вельмі хуткае змяненне структуры рынку - пераразмеркаванне попыту з б/у аўтамабіляў на новыя. І рынак аўтамабіляў б/у скарачаецца значна хутчэй, чым расце рынак новых аўтамабіляў. Таму драйверам росту дылерскіх продажаў з'яўляецца скарачэнне попыту на былыя ва ўжыванні аўтамабілі. Калі б не было ўтылізацыйнага збору, гэтая тэндэнцыя была б выказана яшчэ больш ярка», - заявіў Сяргей Варывода.

Няма ў Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі і аптымізму ў сувязі з ростам продажаў - гэты прырост збольшага дастаўся расейскім дылерам, якія арганізавалі на тэрыторыі Беларусі сістэму рэалізацыі. «У красавіку сітуацыя была катастрафічнай - блізу траціны ўсіх аўтамабіляў у Беларусі было прададзена салонамі Расейскай Федэрацыі. У чэрвені гэты паказчык склаў 15%», - паведаміў Сяргей Варывода. Механізмы такіх продажаў простыя - ад паездкі беларусаў у аўтасалон у Смаленск, Бранск ці Маскву да выкарыстання паслуг пасрэдніцкіх фірмаў, якія арганізуюць «шэрую» пастаўку аўтамабіляў з Расеі. Увозяцца аўтамабілі як сабраныя ў Расеі, так і імпартаваныя. Паводле некаторых марак аб'ём увозу праз расейскія каналы ў красавіку перасягаў за палову.

«Да такой сітуацыі, пры якой больш выгадна купіць аўтамабіль у Расеі, чым у Беларусі, мы ішлі доўга. У Беларусі аўтамабілі даражэлі паступова. З 1 студзеня 2010 Беларусь уступілі ў Мытны саюз, і былі ўсталяваныя мыты для аўтадылераў. З 2011 года атрымалі высокія мыты для фізічных асоб. Са студзеня 2012 года мы скасавалі ільготны парадак вылічэння ПДВ і атрымалі рост за кошт ПДВ, а з 1 сакавіка 2014 года атрымалі рост коштаў за кошт утылізацыйнага збору. Упершыню ў гісторыі суверэннай Беларусі наша краіна становіцца рэімпарцёрам, а не рээкспарцёрам аўтамабіляў. Сальда з Расеяй стала адмоўным паводле артыкула «легкавыя аўтамабілі», - сказаў Сяргей Варывода.

Кошты ў Расеі ніжэйшыя дзякуючы больш нізкаму ПДВ, там больш рынак, і аўтадылер можа дазволіць сабе зніжкі і меншую нацэнку - у Расеі яна амаль 4%, а ў Беларусі ўдвая большая. Для фізічнай асобы ўтылізацыйны збор меншы, чым для аўтадылера, што таксама падахвочвае нашага пакупніка не ісці ў беларускі аўтасалон, а ехаць у Расею. Прывабнасці пакупкі ў Расеі спрыяла і паслабленне расейскай валюты ў пачатку года.

Ад будучыні аўтадылеры нічога добрага не чакаюць. «Мы чакаем далейшага пагаршэння становішча беларускіх аўтадылераў на нашым рынку. З 1 студзеня 2015 Беларусь уступае ў Еўразійскі эканамічны саюз. Там будзе дзейнічаць адзіны тэхнічны рэгламент МС па колавых транспартных сродкаў, які прадугледжвае, што сертыфікат на ўвоз аўтамабіляў будзе атрымліваць толькі адзін аператар у Мытным саюзе. Не даводзіцца сумнявацца, што гэта будзе рэзідэнт Расейскай Федэрацыі. Без сертыфіката беларускі дылер прадаваць аўтамабілі не зможа. Выйсце - або ісці ў партнёры да расейскага дылера, або страціць сваіх кліентаў», - пракаментаваў Сяргей Варывода.

Ва ўрадзе аб гэтай перспектыве ведаюць, але выйсця з сітуацыі пакуль няма.

Рынак продажаў новых аўтамабіляў у Беларусі ацэньваецца ў суму амаль $2 млрд даляраў, і столькі ж - рынак запчастак ды іншых спадарожных паслуг. Гэта дзесяткі тысяч працоўных месцаў - у салонах дыстрыб’ютараў і дылераў, страхавых кампаніях, рэкламных агенцтвах, сэрвісных станцыях. Калі нічога не рабіць, нацыянальныя аўтадылеры і разам з імі тысячы працоўных месцаў перастануць існаваць.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках