26 красавiка 2024, Пятніца, 2:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лекары ў шпіталі размаўляюць з Аўтуховічам па-беларуску

8
Лекары ў шпіталі размаўляюць з Аўтуховічам па-беларуску

Былы палітвязень, прадпрымальнік з Ваўкавыску знаходзіцца ў вайсковым шпіталі ў Менску.

Як раней паведамляў сайт charter97.org, Мікалай Аўтуховіч дамогся ад ваўкавыскай міліцыі дазволу на паездку ў Менск з мэтай медыцынскага абследавання.

З прадпрымальнікам сустрэўся карэспандэнт «Радыё Свабода» і даведаўся ад яго пра планы аднаўлення бізнесу і барацьбы з карупцыянерамі ў Гарадзенскай вобласці.

«Як толькі я выйшаў на волю, то чыноўнікі з падатковай інспекцыі, якія фігуравалі ў маёй крымінальнай справе, папрасілі сабе ахову і ходзяць цяпер у суправаджэнні «моцных хлопцаў». Вось як баяцца, што я выведу іх на чыстую ваду! І на што толькі марнуе грошы дзяржава, замест таго каб разабрацца з фактамі, аб якіх у нас усім вядома? Думаю, дзяржава павінна падтрымліваць тых, хто змагаецца з карупцыяй, а не наадварот», - распавёў Мікалай Аўтуховіч.

У вайсковым шпіталі Мікалай Аўтуховіч праходзіць платнае абследаванне як прыватны грамадзянін. Лячэнне ад шматлікіх хвароб, набытых за 5 гадоў зняволення ў Івацэвіцкай калоніі і Гарадзенскай турме, яшчэ наперадзе. «А вось зубы мне ўжо зрабілі, у нас, у Гародні. Абышлося гэта ў 46 мільёнаў, але гэта яшчэ танна», - з радасцю кажа былы палітвязень і белазуба ўсміхаецца. У няволі ён страціў большасць зубоў і павінен харчавацца, рыхтуючы ежу з дапамогай блэндэра. Яшчэ з наступстваў турмы - сапсаваны страўнік з некалькімі язвамі. «Буду лячыць страўнік восенню ў віцебскім шпіталі, ужо ёсць дамоўленасць», - кажа Мікалай Аўтуховіч.

У аптэцы вайсковага шпіталя Аўтуховіч набыў ампулу з лекамі для ўколу - у былога палітвязня баляць суставы правай рукі. «Трэба рабіць блакаду», - растлумачыў Аўтуховіч аптэкару па-беларуску. На гэта фармацэўт зацікавілася, адкуль Мікалай Аўтуховіч прыехаў: «Вы кажаце, як мае сваякі з Канады. Яны калі прыязджаюць, то таксама размаўляюць па-беларуску», - заўважыла аптэкар. Мікалай Аўтуховіч пазней распавёў, што ў вайсковым шпіталі ў яго ўжо ёсць лекары, якія размаўляюць з ім таксама па-беларуску і вельмі пра яго клапоцяцца.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках