24 красавiка 2024, Серада, 1:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мільён маладых беларусаў хоча з'ехаць з Беларусі

92
Мільён маладых беларусаў хоча з'ехаць з Беларусі

70% беларускай моладзі гатовыя пакінуць Беларусь.

Пра гэта паведаміў доктар сацыялагічных навук, прафесар Алег Манаеў, паведамляе «Радыё Свабода».

Са слоў Манаева, галоўны фактар высокага ўзроўню міграцыйных настрояў сярод беларускай моладзі - адсутнасць ці недастатковасць перспектыў у Беларусі. У адрозненне ад людзей старэйшага ўзросту, якія перш за ўсё думаюць пра сённяшні дзень, для моладзі натуральна думаць пра тое, што будзе праз 3, 5 або 10 гадоў. Таму імкненне з'ехаць з краіны туды, дзе перспектыў павінна быць больш, выглядае зразумелым.

Цікава параўнаць сённяшняе бачанне моладдзю сваіх перспектыў з тым, што было раней. Як адзначае Манаеў, у 1994-м годзе тагачасная моладзь з аптымізмам глядзела ў будучыню, перспектывы здаваліся значна больш шырокімі. Моладзь звязвала свае надзеі на будучыню з жыццём у незалежнай краіне ва ўмовах дэмакратыі і рынкавай эканомікі, яны верылі, што Беларусь пойдзе эўрапейскім шляхам развіцця і хутка дасягне заходняга ўзроўню жыцця.

«Агулам быў такое настрой, - кажа Манаеў. - Для моладзі перспектывы сыходзілі за гарызонт - асабліва ў параўнанні з тым, што было 40 гадоў таму, у 1974 годзе".

«Калі сёння мы такое ж параўнанне зробім паміж 2014 годам і 1994-м, то тут тэндэнцыя будзе проста супрацьлеглая ў параўнанні з папярэднім перыядам. Калі ў 1994 годзе перспектывы пашыраліся, паглыбляліся і сыходзілі за гарызонт (прынамсі, для многіх маладых людзей), то сёння ўсё як раз наадварот. Гэта я ведаю і як прафесар універсітэта, кантактуючы са студэнтамі, і як вучоны, які вывучае грамадства, і паводле вынікаў сацыялагічных апытанняў пра гэта таксама можна казаць», - адзначае Манаеў.

Ён тлумачыць, што самі па сабе перспектывы - гэта складаны комплекс праблем. Перспектывы для моладзі маюць і матэрыяльна-эканамічны складнік (узровень заробкаў), і палітычны (узровень грамадзянскіх і палітычных свабодаў), і прававы (напрыклад, наколькі ўстойлівыя заканадаўчыя ўмовы вядзення бізнэсу).

Між тым трэба разумець, што жаданне з'ехаць за мяжу яшчэ не значыць, што чалавек сапраўды пакіне Беларусь. На праўду міграцыйныя настроі сярод беларускіх грамадзян амаль не трансфармуюцца ў рэальную міграцыю, мяркуе Манаеў.

Ён звяртае ўвагу на тое, што 2/3 маладых людзей, якія паводле вынікаў сацыялагічных апытанняў гатовыя пакінуць краіну, - гэта блізу 1 мільёна чалавек. Але напраўду з Беларусі штогод з'язджае не больш за 1-3 тысяч маладых людзей. Такім чынам, рэальны ўзровень міграцыі - гэта кропля ў моры што да колькасці тых, хто выказвае жаданне з'ехаць.

Манаеў адзначае, што не рэалізуюцца і імкненні што да краін, у якія маладыя беларусы хацелі б эміграваць. Паводле сацыялагічных даследаванняў, большасць беларусаў імкнулася б з'ехаць на Захад - у Нямеччыну, Польшчу ці ЗША. Але тыя хто эмігруе фактычна, часцей за ўсё з'язджаюць у Расею.

Са слоў Манаева, напраўду міграцыйны баланс у Беларусі станоўчы - гэта значыць, уязджае ў краіну больш, чым выязджае. Прафесар пры гэтым падкрэслівае, што сцвярджэнні, быццам афіцыйная статыстыка змяншае ўзровень міграцыі, - гэта глупства. Напраўду звесткі МУС і Белстата аб узроўні міграцыі рэальна адлюстроўваюць становішча рэчаў.

Паводле афіцыйнай статыстыкі МУС, у 2013 годзе, для таго каб працаваць за мяжой, Беларусь пакінулі 5715 грамадзян усіх узростаў. Яшчэ 1075 чалавек з'ехалі з Беларусі ў першы квартал 2014 года. Абсалютная большасць з іх з'язджае працаваць у Расею.

Фота: minsknews.by

Напісаць каментар 92

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках