18 красавiка 2024, Чацвер, 19:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Санкцыі ЗША супраць РФ удараць па беларускай эканоміцы

25
Санкцыі ЗША супраць РФ удараць па беларускай эканоміцы

Новыя санкцыі ў дачыненні да Крамля закрануць беларускія «дочкі» расейскіх банкаў і ўсю эканоміку Беларусі.

Пашырэнне санкцый ЗША супраць Крамля ўжо сёння адмоўна адбілася на расейскім рынку. Таргі на расейскіх фондавых пляцоўках адкрыліся падзеннем асноўных індэксаў на 3-3,6%. Акцыі «Раснафты» патаннелі на адкрыцці таргоў на 5,6%. Курс рубля таксама прыкметна ўпаў у дачыненні да даляра і еўра.

Немалаважная дэталь - абмежаванні пераносяцца і на кампаніі, у якіх расейскім ВЭБу, Газпромбанк, «Раснафты» і НОВАТЭКу належыць 50% і больш. Нагадаем, у Беларусі працуюць даччыныя ААТ «Банк БелВЭБ», ААТ «Белгазпрамбанк» і «ТНК-ВР Захад», якія таксама не змогуць прыцягваць пазыкі тэрмінам больш за 90 дзён у амерыканскіх банкаў і інвестараў.

Ці паўплываюць амерыканскія санкцыі толькі на даччыныя расейскія кампаніі або ад абмежаванняў пацерпяць, і іншыя беларускія прадпрыемствы? З такім пытаннем карэспандэнт сайта charter97.org звярнуўся да незалежных экспэртаў.

«Безумоўна, паўплываюць. Але не неадкладна, а паступова - цягам года. У нас у краіне функцыянуе ўключаны ў спіс санкцый ЗША расейскі «Газпромбанк» у асобе даччынага «Белгазпрамбанка». Таму забароны ў дачыненні «Газпромбанка» могуць быць перанесены і на «Белгазпрамбанк». Гэта значыць, калі ён будзе выключаны з міжнароднай аплатнай сістэмы, то не зможа атрымліваць рэсурсы і гэтак далей, як гэта было з некаторымі нашымі банкамі ў мінулым. Але галоўная праблема для Беларусі, мабыць будзе ў іншым. Бо Барак Абама ўжыў буйныя санкцыі супраць расейскіх прадпрыемстваў, якія працуюць на ўзбраенне. А нашая эканоміка ў значнай меры звязана з абароннай прамысловасцю Расеі. Таму санкцыі могуць распаўсюдзіцца і на нашыя прадпрыемствы, якія выконваюць замовы абароннай прамысловасці Расеі. І акрамя таго, я мяркую, што будзе запаволенне тэмпаў расейскай эканомікі, а ў нас асноўная крыніца паступлення валюты ад экспарту - гэта Расея. Таму будуць праблемы з экспартам прадукцыі беларускай прамысловасці на тэрыторыю РФ», - мяркуе экс-кіраўнік Нацбанка Беларусі Станіслаў Багданкевіч.

Вядомы вучоны, кандыдат эканамічных навук Леанід Злотнікаў з ім згодзен.

«Я б сказаў, што ў кароткатэрміновым плане асаблівага ўплыву не будзе, бо каштоўнымі паперамі ў Беларусі не гандлююць, як у Расеі, а фондавага рынку практычна няма. А вось ваганні рэальнай эканомікі будуць мець наступствы ў доўгатэрміновым плане. Таму што ўжо чакаецца, што ў гэтым і наступным годзе ў Расеі будзе стагнацыя і росту эканамічнага не прадбачыцца. А калі яшчэ будуць дададзеныя санкцыі, то цалкам можа быць, што сітуацыя ў эканоміцы пагоршыцца: паступленне валюты і прытокі замежных інвестыцый будуць зніжацца, а таксама магчымы перабоі з продажам расейскай нафты. Таксама ў сярэднетэрміновай перспектыве чакаецца, што незалежна ад ніякіх санкцый будуць падаць кошты на рынку энэрганосьбітаў і чакаецца пагаршэнне фінансавага стану Расеі ў цэлым. Так што ўсе гэтыя тэндэнцыі, чаканні і санкцыі накладваюцца ў адным кірунку, і можна сказаць, што ў сярэднетэрміновай перспектыве падтрымка Беларусі з боку Расеі будзе падаць, а беларускі экспарт у РФ расці не будзе», - мяркуе ён.

Фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра Альпары ў Менску Вадзім Іосуб падкрэсліў, што «ад дэталяў гэтых санкцый залежыць, наколькі яны закрануць беларускія «дочкі» расейскіх банкаў, а таксама беларускія прадпрыемствы, якія з'яўляюцца партнёрамі расейскіх».

«Пакуль незразумела ў дэталях, якім чынам і на каго менавіта скіраваныя гэтыя санкцыі. Гэта значыць абвешчаныя расейскія прадпрыемствы, на якія гэтыя санкцыі распаўсюджваюцца, але ў дэталях незразумела, ці будзе гэта датычыцца ўсіх іх даччыных і іншых прадпрыемстваў, якія працуюць з імі ў кааперацыі. І ад гэтых дэталяў залежыць, наколькі гэта закране беларускія «дочкі» расейскіх банкаў і беларускія прадпрыемствы, якія з'яўляюцца партнёрамі расейскіх. Але ўвогуле ўжо можна сказаць напэўна, што ў цэлым гэтыя санкцыі ўдараць па эканоміцы Расеі. А з улікам таго, што Расея з'яўляецца асноўным рынкам збыту нашай прадукцыі, следам за гэтым у РФ можа зваліцца попыт на беларускую прадукцыю і яе экспарт у Расею зменшыцца. І такое наступства ўжо прагназаваць можна», - перакананы экспэрт.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках