25 красавiка 2024, Чацвер, 10:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Цень Гаўрылы Прынцыпа блукае па Драздах

7
Цень Гаўрылы Прынцыпа блукае па Драздах

У тэатры абсурду – новы інтэграцыйны спектакль.

Увайсці ў гісторыю – вялікая спакуса. Але не так гэта і цяжка, як падаецца.

Задача зусім выканальная, калі распачаць якую-небудзь вайну. Найлепш кароткую і пераможную. Гэткую, як нядаўняя крымская. Або сусветную - доўгую і бязлітасную. І што самае дзіўнае, для гэтага не абавязкова быць вайскаводам.

У Сараеве гэтым летам на п’едэстал узнесены Гаўрыла Прынцып. Той самы, які страляў ў эрцгерцага Франца Фердынанда. Гісторыкі сцвярджаюць, што менавіта ягоны стрэл даў штуршок сусветнай катастрофе. Як бы там ні было, а звычайны, непрыкметны чалавек у гісторыю ўвайшоў. Ды яшчэ як!

Дзень народнага штурму Бастыліі адзначыла Францыя вайсковым парадам. У ягоных шыхтах прайшла па Елісейскіх палях і пяхота ў касках і шынялях узору 1914 году. Даніна памяці жаўнерам Першай сусветнай. Нібы вярнуліся на момант прывіды тых, хто застаўся назаўжды пад Вердэнам, Іпрам, на вядомых і невядомых палях той вайны. Людзі паспяшаліся яе забыць. Пасля Першай і Другая ж была, таксама сусветная. Куды больш вядомая і жахлівая. Але і адна, і другая імкнуцца калі-небудзь паўтарыцца.

Хутка прыйдзе жнівень. І кожны па-свойму адзначыць стагоддзе Першай. Ужо выявіліся і тыя, каму пакутліва хочацца рашучым узмахам рукі скіраваць сваё паслухмянае войска ў бітву. І з гэтым велічным жэстам увайсці назаўсёды ў гісторыю. Паверыць немагчыма, але цень Гаўрылы Прынцыпа зноў блукае па Еўропе.

Здавалася б, што маленькай, ціхай Беларусі да тых сусветных жарсцяў! Але знайшоўся і тут прэтэндэнт на адпаведнае месца ў памяці людзей. Нездарма ж ён дваццаць год не выпускаў з рук уладу. Чакаў свайго зорнага часу. І здаецца, той час ужо недзе блізка.

Зусім нядаўна прымаў правіцель парад. І не проста пераступаў з нагі на нагу, як звычайна. Гэтым разам ён выконваў сакральны рытуал. Перад ім ішлі танкі, старанна адбівалі крок ягоныя вайскоўцы. Аднак не яны, а салдаты суседняй краіны дамінавалі на гэтым парадзе, прызначаным нібыта ў гонар нашай Незалежнасці. Расійскія ракеты. Расійскія дэсантнікі. Расійскі дзяржаўны сцяг.

Шмат хто быў агаломшаны нахабствам суседзяў. Хіба можна ператвараць парад суверэннай краіны ў дэманстрацыю вайсковай магутнасці чужой дзяржавы?

Але ж напэўна ў чалавека з саматужнымі лампасамі, які стаяў на той трыбуне, ўжо тады выспявала нейкая маштабна-стратэгічная задума. І выступаючы на гэтым тыдні перад выпускнікамі вайсковых вучэльняў і афіцэрамі высокага рангу, ён прыўзняў заслону сакрэтнасці. Сапраўды, у гэтай краіне нічога выпадковага не бывае. Ён ганарыцца сваёй ваяўнічасцю і гатовы каму заўгодна кінуць выклік.

“Мы открыто демонстрируем всему миру готовность и способность отстаивать свои национальные интересы всеми доступными способами. Для этого у нас создана современная армия, способная адекватно реагировать на внешние и внутренние угрозы национальной безопасности и надежно защищать мирный труд белорусского народа”.

Адкуль раптам гэткая рашучасць? Няйначай, Пуцін паабяцаў крэдыт за пэўныя паслугі. А можа, Мядзьведзеў праз свайго пасыльнага паляпаў па плячы. Паабяцаў падтрымку. Абнадзеіў. Ніхто ж не ведае, пра што яны насамрэч дамаўляюцца. Бязмежная сакрэтнасць. Зачыненая краіна. Што захоча, тое і здасць. Куды загадаюць, туды і пойдзе. А дэмагогія пра нейкі там народ – гэта з даўніх казак пра белага бычка. Хочаце ведаць болей, чытайце між радкоў.

Але і ў ягоных тэкстах інфармацыі даволі. Да таго ж, надзвычай змястоўнай. У той дзень, выступаючы перад выпускнікамі і афіцэрамі, ён пераконваў слухачоў, што мае намер у сваіх стратэгічных планах абапірацца не толькі на ўласныя ўзброеныя сілы, але і на ўзаімадзеянне ў межах саюзнай лзяржавы, АДКБ і сілы сяброўскіх краін. Цікавае, між іншым, прызнанне.

З саюзнай дзяржавай усё зразумела. Там канчатковае слова належыць Расіі. У тым пераконваліся не аднойчы. АДКБ, куды так безаглядна палезла Беларусь, таксама найперш расійскі вайсковы патэнцыял. Дык можа, не варта было так настойліва пра тое паўтараць?

Нічога не зробіш, так ужо размеркаваліся ролі ў новым спектаклі маскоўскага рэжысэра.. Кожнаму – сваё. У адпаведнасці з амплуа.

Гэта ж колькі гадоў вяліся перамовы наконт далучэння найбольш значных прадпрыемстваў Беларусі да расійскіх канцэрнаў. І ўсё марна. Пуцін нічога не мог дамагчыся. А тут прыехаў з Масквы не надта вялікі чыноўнік – і калі ласка! На ўсё пагадзіліся. Была, праўда, перад тым тэлефонная размова з Мядзьведзевым. Пра што гаварылі – таксама таямніца.

Аднак не надта вялікая. У тэатры абсурду – новы інтэграцыйны спектакль. З моцным вайсковым акцэнтам. І выканаўца, які запомніўся доўгімі маналогамі, атрымаў незайздросную ролю з адной толькі рэплікай: “Кушать подано!” На іншае разлічваць пакуль не даводзіцца.

А час сапраўды небяспечны. Не толькі таму, што набліжаецца той самы жнівеньскі дзень, калі свет звар’яцеў. Стогадовы, так бы мовіць, юбілей. Час небяспечны найперш таму, што на паўднёва-заходняй мяжы апошняй імперыі не сціхае неабвешчаная вайна. Але Еўропа не можа паверыць, што яна ўжо ёсць. І перарасці ў сусветную можа ў адно імгненне.

А чуткі пра пакутлівы цень Гаўрылы Прынцыпа не такія ўжо і фантастычныя. Вось толькі ў Драздах напэўна ж ён не блукае. Ваяўнічыя заявы тамтэйшага жыхара наконт таго, што ён прадэманстре ўсяму свету “готовность и способность” – пагрозы пустыя і недарэчныя. Рэжысэр, па волі якога можа адчыніцца заслона апакаліптычнага відовішча, далёка на ўсходзе. Ролі ў новым амбітным спектаклі даўно распісаны. І правінцыйнаму актору няма на што разлічваць. Сам на ўсё пагалзіўся.

У гісторыю яму ўжо не ўвайсці. Нават у мундзіры з лампасамі.

Уладзімер Халіп, спецыяльна для charter97.org

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках