24 красавiка 2024, Серада, 16:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Атаку на малайзійскі «Боінг» рыхтавалі з 29 чэрвеня

47

Служба бяспекі Украіны паведаміла новыя падрабязнасці тэракту ў небе над Данбасам.

Пра іх распавёў сёння кіраўнік дэпартамента контрвыведкі ведамства Віталь Найда, паведамляе «Укрінфарм».

З ягоных слоў, Служба бяспекі Украіны мае доказы таго, што да тэракту ў небе над Данецкай вобласцю датычная Расея, прадстаўнікі якой рыхтаваліся да гэтага яшчэ з 29 чэрвеня 2014. Тэрарыстычным актам кіраваў верхавод сепаратыстаў Ігар Безлер па мянушцы «Бес».

Паводле папярэдніх звестак, ракета, якая збіла малазійскі лайнер «Боінг-777» была выпушчаная з раёна пасёлка Снежнае. Запуск з устаноўкі «Бук» учынілі расейскія вайскоўцы.

Ён таксама адзначыў, што ўкраінскіх экспэртаў не пускаюць да месца запуску ракеты, і яны адпаведна не могуць правесці расследаванне.

«Мы патрабуем нам даць магчымасць дапытаць чальцоў экіпажа - расейскіх вайскоўцаў, якія ажыццяўлялі пуск ракеты. Расея абавязана падаць нам імёны асоб, якія ажыццявілі запуск ракеты», - сказаў ён.

Раней прадстаўнік СБУ прадэманстраваў журналістам фота ўстаноўкі «Бук-М» на адной з вуліц горада Тарэза, а таксама фота руху калоны з устаноўкай па Данецкай вобласці.

Акрамя таго, апублікаванае фота, зробленае ў момант запуску ракеты ў раёне горада Тарэз у напрамку пасёлка Снежнае, на якім выразна відаць інверсійны след ракеты, якой быў збіты «Боінг-777» з мірнымі людзьмі, паведамляе «Украінская праўда».

Найда падкрэсліў, што Службай выразна ідэнтыфікаванае месца пуску, якое знаходзіцца ў раёне, які кантралюецца тэрарыстамі і расейскімі вайскоўцамі.

Ён таксама паведаміў, што расейская старана дала ўказанне тэрарыстам вывезці з Украіны ўсе пускавыя ўстаноўкі «Бук-М».

Прадстаўнік СБУ адзначыў, што 18 ліпеня ў 2 гадзіны ночы ў Луганскай вобласці мяжу з Расеяй перасеклі два цягачы, на кожным з якіх знаходзілася пускавая ўстаноўка «Бук-М».

У 4 ночы ў гэты ж дзень дзяржмяжу перасеклі яшчэ тры цягачы - адна пустая платформа, на адной знаходзілася пускавая ўстаноўка з чатырма ракетамі, і на апошняй знаходзілася баявая машына, меркавана з модулем кіравання.

Ён запэўніў, што доказы ўжо перададзеныя ўсім міжнародным партнёрам Службы.

Са слоў Найды, СБУ вядзе непасрэдную працу з прадстаўнікамі паліцыі Нідэрландаў і праваахоўнымі органамі іншых краін, грамадзяне якіх сталі ахвярамі тэракту 17 ліпеня.

Як вядома, 17 ліпеня ў Данецкай вобласці адбылася катастрофа пасажырскага самалёта авіякампаніі Malaysia Airlines «Боінг-777». Паводле звестак авіякампаніі, на борце самалёта знаходзілася 298 чалавек: 15 чальцоў экіпажа і 283 пасажыры.

На борце авіялайнера знаходзіліся 192 грамадзяніны Нідэрландаў (адзін з іх меў падвойнае грамадзянства Нідэрланды/ЗША), 44 малазійцы (у тым ліку 15 чальцоў экіпажа і двое немаўлят), 27 аўстралійцаў, 12 інданезійцаў (сярод іх адно немаўля), 10 брытанцаў (адзін з іх меў падвойнае грамадзянства Вялікая Брытанія/ПАР), чатыры немцы, чатыры бельгійцы, тры філіпінцы, адзін канадзец і адзін грамадзянін Новай Зеландыі.

Прадстаўнік МУС Украіны заявіў, што пасажырскі самалёт быў збіты тэрарыстамі з зенітна-ракетнага комплексу «Бук». Такую зброю баевікі Данбаса маглі атрымаць з Расеі.

Выведка ЗША прыйшла да высновы, што Boeing-777 «малазійскіх авіяліній», хутчэй за ўсё, збілі прарасейскія сепаратысты.

19 ліпеня стала вядома, што ўзброеныя баевікі, пагражаючы фізічнай расправай, вымусілі ратавальнікаў загрузіць целы 34 загінулых на свой аўтамабіль з мэтай дастаўкі целаў у Данецк.

Напісаць каментар 47

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках