23 красавiка 2024, aўторак, 19:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Камень на шыі

15
Камень на шыі

Лукашэнка надаў кітайска-беларускаму індустрыяльнаму парку імя «Вялікі камень».

І хоць, як паведамляецца, у аснову назвы пакладзенае найменне найбліжэйшай вёскі, такі выбар назвы выглядае, мякка кажучы, двухсэнсоўным. У народным фальклоры з каменем асацыюецца не так ужо шмат добрага.

Зрэшты, апроч вуснай народнай творчасці ёсць і больш сур'ёзныя прычыны для боязі. У артыкуле, апублікаваным у тыднёвіку «Беларусы і рынак», прафесар Юры Весялоў абгрунтаваў сцверджанне, што з расейскай нафтагазавай наша краіна рызыкуе трапіць у чарговую кітайскую пастку, піша gazetaby.com.

Пададзім некалькі цытат:

«Раней такой стала цэментная пастка, у якую трапілі беларускія цэментныя заводы, мадэрнізацыя якіх праводзілася як раз на аснове кітайскіх «звязаных» крэдытаў. Праведзеная на аснове традыцыйных энэргаёмістых і газаспажывальных тэхналогій, без уліку рызык змянення замежнай кан'юнктуры на будаўнічым расейскім рынку, які змяншаецца, мадэрнізацыя чатырох нашых заводаў прычынілася да страт, а не да дадатковага прыбытку і росту іх канкурэнтаздольнасці».

«У адрозненне ад энэргетычнай і цэментнай, пастка індустрыяльнага парку будзе мець шматлікія звязаныя з гэтым рызыкі. Найбольш значныя з іх можна ідэнтыфікаваць ужо цяпер.

Першая - экалагічная рызыка, звязаная як раз з індустрыяльным характарам работы рэзідэнтаў парку. Гэта не толькі высечка значнага ляснога масіву на тэрыторыі, сумежнай з двухмільённым горадам, і значная ампутацыя яго «лёгкіх». Ва ўмовах будучага глабальнага пацяплення гэта яшчэ і рызыка фармавання новага воблака прамысловага смогу побач з мадэрнізаваным да чэмпіянату свету ў хакеі Нацыянальным аэрапортам.

Другая рызыка - парушэнне этнічнай аднастайнасці беларускага грамадства, выкліканая тым, што замежныя фірмы - рэзідэнты індустрыяльнага парку ў інтарэсах зніжэння выдаткаў на вырабленую прадукцыю будуць вымушаныя наймаць рабочую сілу рознай кваліфікацыі на аснове розных тэхналогій НR-менеджменту (Human resources management). Мэнэджараў і спецыялістаў, якія валодаюць ангельскай мовай, будуць набіраць на ўмовах конкурсу, перш за ўсё з ліку замежнікаў, з якімі можна прафесійна мець стасункі без перакладчыка. А на працоўныя прафесіі будуць наймацца пераважна беларусы. У адваротным выпадку сабекошт вытворчасці будзе занадта вялікі.

Такая глабалізацыя, вядома ж, пойдзе на карысць «мясцовым», але якім будзе іх эмацыйнае ўспрыманне такой канкурэнцыі з замежнікамі, спрагназаваць цяпер цяжка. Міжнацыянальныя канфлікты таксама маюць свае эканамічныя і сацыяльныя карані. І пра гэтую рызыку трэба памятаць заўсёды.

Трэцяя рызыка - магчымы рээкспарт прадукцыі, што вырабляецца ў парку. Як паказвае практыка функцыянавання адмысловых эканамічных зон у Беларусі, усе яны без выключэння схільныя да гэтай хваробы, пра што кажуць справаздачы аб выніках праверак з боку Камітэта дзяржкантролю.

У такім выпадку рээкспарт нават пасля мытнай ачысткі будзе наўпрост канкураваць з аналагічнай прадукцыяй мадэрнізаваных беларускіх прадпрыемстваў, што выкліча незадаволенасць кіраўнікоў айчынных прамысловых прадпрыемстваў, якія звыклі да дзяржпадтрымкі, а не да канкурэнцыі.

Нарэшце самая значная рызыка - непрыняцце прадукцыі рэзідэнтаў парку з боку краін Мытнага і Еўрапейскага Звязу. Барацьба з таннымі кітайскімі таварамі - аналагамі ўласнай прадукцыі вядзецца там даўно і з пераменным поспехам. Таму разбірацца, якой маркі тавар паступае на іх рынак - кітайскай або беларускай, яны будуць на аснове пераважна антыдэмпінгавага заканадаўства і тэхнічных рэгламентаў СГА».

Таксама прафесар звяртае ўвагу, што інвестараў першапачаткова арыентуюць на пабудову валаўтваральных вытворчых прадпрыемстваў, якія не прадугледжваюць удзелу навукоўцаў і вынаходнікаў. А мінімальная планка ў 5 мільёнаў даляраў стартавых інвестыцый і геаграфічная аддаленасць ад сталіцы загадзя адсякаюць магчымасць развіцця інтэлектуальнага патэнцыялу ў выглядзе навукова-даследчых стартапаў, лабараторый, інжынерных і праектных арганізацый у чыстым выглядзе, без вытворчасцяў.

Весялоў падсумоўвае: «Па сутнасці, будуць прадоўжаныя традыцыі савецкай Беларусі як гіганцкага зборачнага цэха. З канцэптуальнага пункту гледжання ў постіндустрыяльным XXI стагоддзі парк прадоўжыць традыцыі індустрыялізацыі XIX-XX стагоддзяў і з пункту гледжання стратэгіі канкурэнтаздольнасці Беларусі з'яўляецца крокам у бок, а не наперад».

Такім чынам, прафесар каменя на каменні не пакінуў ад «Вялікага каменя». Але цяперашняя беларуская ўлада не мае звычаю весці дыскусіі. Таму праект парку далей рэалізоўвацца з песнямі, рыдлёўкамі і шампанскім.

Вось толькі не стаў бы «Вялікі камень» каменем на шыі Беларусі, які пацягне яе на дно...

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках