24 красавiка 2024, Серада, 20:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка: Пуцін - самы надзейны партнёр

80
Лукашэнка: Пуцін - самы надзейны партнёр

Дыктатар раскрытыкаваў палітыку Захаду ў дачыненні да Расеі.

"Здавалася б, заходнія дзяржавы павінны шанаваць ролю Савецкага Саюза ў перамозе над фашызмам, аднак замест удзячнасці мы бачым пагардлівы дыктат і санкцыі", - сказаў беларускі правадыр на цырымоніі адкрыцця музэя гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў сераду ў Менску, піша Інтэрфакс.

На думку А.Лукашэнкі, "менавіта дзякуючы адзінству савецкага народа здолелі распляжыць ворага" падчас Другой сусветнай вайны.

Расейскага калегу Уладзіміра Пуціна Лукашенка назваў "кіраўніком братняй дзяржавы, самага надзейнага партнёра" Беларусі. Ён уважае за сімвалічны факт супольнага адкрыцця музэя лідэрамі дзвюх краін. "Гэта была нашая агульная вайна і агульная перамога", - падкрэсліў А.Лукашэнка.

"Цярністы і цяжкі быў шлях нашых вайскоўцаў спачатку ад Берасця да Масквы, а затым ад Масквы да самага Бэрліна. Шмат было гора і страт, асабліва ў часе адступлення. Але не было такой цынічнай нацыянальнай здрады і разважлівай ганебнай баязлівасці, як у шэрагу еўрапейскіх краін, якія без бою здаваліся фашыстам", - заявіў ён.

Беларускі дыктатар адзначыў, што "хлусня пра вайну выклікае пагарду" да тых, "хто спрабуе скрасці нашу перамогу", і паабяцаў весці барацьбу з такімі "марадзёрамі".

Правадыр перакананы, што Расея і Беларусь здолеюць пераадолець негатыўныя наступствы сусветнага крызісу для нацыянальных эканомік і стануць яшчэ мацнейшымі.

"Я хачу вам падзякаваць за тую падтрымку, якую вы надаяце нашай краіне. І Расея, і Беларусь з гэтага крызісу сусветнага выкараскваюцца, і мы станем толькі яшчэ мацнейшымі", - заявіў Лукашэнка.

Беларускі дыктатар заўважыў, што ўважае за сімвалічны прыезд Пуціна ў Менск на ўрачыстасці з нагоды 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашыстоўскіх захопнікаў.

"Няхай і цяжкія былі часы, але пасля ўсіх цяжкасцяў гэта была жаданая і агульная перамога. І ваша прысутнасць на гэтых святах сімвалізуе наша адзінства. Гэта сведчыць аб тым, што мы як і былі тады разам, так і цяпер будзем разам», - сказаў Лукашэнка.

"І калі нешта здарыцца, як кажуць некаторыя асобныя людзі, то я ім адказваю, што мы станем спінай да спіны і разам будзем абараняцца", - дадаў Лукашэнка.

Пуцін у сваю чаргу заявіў, што Расея і Беларусь працягнуць эканамічнае супрацоўніцтва, якое ўжо прыносіць свой плён.

"Што да нашага супрацоўніцтва, мы аб'яднаем свае намаганні і будзем рабіць гэта і далей", - сказаў Пуцін.

Ён адзначыў, што складаныя часы, звязаныя не толькі з развіццём эканомік РФ і Беларусі, але і з сусветнай эканомікай, з'яўляюцца мінучымі.

"Нашы супольныя намаганні для інтэграцыі ў эканамічнай сфэры, безумоўна, прыносяць і прынясуць свой плён яшчэ ў большым памеры, і мы зменім не толькі аб'ёмы эканомікі, але і яе якасць. І хутка зусім, праз паўгода, пачне дзейнічаць Еўразійскі эканамічны саюз. Без усякага сумневу, гэта будзе яшчэ адным крокам наперад у аб'яднанні намаганняў нашых народаў, нашых дзяржаў ", - сказаў Пуцін.

Фота: БелТА

Напісаць каментар 80

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках