19 сакавiка 2024, aўторак, 13:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Не цалуйце рукі дыктатарам

38
Не цалуйце рукі дыктатарам

Як беларускага палітвязня абмянялі на трох афіцэраў КДБ, двух пракурораў і сяброўку Ярмошынай.

Я вельмі доўга не магла напісаць гэты тэкст. Учора, нарэшце, зразумела сапраўдную прычыну. Крытыка еўрапейскіх падыходаў да дыктатуры Лукашэнкі ў Беларусі так часта была тэмай маіх артыкулаў, што часам мне здаецца, што я б'юся галавой аб мур. Але, мабыць, стамляцца мы не маем права.

Месяц таму беларускі дыктатар вызваліў аднаго з самых вядомых палітвязняў - кіраўніка праваабарончага цэнтра "Вясна", віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алеся Бяляцкага. Не важна, што тры гады ўвесь свет дамагаўся вызвалення праваабаронцы. Ён выйшаў на волю тады, калі гэта стала выгадна Лукашэнку. Адбылося гэта вялікім спехам: у дзень, калі правадыр падпісаў закон аб амністыі, палітвязня на «хуткай дапамозе» вывезлі з калоніі на вакзал і адправілі дадому на першым жа электрацягніку. Так у Беларусі зазвычай выпускаюць на волю вядомых палітвязняў.

Еўразвяз і Злучаныя Штаты тут жа віталі вызваленне вязня сумлення, але было ясна, што беларускаму дыктатару гэтага мала. Усе 20 гадоў свайго знаходжання ва ўладзе Лукашэнкі паспяхова прадаваў палітычных закладнікаў Захаду, ператварыўшы жывых людзей у вельмі выгадны тавар. У абмен на вызваленне вязняў сумлення правадыр атрымліваў зняцце з сябе і атачэння санкцый, заходнія крэдыты і выгадныя ўгоды.

Так і адбылося гэтым разам. Праз тры тыдні пасля вызвалення Алеся Бяляцкага з турмы візавыя санкцыі Еўразвязу былі знятыя з былых намеснікаў старшыні КДБ Мікалая Свораба і Пятра Траццяка, былога начальніка ўправы ўрадавай сувязі КДБ Ігара Варапаева, а таксама з адказных за фальсіфікацыі апошніх прэзідэнцкіх выбараў Валерыя Берастава (у 2010 годзе быў старшынём Магілёўскай абласной выбарчай камісіі), Наталлі Бушнай (у 2010 годзе была членам ЦВК), Андрэя Мігуна (пракурора, які выступаў дзяржаўным абвінаваўцам на працэсе ў справе актывістаў арганізацыі "Партнёрства"), Ганны Самалюк (былой суддзі суда Фрунзенскага раёна Менска, якая судзіла ўдзельнікаў акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў 19 снежня 2010 года).

З «чорнага спісу» ЕЗ знікла таксама прозвішча былога намесніка генеральнага пракурора Аляксандра Архіпава, які да прэзідэнцкіх выбараў 2010 года быў пракурорам Менскай вобласці і прымаў пастановы аб адмове ў распачынанні крымінальнай справы паводле факту загубы заснавальніка сайта charter97.org Алега Бябеніна. Потым чыноўнік пайшоў на павышэнне, стаў намеснікам генпракурора і трапіў у санкцыйны спіс ЕЗ у сувязі з разгонам акцыі апазіцыі 19 снежня і наступнымі судовымі працэсамі над яе ўдзельнікамі.

Зняцце з Архіпава санкцый пакуль не выклікае асаблівага абурэння, бо дарадцу юстыцыі надоечы арыштавалі на загад Лукашэнкі ягоныя ж калегі і прысудзілі да 6 гадоў пазбаўлення волі (звычайная практыка нашых сіберных дзён, калі пацукі пачынаюць жэрці адзін аднаго).

Але астатнія ж са спісу на волі і, напэўна, ужо выехалі на адпачынак ці шопінг у еўрапейскія краіны. Чаму з іх знялі санкцыі? Можа, таму што скончыўся тэрмін даўніны іхніх дзей?

Пракурор Андрэй Мігун удзельнічаў у расправе над актывістамі няўрадавай арганізацыі "Партнёрства" ў 2006 годзе, у выніку чаго чацвярых яе лідэраў прысудзілі да пазбаўлення волі на тэрміны ад паўгода да двух гадоў турмы. Прамінула 8 гадоў. Пракурор публічна пакаяўся? Прынёс свае прабачэнні палітвязням? Не, працягвае працу на той жа ніве. Два гады таму Андрэй Мігун нават атрымаў Грамату Саюза юрыстаў РБ «За плённы і дзейсны ўдзел у дзейнасці Саюза юрыстаў у сувязі з 90-годдзем з дня ўтварэння Пракуратуры Рэспублікі Беларусь». А сёння ў яго наогул свята - за «плённы і дзейсны» ўдзел у рэпрэсіўнай машыне пракурор узнагароджаны правам на шэнгенскую візу і паездкай у віленскі «Акропаліс».

Далей у спісе - Валерый Берастаў і Наталля Бушная, адказныя за фальсіфікацыю прэзідэнцкіх выбараў.

Член Цэнтральнай выбарчай камісіі, якую ўзначальвае адыёзная Лідзія Ярмошына, лаўрэатка прэміі Менгарвыканкама і выдатніца адукацыі Бушная дагэтуль з'яўляецца дырэктаркай прэстыжнай менскай гімназіі № 1 імя Францішка Скарыны, далей нясе «светлае, добрае, вечнае» дзецям і, вядома, на выбарчым пункце ў гэтай школе налета будуць намаляваныя самыя правільныя лічбы.

Берастаў таксама застаецца на варце інтарэсаў «фаварыта» ўсіх выбараў у Беларусі. Падчас мясцовай выбарчай кампаніі 2014 года, адзначанай традыцыйным татальнымі фальсіфікацыямі, ён зноў быў старшынём Магілёўскай абласной выбарчай камісіі.

Мабыць, паводле логікі еўрапейскіх чыноўнікаў, гэтыя людзі абавязкова павінны адпачыць на курортах Еўропы перад будучай у 2015 годзе нэрвовай выбарчай кампаніяй «выбараў» Лукашэнкі.

З былымі намеснікамі старшыні КДБ Мікалаем Сворабам (у эканамічнай бяспецы і барацьбе з карупцыяй; гэтая ж управа займаецца барацьбой з палітычнымі апанэнтамі ўлады) і Пятром Траццяком (у забеспячэнні аператыўна-вышуковай дзейнасці), а таксама экс-начальнікам Управы ўрадавай сувязі КДБ Ігарам Варапаевым (гэтая ўправа таксама займаецца праслухоўваннем чыноўнікаў, бізнэсоўцааў ды апазіцыянераў) сітуацыя складанейшая. Чэкісты нібы сышлі ў нябыт. Куды сышлі, якія пасады занялі - афіцыйныя крыніцы не паведамляюць.

Я паразмаўляла з падпалкоўнікам КДБ у адстаўцы Валерам Косткам, і ён пацвердзіў здагадкі: зазвычай прадстаўнікі беларускіх спецслужбаў высокага рангу сыходзяць у «ціхую затоку» буйнога, часта фінансавага ці нафтагазавага, бізнэсу ў Беларусі ці Расеі, дзе адказваюць за бяспеку і кадры. Гэта значыць, Свораб, Траццяк і Варапаеў ад адной «кармушкі» памысна перапаўзлі да іншай, і сёння іх ужо можна сустрэць на пляжах Ніцы або набярэжнай Круазэт.

А тут яшчэ адна радасная навіна - кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей, былы кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі, адзін з арганізатараў крывавых падзей у Менску 19 снежня 2010 года, едзе ў Брусэль на саміт кіраўнікоў МЗС краінаў «Усходняга партнёрства». І гэты арганізатар катаванняў кандыдатаў у прэзідэнты чарговым разам раскажа еўрапейскім бюракратам на добрай ангельскай мове, што няма ў Беларусі ніякіх палітвязняў, а больш дэмакратычнай краіны не толькі ў Еўропе, але і ва ўсім свеце не знайсці.

Беларусь тым часам пакрытая сеткай канцлагераў і турмаў. У зняволенні далей знаходзяцца палітвязні, у тым ліку кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч. Усе гэтыя людзі сёння вымушаны выжываць ў варунках, якія прыраўноўваюцца да катаванняў: супраць іх ажыццяўляюцца правакацыі, ім пагражаюць згвалтаваннем, іх трымаюць у ізаляцыі, іх кормяць надгаладзь, не выпускаюць з карцэраў, на іх нацкоўваюць іншых зняволеных, забараняюць перапіску і сустрэчу са сваякамі, іх кідаюць на самыя шкодныя работы.

Як былая палітзняволеная магу сведчыць хоць на Гаажскі трыбунал: пенітэнцыярная сістэма ў Беларусі недалёка адышла ад сталінскіх лагераў. У следчым ізалятары КДБ палітвязняў раздзявалі дагала, трымалі гадзінамі на холадзе, збівалі, саджалі на ланцуг, як жывёлін. У турмах варункі самыя сіберныя, харчаванне самае нэндзнае, і за гады зняволення людзі канчаткова падважваюць сваё здароўе. Хоць спытайце пра гэта ў былога палітвязня Мікалая Аўтуховіча, які ледзь выжыў пасля пяці гадоў гэтага пекла. Калі варункі ў турме сталі невыносныя, ён быў вымушаны ўспароць сабе жывот лязом. Або ў былога міністра замежных эканамічных сувязяў Міхаіла Марыніча, які ледзь не памёр у турме ад інсульту і на ўсё жыццё застаўся інвалідам. Або ў кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, якога арыштавалі разам з жонкай, а потым цягам месяцаў мэтанакіравана даводзілі да самагубства.

З выхадам на волю пакуты беларускіх палітвязняў не сканчаюцца. Усе яны далей знаходзяцца пад так званым прэвентыўным або прафілактычным наглядам. Шмат каму з іх забараняюць выязджаць нават на лячэнне за мяжу, людзі вымушаныя жыць у страху паўторнага арышту, чынная палітычная дзейнасць становіцца немагчымай. Праз ціск і шантаж спецслужбаў шмат якія былыя палітвязні не могуць нават расказаць пра ўсё перажытыя ў турме жахі. Іх кідаюць у турмы другім і трэцім разам, як дэпутата парламэнта Андрэя Клімава, моладзевых актывістаў Васіля Парфянкова, Уладзіміра Яроменка і Аляксандра Малчанава.

Але рэпрэсіі ідуць не толькі супраць «палітычных», яны накіраваныя супраць усяго грамадства - у турмах знаходзяцца тысячы былых дырэктараў прадпрыемстваў, дзяржаўных службоўцаў, супрацоўнікаў сілавых структур, бізнэсоўцаў, рэгіянальных кіраўнікоў. Блізу 20 000 чалавек апынуліся ў фактычных канцлагерах (якія здзекліва называюцца лячэбна-прафілактычнымі прафілакторыямі) толькі за тое, што злоўжываюць алкаголем. Такога няма нават у Расеі.

Масавыя «чысткі» адбываюцца ва ўсёй актыўнай частцы грамадства. І калі апазіцыя хоць бы кажа пра палітвязняў, то пра лёс астатніх ахвяр рэпрэсій мала што вядома.

За гэтыя злачынствы Лукашэнка не панёс практычна ніякага пакарання. Выкраданні і забойствы лідэраў апазіцыі, жахлівыя катаванні і неверагодна высокая смяротнасць у беларускіх турмах і лагерах не сталі аб’ектам шырокага абмеркавання ў свеце і на высокіх трыбунах міжнародных арганізацый. Супраць Лукашэнкі і ягоных чыноўнікаў былі ўведзеныя толькі візавыя санкцыі, а супраць некалькіх ягоных алігархаў - абмежаванні на бізнэс у Еўропе.

Сёння ж, як б не запэўнівалі ў адваротным еўрапейскія чыноўнікі, праваабаронцу Бяляцкага размянялі на вышэйшых афіцэраў КДБ, фальсіфікатараў выбараў і прадажных пракурораў. Вось такое пасланне атрымала беларускае грамадства ад Еўропы.

Я разумею, што ва варунках вайны Расеі з Украінай на супрацьстаянне з Лукашэнкам у Захад няма ні часу, ні жадання. Затое верная прынцыпу «стабільнасць хоць з чортам» Еўропа пачынае прыязна пазіраць у ягоны бок, спадзеючыся, што ў гэтай вайне астатні дыктатар можа раптам заняць бок Еўрамайдана.

Але згадайце, як падахвочаны выключна стратэгічнымі інтарэсамі прэзідэнт Францыі Нікаля Сарказі паціскаў руку лібійскага дыктатара Муамара Кадафі, а прэм'ер Італіі Сільвіё Бэрлусконі нават не пагрэбаваў яе пацалаваць. І дзе цяпер Кадафі? І дзе цяпер Сарказі ды Бэрлусконі? Адзін у пекле, два іншых - пад следствам.

Амаральны гандаль і шэрыя гешэфты з дыктатарамі, тэрарыстамі і забойцамі, як мінімум, абцяжарваюць палітычную карму еўрапейскіх кіраўнікоў. А іхняя спроба стварэння «дугі стабільнасці» з дыктатарскіх рэжымаў ужо прычынілася да палітычнага пажару на тэрыторыі ад Трыпалі да Луганска.

Наталля Радзіна, галоўная рэдактарка сайта charter97.org

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках