28 сакавiка 2024, Чацвер, 13:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Былы начальнік Клімавіцкага РАУС: Мяне моцна падставілі

61
Былы начальнік Клімавіцкага РАУС: Мяне моцна падставілі

Сілавік сцвярджае, што крымінальная справа супраць яго была сфальшаваная.

Былы начальнік Клімавіцкага РАУС Аляксандр Арцёменка, асуджаны на 11 гадоў пазбаўлення волі за атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры, заяўляе, што крымінальная справа была сфальшаваная, а ў цяперашні час адпаведныя інстанцыі ігнаруюць усе яго скаргі, пішуць «Беларускія навіны».

У сакавіку 2013 Барысаўскі міжгарнізонны вайсковы суд прысудзіў былога начальніка Клімавіцкага РАУС Арцёменку да 11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а старэйшага оперупаўнаважанага Клімавіцкага РАУС, старэйшага следчага Клімавіцкага раённага аддзела ўпраўлення Следчага камітэта Магілёўскай вобласці, якія праходзяць паводле адной справы - да васьмі і дзевяці гадоў пазбаўлення волі.

Суд, які праходзіў за зачыненымі дзвярыма, прыйшоў да высновы, што іх віна ў атрыманні хабару ў 500 тысяч даляраў ад расейскага прадпрымальніка цалкам даказаная.

Падрабязнасці закрытага працэсу сталі вядомыя значна пазней: прэс-служба Следчага камітэта Расеі Бранскай вобласці ў чэрвені 2014 паведаміла аб завяршэнні следства ў дачыненні да жыхара горада Клінцы, які «паўстане перад судом у абвінавачванні ў падбухторванні да перавышэння службовых паўнамоцтваў праваахоўнікаў з Рэспублікі Беларусь».

36-гадовы Уладзімір Рухлоў абвінавачваецца ў падбухторванні да перавышэння службовых паўнамоцтваў, учыненага з прычыненнем цяжкіх наступстваў, і ў незаконным набыцці, перадачы, захоўванні і перавозцы выбуховых рэчываў.

Паводле версіі следства, на здзяйсненне злачынстваў Рухлова падштурхнула жаданне ліквідаваць сваіх канкурэнтаў у сферы аказання рыэлтарскіх паслуг. За дапамогай абвінавачаны звярнуўся да начальніка аддзела ўнутраных спраў Клімавіцкага РАУС, які прыцягнуў да ўдзелу ў злачыннай групе двух сваіх падначаленых супрацоўнікаў.

У прэс-рэлізе паведамлялася: «Дзейнічаючы ўзгоднена з іншымі саўдзельнікамі, Рухлоў на падставе ўкладання ўгоды з нерухомасцю прывабіў канкурэнта на тэрыторыю сумежнай дзяржавы ў горад Клімавічы, куды 17 снежня 2011 апошні прыехаў на асабістым аўтамабілі разам са сваім сваяком. Там у салон іх аўтамашыны быў падкінуты перададзены Рухловым пакет, у якім знаходзіліся выбуховыя рэчывы (актаген і траціл) і рэчыва расліннага паходжання, падобнае паводле знешніх прыкмет на наркатычны сродак - марыхуану».

Беларускія барацьбіты са злачыннасцю «паспяхова» выявілі гэты крымінальны набор, затрымалі грамадзян Расеі, пасадзілі іх у ІЧУ і, выказваючыся мовай крымінальнікаў, пачалі іх «даіць». Палонным нічога не заставалася, як пачаць плаціць за сваю свабоду.

Паводле наяўных у матэрыялах крымінальнай справы паказанняў, кошт выкупу склаў 7,5 млн расейскіх рублёў. Але нават пасля выплаты гэтых грошай вымагальніцтва працягнулася.

Чарговая перадача 500 тысяч расейскіх рублёў адбывалася 18 студзеня 2012 у Магілёве ўжо пад кантролем аператыўнікаў МУС Беларусі. У выніку злачынцы ў пагонах былі затрыманыя і, як вядома, асуджаныя.

Аднак з версіяй следства не згодны Аляксандр Арцёменка.

«Я, у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь і патрабаваннем Вярхоўнага суда, асуджаны незаконна, і фальшаванне матэрыялаў крымінальнай справы паслужыла незаконнаму прысуду», - напісаў Арцёменка у сваім звароце да сродкаў масавай інфармацыі.

Са слоў асуджанага, падчас суду ўсе яго хадайніцтвы неабгрунтавана адхіляліся. «Суддзя (Любавіцкі) заявіў: паказанні Арцёменкі не прымаць пад увагу, бо ён спрабуе сысці ад адказнасці. Гэта калі я свае паказанні магу пацвердзіць з некалькіх незалежных крыніц і дакументальна. Вось як выконваюцца ў закрытых судовых працэсах правы чалавека, Канстытуцыя РБ, КПК», - адзначаецца ў звароце экс-начальніка РАУС.

Арцёменка сцвярджае, што ніякіх грошай ад грамадзяніна Расеі ён не атрымліваў, яго проста «крута падставілі». Тым не менш, згодна з прысудам суда, Арцёменка нібыта рэалізаваў хабар, купляючы маёмасць бацькам на 600 млн рублёў. Гэта з'яўляецца хлуснёй, адзначае былы міліцыянт.

Паводле яго сцвярджэння, ён другі год спрабуе дамагчыся праверкі сваіх паказанняў і довадаў, аднак адказы прыходзяць, што ўсё ў дачыненні да яго была зроблена законна.

«Я, як чалавек, які 15 гадоў адпрацаваў у сістэме МУС, з пэўнасцю магу даказаць сваю невінаватасць і злачынствы, учыненыя супрацоўнікамі УСК, але скаргі мае проста ігнаруюцца», - гаворыцца ў звароце.

«Хочаце ведаць чаму? Адказваю: шэраг высокапастаўленых чыноўнікаў сілавых структур будуць звольненыя з пасадаў, звыш 10 супрацоўнікаў УСК і УБАЗ, якія займаюцца фальшаваннем крымінальнай справы, сядуць на лаву падсудных», - заяўляе Арцёменка, не называючы пры гэтым прозвішчаў.

У суд была пададзеная скажоная фінансавая інфармацыя, распавяла Лідзія Арцёменка, маці асуджанага. «Аднак яго абскарджання не разглядаюцца. Пішуць, што ўсё законна, і адпраўляюць назад», - сцвярджае жанчына. Яна спадзяецца, што, магчыма, пасля звароту да СМІ скаргі яе сына, што тычыцца абставінаў крымінальнай справы, «пачнуць чытаць».

Напісаць каментар 61

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках