29 сакавiка 2024, Пятніца, 0:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхары Магілёва пра сцягі РФ: Хай у сваёй краіне іх вешаюць

22

Большасць магілёўцаў - супраць выкарыстання расейскай сімволікі ў Беларусі.

«Радыё Свабода» правяло апытанне на плошчы Славы ў цэнтры горада. Вось як магілёўцы рэагуюць на распаўсюд у Беларусі сцягоў РФ:

- Я наогул не ведаю, навошта яны іх вывешваюць. Мы накшталт як у Беларусі жывем. Пры чым тут Расея? Мне бліжэй беларускія, свае.

- Пры чым тут у нас расейскае? Хай у сябе дома, у Расеі вывешваюць. Некаторыя кажуць, што прыгожа. Ведаю, што некаторыя вывешваюць як цацку якую. Можа хтосьці ўважае сябе за расейца. У нас сімволіка павінна быць свая. Я за стары наш сцяг, бел-чырвона-белы.

- Нармальна стаўлюся. Расея ж саюзная дзяржава. Я ні разу не бачыў, каб каму-небудзь казалі: «Ах, ты з расейскім трыкалорам, на табе за гэта». У мяне беларускі вісіць. Я ж беларус, чаму павінен вывешваць расейскі?

- Няма ў мяне расейскай сімволікі. Навошта яна мне трэба? Яны самі па сабе, а мы самі па сабе. Я ўвогуле мяркую, што Расея - бандыцкая краіна. Моладзі ж усё адно, што вешаць. Ім жа грошы трэба зарабляць. Якая частка? Вы гаворыце па-беларуску, а я не ўмею. З маіх сяброў можа пяцёра толькі могуць размаўляць па-беларуску. Вось вам і Беларусь.

- Гэта іх справа. Я б ні вешаў - мне гэта не трэба. Што я гэтым буду паказваць? У мяне Беларусь, навошта мне Расея?

- Хочуць яны сімвалы чужой краіны насіць - калі ласка. Я не магу ім гэтага забараніць. Я крыху стараўся лепей гісторыю вывучаць - зусім не заўсёды мы з Расеяй настолькі сябравалі. Мне сцяг не перашкаджаў бел-чырвона-белы. Ён да 95 года быў дзяржаўны, як і герб "Пагоня". А гэтыя вось, яны падпраўленыя з узору 1951 усяго толькі.

- Я б не вывешваў ніякай сімволікі ў сваім аўтамабілі, бо гэта абмяжоўвае агляд. А што да астатніх, якія вывешваюць, то ў нас свабодная краіна. Некаторыя ж носяць футболкі з амерыканскім сцягам.

- У кожнага свае інтарэсы. Я гэтага не асуджаю. Мы ж ад Расеі залежым. Мы ж яшчэ брацкія краіны. Не было б Расеі - мы б значна горш жылі.

- У гэтым няма ніякага сэнсу, акрамя таго, што яны паказваюць сваю прыхільнасць вызначанай дзяржаве. І калі яны хочуць жыць у Расеі, то хай бы яны там і жылі і вывешвалі там свае сцягі.

- Стаўлюся нармальна да гэтага. Ну, можа, гэтыя людзі з Расеі. Я б сам не ўпрыгожваў іх сцягамі свой самаход, бо я беларус, а Расея - чужая краіна.

Нагадаем, выпадкі раздачы сімволікі РФ на тэрыторыі Беларусі (у асноўным, за грошы) неаднаразова былі зафіксаваныя жыхарамі Бабруйска, Гародні, Віцебска, Гомеля, Оршы, Полацка, Баранавічаў. Раздачу сцягоў арганізуюць прарасейскія арганізацыі, якія дзейнічаюць у Беларусі. У Берасці нашым чытачом быў зафіксаваны выпадак агрэсіі з боку распаўсюднікаў.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках