19 красавiка 2024, Пятніца, 16:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Забіты мэр Крэменчуга, дом кіраўніка Львова абстралялі з гранатамёта

48

(абноўлена - 12.44) Надзвычайныя здарэнні адбыліся ў Львове і Палтаўскай вобласці Украіны.

У ноч з пятніцы на суботу, 25 ліпеня, а 23:30 па дому мэра Львова Андрэя Садовага быў нанесены ўдар процітанкавым снарадам «Муха». Пра гэта паведамляе Цензор.нет са спасылкай на прэс-службу Львоўскай гарадской рады.

Снарад трапіў у кут хаты. У выніку быў пашкоджаны дах, бэлька і 4 секцыі вокнаў на трэцім паверсе. У прыватнасці, асколкамі выбітыя 3 секцыі акна пакоя дзяцей і адна секцыя калідора. Ніхто не пацярпеў, бо на выходныя сям'я мэра адправілася ў Карпаты. Паводле гэтага факта распачатая крымінальная вытворчасць. Працягваецца следства. На месцы працуюць выбухатэхнікі і праваахоўныя органы.

Забойства мэра ў Палтаўскай вобласці

У Крэменчугу Палтаўскай вобласці блізу 10.00 быў застрэлены мэр горада Алег Бабаеў.

Пра гэта паведамляе «Украінская праўда» са спасылкай на інфармаваную крыніцу ў асяроддзі актывістаў Еўрамайдана ў Палтаўскай вобласці.

«Каля паўгадзіны таму Бабаеў быў застрэлены ў Крэменчугу. Вядома толькі, што гэта адбылося каля дома, дзе ён жыў, каля пад'езду. Забіты трыма стрэламі», - адзначыў суразмоўца.

Пазней інфармацыю аб гібелі Бабаева на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Фэйсбук пацвердзіў прадстаўнік спецбатальёна «Азоў» Ігар Масійчук.

Расстрэл Бабаева і абстрэл дома Садовага могуць кваліфікаваць як тэракт

МУС і СБУ вывучаюць магчымасць кваліфікацыі гэтых злачынстваў не як замах на забойства і забойства, а як тэрарыстычны акт. Расследаванне гэтых злачынстваў пастаўленае на асаблівы кантроль міністрам МУС Арсэнам Авакавым.

Пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook паведаміў саветнік міністра ўнутраных спраў Антон Герашчанка.

«Гадзіну таму ў Крэменчугу пры не высветленых абставінах быў забіты мэр Крэменчуга Алег Бабаеў. Раніцай ён апрануў спартовы касцюм, узяў скрутак са смеццем і, забыўшыся дома мабільныя тэлефоны, выехаў на сваім аўтамабілі Mersedes S 500 са свайго дома ў прыватным сектары. Затым з расказаў відавочцаў ён спыніўся, ці то каб выкінуць скрутак са смеццем, ці то быў падрэзаны аўтамабілем забойцаў, ці то па іншай прычыне. Побач спыніўся аўтамабіль ВАЗ 2108 белага колеру, з якога было зроблена тры стрэлы са зброі з глушыцелем. Алег Бабаеў ад атрыманых раненняў сканаў на месцы», - паведаміў ён.

«У Палтаўскай вобласці і суседніх абласцях абвешчаны план перахопу «Сірэна». На месцы злачынства працуюць экспэрты - крыміналісты. Міліцыя просіць тэрмінова ўсіх жыхароў Крэменчуга, якія былі выпадковымі сведкамі забойства Алега Бабаева, тэрмінова паведаміць усё, што яны ўбачылі, патэлефанаваўшы па тэлефоне 102. Вядома, што Алег Бабаеў карыстаўся падтрымкай значнай часткі гараджан. Падчас Майдана ён падтрымліваў актывістаў, якіх мясцовая міліцыя і пракуратура хацелі пасадзіць у СІЗА», - адзначыў дарадца кіраўніка МУС.

«8 снежня 2013 года смелы мэр сабраў сесію гарадской рады, дзе заклікаў сысці ў адстаўку Віктара Януковіча, Кабінет міністраў Мікалая Азарава і Міністра МУС Захарчанку», - падкрэсліў Герашчанка.

«Таксама ўчора познім вечарам з гранатамёта тыпу «Муха» быў праведзены абстрэл дома мэра Львова Андрэя Садовага. Фактаў пра тое, каб замахі на двух мэраў буйных гарадоў Украіны былі спланаваныя і сінхронна арганізаваныя, няма. Хутчэй за ўсё гэтыя злачынствы ніякіх не звязаныя паміж сабой» , - паведаміў ён.

«МУС і СБУ вывучае магчымасць кваліфікацыі гэтых злачынстваў не як замах на забойства і забойства, а як тэрарыстычны акт. Расследаванне гэтых злачынстваў пастаўленае на асаблівы кантроль Міністрам МУС Арсэнам Авакавым», - падсумаваў Герашчанка.

Напісаць каментар 48

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках