25 красавiка 2024, Чацвер, 15:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

МВФ: Рызыкі для беларускай эканомікі высокія і скіраваныя ў бок пагаршэння

6
МВФ: Рызыкі для беларускай эканомікі высокія і  скіраваныя ў бок пагаршэння

Міжнародны валютны фонд перагледзеў прагноз росту валавога ўнутранага прадукту Беларусі.

Згодна з ліпеньскай ацэнкай фонду ў 2014 годзе ён складзе 0,9% супраць 1,6% у красавіцкай ацэнцы.

«Працягнецца павольны эканамічны рост і захаваюцца ўстойлівыя знешнія дысбалансы, аднак рызыкі высокія і скіраваныя ў бок пагаршэння», - гаворыцца ў паведамленні МВФ.

Экспэрты фонду звяртаюць увагу, што попыт у Расеі, якая з'яўляецца асноўным рынкам збыту беларускіх тавараў, застаецца слабым, а ўнутраны попыт на беларускую прадукцыю запавольваецца, піша БелаПАН. 



Як раней паведаміў Белстат, у першым паўгоддзі прырост ВУП склаў 1,2%.

На думку экспэртаў фонду, інфляцыя ў Беларусі ў гэтым годзе складзе 16% (факт за першае паўгоддзе - 10,2%). Таксама на высокім узроўні яны ацэньваюць дэфіцыт гэтага рахунку плацежнага балансу краіны ў 2014 годзе - на ўзроўні 8,75% ВУП праз «слабы знешні попыт, нізкую канкурэнтаздольнасць, а таксама меры эканамічнай палітыкі, якая працягвае заставацца занадта мяккай».

У сувязі з гэтым фонд параіў беларускім уладам «прыняць рашучыя меры», накіраваныя на паглыбленне рэформаў, што дазволіць ліквідаваць перашкоды «на шляху больш высокага і ўстойлівага росту».

Экспэрты фонду выказваюць заклапочанасць, што ў Беларусі да апошняга часу назіраліся высокія тэмпы крэдытавання. На думку МВФ, рост заработнай платы павінен быць узгоднены з тэмпамі павышэння прадукцыйнасці працы, «каб пазбегнуць росту інфляцыі і аднавіць канкурэнтаздольнасць».

Акрамя таго, фонд рэкамендуе спыніць валютныя інтэрвенцыі і забяспечыць гнуткасць курсавой палітыкі, што спрыяла б умацаванню канкурэнтаздольнасці беларускай прадукцыі на замежных рынках.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках