29 сакавiка 2024, Пятніца, 2:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прыёмнай маці Ірыне Моцнай перад судом выклікалі «хуткую»

3
Прыёмнай маці Ірыне Моцнай перад судом выклікалі «хуткую»

Суд над былой выхавальніцай дзіцячага дома сямейнага тыпу з Клімавіч Ірынай Моцнай адкладзены.

У раённым судзе патлумачылі, што ў іх няма матэрыялаў справы. Участковы міліцыянт, які павінен быў прынесці іх у суд, заявіў Ірыне Моцнай, што матэрыялаў няма і ў яго таксама. Яны нібыта ў Магілёве. Самай Ірыне Моцнай перад судовым пасяджэннем стала дрэнна. Выклікалі хуткую дапамогу. Ірына Моцная - дыябетык і гіпертонік. Пазоў у суд выпісалі на 29 ліпеня, паведамляе «Радыё Свабода».

Ірыну Моцную абвінавачваюць у «самаўпраўстве». Жанчына нібыта не хацела аддаваць прыёмных дзяцей, пасля таго як яе звольнілі з пасады мамы-выхавальніцы прытулку. У паперах, якія ёй дасылалі з аддзела адукацыі Клімавіцкага райвыканкама, гаворыцца, што дзіцячы дом сямейнага тыпу «спыніў сваё функцыянаванне», а сама Ірына Моцная вызвалена «ад абавязкаў апекуна». Прычынай называецца смерць таты-выхавальніка, а таксама неналежнае выкананне абавязкаў апекуном Ірынай Моцнай. Што канкрэтна пад гэтай фармулёўкай маецца на ўвазе, не тлумачыцца.

Ірына Моцная заяўляе, што дзяцей не супраць была аддаць, але патрабавала ад чыноўнікаў, каб ёй далі дакументы, якія аргументуюць яе звальненне. Акрамя таго, са слоў жанчыны, яна баялася за псіхічны стан прыёмных дзяцей. Дзеці, з яе слоў, адмаўляліся пакідаць прытулак. Чыноўнікі ж патрабавалі, каб дзяцей яна аддала хутка.

Семярых дзяцей забралі 25 ліпеня. У гэты дзень раніцай, як сцвярджае Ірына Моцная, яе гвалтоўна даставілі ў раённы аддзел міліцыі разам з сынам. У міліцыі пратрымалі больш за адзінаццаць гадзін. Пры затрыманні супраць дзевятнаццацігадовага сына Віталя былі выкарыстаныя спецсродкі - кайданкі. У міліцыі хлопец прабыў у іх, як ён кажа, дзве гадзіны. На руках засталіся меткі. Хлопец кажа, што паводзілі сябе міліцыянты з ім надзвычай агрэсіўна.

У раённым аддзеле адукацыі адмаўляюцца каментаваць сітуацыю з дзіцячым прытулкам. Заяўляюць, што дзеці ў бяспецы, але дзе - не гавораць. Паводле некаторых звестках, дзяцей адвезлі ў Магілёў, у SOS-вёску.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках