26 красавiка 2024, Пятніца, 1:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Удзельніцы Pussy Riot просяць спагнаць з Расеі €250 тысяч

15
Удзельніцы Pussy Riot просяць спагнаць з Расеі €250 тысяч

Марыя Алёхіна і Надзея Талаконнікава папрасілі Еўрапейскі суд у правах чалавека спагнаць з Расеі па 120 тысяч еўра.

З улікам судовых выдаткаў у памеры 10 тысяч еўра, агульная сума запытанай кампенсацыі за нанясенне маральнай шкоды ў скарзе «Алёхіна і іншыя супраць Расеі» складае €250 тысяч, паведамляе BBC.

Як гаворыцца ў дакуменце, падчас следства і суду ў справе аб іх выступе ў храме Хрыста Збаўцы былі парушаныя правы на свабоду выказвання меркавання, свабоду і асабістую недатыкальнасць, а таксама забарона катаванняў і права на справядлівае судовае разбіральніцтва (артыкулы 10, 5, 3 і 6 Еўрапейскай канвенцыі).

Запыт кампенсацыі - апошні этап у камунікацыі заяўніц і ЕСПЧ. Расейскім уладам, якія раней ужо выказалі нязгоду са скаргай агулам, дадуць час данесці суду сваю пазіцыю паволе сумы кампенсацыі, пасля чаго ЕСПЧ прыступіць да падрыхтоўкі пастановы.

Са слоў кіраўніка праваабарончай асацыяцыі «Агора», юрысты якой прадстаўляюць удзельніц Pussy Riot у судзе, Паўла Чыкава, ЕСПЧ вынесе пастанову паводле гэтай скаргі ў канцы гэтага года ці ў наступным годзе.

Запытаны памер кампенсацыі значна вышэйшы за той, які ЕСПЧ звычайна прысуджае заяўнікам з Расеі, скаргі якіх звязаныя з крымінальным пераследам. Як правіла, гаворка ідзе пра не больш чым 20 тысяч еўра.

У якасці абгрунтавання запытанай сумы ўзятыя дзве справы ў ЕСПЧ, калі заяўнікам была прысуджана максімальная кампенсацыя, паведаміў Чыкаў.

У першым выпадку ўраджэнцу Расеі Мусліму Садайкаву, што пражываў у Балгарыі, у 2008 годзе прысудзілі 2,5 тысячы еўра кампенсацыі за восем дзён арышту напярэдадні дэпартацыі на радзіму.

У другім выпадку, у 2004 годзе, суд абавязаў Грузію выплаціць былому мэру Батумі Тэнгізу Асанідзэ 150 тысяч еўра за амаль тры гады незаконнага ўтрымання пад вартай і парушэнне права на справядлівы суд.

Як гаворыцца ў скарзе, крымінальны пераслед прынёс і працягвае прыносіць удзельніцам Pussy Riot шмат пакут, у тым ліку праз бесчалавечнае, на іх думку, абыходжанне з імі і працяглае расставанне са сваімі маленькімі дзецьмі.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках