29 сакавiка 2024, Пятніца, 1:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Крамольнае свята – Купалле

16
Крамольнае свята – Купалле

Вартавыя рэжыму забаранілі цудоўнае свята.

Нічога дзіўнага – практыка звыклая, вядомая даўно. Такі нораў у гэтай улады. Ішымі быць яны не могуць. Не тая сутнасць.Чаго спалохаліся гэтым разам? Дзень Волі яшчэ далёка. Выбары – таксама. Дык што ж так устрывожыла раптам заўсёды пільны і бязмежна адданы вышэйшаму кіраўніцтву Мінгарвыканкам?

Нічога незвычайнага. Калектыўная заява паступіла ў вышэйзгаданую ўстанову. У ліку падпісантаў таго звароту – вядомыя людзі. Рэжысэр Валеры Мазынскі, які шмат гадоў ачольваў тэатр імя Якуба Коласа. А таксама мастак Мікола Купава, у творчасць якога, нібы ў люстэрка, глядзіцца тысячагадовая наша краіна. Чаго ж маглі запатрабаваць гэтыя людзі, што прымусіла чынавенства адразу заняць звыклую пазіцыю кругавой абароны?

А задумалі яны, - нават вымавіць страшна, - адсвяткаваць у беларускай сталіцы Купалле. У тым самым скверы, дзе помнік народнаму песняру і ягоны музей. А таксама, сабраўшыся ў скверы каля помніка Максіму Багдановічу, у святочных строях, у беларускіх вышыванках скіравацца да таго месца, дзе па іх задуме павінна прайсці тое свята.

Так, на пачатку дзевяностых праходзілі там розныя фальклорныя святы. Сустракалі вясну. Збіраліся людзі, пераважна моладзь. Спявалі старадаўнія песні. Таньчылі дзяўчаткі ў прыгожых народных строях. Гучалі скрыпачка, бубен, гармонік. Было весела. Жыццё здавалася цудоўным.

Але ж колькі вады працякло ў Свіслачы з таго часу! Хіба не ведаюць гэта заяўнікі? Цэнтр горада, куды ні зірні, – рэжымны аб’ект. Зусім побач, на вуліцы Карла Маркса, насупраць былога тэатральнага туалета – самы сакральны будынак дзяржавы. Якое Купалле? Што было, тое даўно сплыло. Патрабаванне заяўнікаў не адпавядае нормам Канстытуцыі. Нельга!

А таму ўсё, што яшчэ тут варушыцца, трэба спыніць, суцішыць, забараніць. Не знайшлося ў беларускай сталіцы месца для помніка Каліноўскаму. Няма такіх вуліц, якім можна надаць імёны Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна. Плошча Савецкая у Магілёве не можа мець іншую назву. У Полацку ламаюць манумент у гонар літары “ў”, ледзь не зубамі выгрызаюць словы Барадуліна. Вандалаў, вядома, не знойдуць. А ў Віцебску, Оршы, Гародні нібыта невядомыя людзі раздаюць тутэйшым раззявакам расійскія сцяжкі. Нічога страшнага. Спіце спакойна. Усё пад кантролем.

У гэтыя дні, выступаючы перад старанна прасеянымі выпускнікамі, правіцель падзяліўся глыбокай думкай наконт таго, што Беларусь – маладая дзяржава. А то як жа! Не было ніякага Полацкага Княства, а тым больш Вялікага Княства Літоўскага. Вось калі ён прыйшоў да ўлады, тады гісторыя і пачалася.

Безумоўна, гэта каштоўнае навуковае адкрыццё. Аднак жа і сваіх папярэднікаў, надта рашучых у пытаннях забароны, таксама забываць не варта. Былі ўжо тут хлопцы, якія без страху і сумневу адстойвалі інтарэсы ўлады. І добра ведалі, што дазволіць можна, а што нельга ні ў якім разе. Вось некалькі радкоў з архіўнага дакумента. Загад незабыўнага Галоўліта БССР ад 3 чэрвеня 1937 года. Пералік кніг, якія існаваць не павінны.

Бурачок Мацей (Францішак Багушэвіч). Дудка беларуская.

Беларуская навуковая тэрміналогія.

Гарун Алесь. Усе кнігі.

Гарэцкі Максім. Усе кнігі.

Кляшторны Тодар. Усе кнігі.

Праграма гутарак па гісторыі роднага краю.

Тарашкевіч Браніслаў. Беларуская граматыка для школ. Усе кнігі.

Якуб Колас у літаратурнай крытыцы.

Янка Купала ў літаратурнай крытыцы.

Усяго – 421 пазіцыя. Старанна працавалі таварышы.Усе пазначаныя імі кнігі пайшлі ў агонь. І гэта толькі адзін штрышок іх апантанай дзейнасці. А мы яшчэ здзіўляемся, адкуль у Беларусі столькі манкуртаў.

Увесь гэты спіс змешчаны ў кнізе Аляксандра Лукашука “Вяртанне нацыяналіста”. Жудасны спіс. Што ў параўнанні з гэтым – забарона Купалля! Традыцыя, не болей.

Маладая дзяржава… Зірніце на калектыўныя здымкі правіцеля і ягонага атачэння, якіх процьма ў інтэрнеце. Злыя, замшэлыя людзі. Правінцыйны варыянт незабыўнага Палітбюро. Электаральная недарэчнасць.

Яны яшчэ спрабуюць затрымацца за спінамі ўзброенай аховы. Спяшаюцца штосьці там забараніць. Але што яны забароняць? Гісторыю, памяць народа? Плынь часу змяце іх і нават успаміну не застанецца. Шмат гонару, каб іх яшчэ помнілі.

А ўвогуле, тутэйшаму чынавенству на розныя святы свой талент разменьваць не варта. Сапраўды, што там тое Купалле! Трэба адразу рашуча ўзяцца за сонца. Што ж гэта робіцца ў маладой, спартовай краіне? Узыходзіць, заходзіць па ўласнай волі. Не ўзгадняючы графік з уладай. Непарадак!..

Уладзімір Халіп, спецыяльная для charter97.org

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках