24 красавiка 2024, Серада, 6:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Gazeta Wyborcza: Еўропа даціскае Расею

12
Gazeta Wyborcza: Еўропа даціскае Расею

Новыя санкцыі выклікалі нэрвовы цік у Крамля.

У аўторак прадстаўнікі краін-чальцоў ЕЗ узгаднілі спіс сэктаральных санкцый, накіраваных на ключавыя галіны эканомікі Расеі. Яны павінны адбіць у яе жаданне да агрэсіі супраць Украіны, піша Gazeta Wyborcza (пераклад - charter97.org).

- Гэта магутны сігнал, Расея будзе трапляць у нарастальную ізаляцыю праз свае дзеянні, - сказаў кіраўнік Еўрапейскай Рады Герман Ван Рампэй.

Санкцыі павінны закрануць расейскія фінансавы, абаронны і энэргетычны сэктары. Банкі, у якіх урад Расеі мае больш за 50% акцый, павінны быць адцятыя ад доўгатэрміновага фінансавання (звыш 90 дзён) Еўразвязам. Яны не здолеюць прадаваць у Еўропе ні свае акцыі, ні аблігацыі.

З дыпламатычных крыніц вядома, што спецыяльная каманда экспэртаў ЕЗ будзе сачыць, каб расейскія банкі не абышлі гэтую забарону, атрымліваючы крэдыты ад кансорцыюма еўрапейскіх банкаў.

Краіны ЕЗ не здолеюць укладаць новыя кантракты на экспарт у Расею зброі і вайсковых тэхналогій або тэхналогій падвойнага прызначэння, гэта значыць як для цывільных, так і для вайсковых мэт, напрыклад, станкоў. Дазвол або забарона на экспарт гэтых тэхналогій павінна залежаць ад таго, ці займаюцца іх атрымальнікі ў Расеі цывільнай або вайсковай вытворчасцю, - паведамляюць неафіцыйныя крыніцы.

Забарона новых кантрактаў на пастаўку зброі ў Расею азначае, што, напрыклад, Францыя можа скасаваць заяўку на будаўніцтва для ВМФ Расеі дэсантных караблёў Mistral.

ЕЗ таксама забароніць экспарт тэхналогій для здабычы сырой нафты. Але разам з тым санкцыі не закрануць газавую галіну. - На гэта не пагадзілася Нямеччына, - кажа адна з нашых крыніц.

- Санкцыі маюць найперш псіхалагічны эфэкт. Тое, што яны не закрануць нейкія галіны, не азначае, што ў будучыні гэтага не адбудзецца, - кажа суразмоўца з колаў еўрапейскай дыпламатыі. Ён падкрэслівае, што калі ўвесну лідэры ЕЗ вызначылі тры квадры санкцый, абмяркоўвалася збольшага пакаранне асобных палітыкаў ці фірмаў. Тады ўнікалі найбольш балючых для Масквы абмежаванняў на доступ да фінансавых паслуг і тэхналогій.

- Яшчэ два месяцы таму ў шмат якіх краінах ЕЗ гаварылася максімум аб забароне на імпарт расейскай ікры, футравіны ці гарэлкі, - нагадвае наш суразмоўца. - Пералом надышоў пасля таго, як прарасейскія сэпаратысты збілі над Украінай малайзійскі самалёт, і пасля падачы довадаў, што Расея пастаўляе ім зброю. Узгодненыя санкцыі - гэта кампраміс, які павінен прычыніць найменшую шкоду краінам ЕЗ.

Аб дадатковых санкцыях абвясцілі таксама ЗША, якія ўжо ў першай палове ліпеня спынілі выдачу доўгатэрміновых крэдытаў прадпрыемствам «Роснефть» і «Новатэк», Газпромбанк, а таксама Внешэкономбанку.

Учора Вашынгтон дадаў у «чорны спіс» тры чарговыя банкі, а таксама расейскія верфі АСК, якія будуюць вайсковыя караблі і судны для нафтавай ды газавай прамысловасці.

Абвяшчэнне еўрапейскіх санкцый выклікала нэрвовасць у Расеі. За 1 еўра трэба было заплаціць больш за 48 рублёў - упершыню з першай паловы траўня. Курсы найбуйнейшых кампаній страцілі ў сярэднім 3,5%, а індэксы фондавых біржаў у Маскве знізіліся да найменшага паказчыка з пачатку траўня.

На думку аналітыкаў Вышэйшай школы эканомікі ў Маскве, абмежаванне расейскім банкам доступу да рынку капіталаў будзе каштаваць ураду Расеі 90 мільярдаў даляраў. Столькі на працягу бліжэйшых двух гадоў давядзецца знайсці для выплаты замежных запазычанасцяў дзяржаўных кампаній, якія да гэтага моманту фінансавалі дзяржаўныя банкі за кошт пазычаных у Еўропы грошай.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках