29 сакавiка 2024, Пятніца, 14:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Барыс Нямцоў: Фартуна адвярнулася ад Пуціна

14
Барыс Нямцоў: Фартуна адвярнулася ад Пуціна

Крах дабрабыту і дастатку стане велізарнай катастрофай для расейцаў.

Пра гэта заявіў расейскі апазіцыйны палітык Барыс Нямцоў у інтэрв'ю gordonua.com.

«Санкцыі Пуціна, вядома, не спыняць. Ён арыентуецца на рэйтынг, які сфарміраваны дзякуючы дарагой нафце і зомбі-прапагандзе. Падштурхнуць да змены пазіцый здольнае толькі крушэнне рэйтынгу, а яно магчымае толькі ў выпадку рэзкага пагаршэння ўзроўню жыцця людзей. Зараз расейскае грамадства замбаванае бесперапыннай хлуснёй, абсалютным паклёпам і фактычна бандыцкімі разводкамі ўлады. Бо ў зман можна ўвесці не толькі аднаго чалавека, але і цэлы народ, і Пуцін гэта зрабіў», - падкрэсліў апазіцыянер.

Нямцоў дадаў, што «цяпер расейцы глядзяць на вайну з Украінай, як на галівудскі блокбастэр, дзе рускія ваююць з фашыстамі». «Да таго часу, пакуль гэтая сітуацыя не тычыцца іх кашалькоў», - адзначыў палітык.

Расейскі апазіцыянер упэўнены, што паступова са зніжэннем ўзроўню жыцця ў Расеі будзе падаць і рэйтынг прэзідэнта, аднак працэс гэты не хуткі.

Ці спыняць Пуціна новыя санкцыі ЕЗ і ЗША?

«Відавочна, што ўведзеныя санкцыі будуць прыводзіць да пагаршэння матэрыяльнага становішча грамадзян. Будуць расці кошты на ўсё - на прадукты харчавання, камунальныя паслугі, на транспарт, будуць замарожаныя зарплаты і пенсіі. І паступова са зніжэннем ўзроўню жыцця стане падаць падтрымка Пуціна, на жаль, гэта не хуткі працэс. Яна будзе падаць таксама, калі колькасць трунаў, якія ідуць з усходу Украіны ў Расею, пачне расці», - упэўнены ён.

Са словаў Нямцова, псіхалогія Пуціна - гэта «псіхалогія чалавека нездаровага». «Пуцін не здаровы. Ён сам сябе ўжо зарэкамендаваў, як пацук, толькі цяпер гэты пацук у шаленстве», - падкрэсліў Нямцоў.

Палітык мяркуе, што расейскаму лідару варта было прызнацца ў датычнасці да катастрофы Boeing 777.

«Рубікон быў пяройдзены пасля катастрофы Boeing 777. Пуцін хлусіў самым цынічным чынам, замест таго каб сумленна сказаць - так, збілі, але збілі выпадкова. Гэта яго б не апраўдала, але, прынамсі, не зрабіла б з яго ізгоя», - адзначыў ён.

Адносна рэпутацыі Пуціна ў свеце, Нямцоў упэўнены, што яго там уважаюць за «марадзёра і забойцу».

«Цяпер жа ён апынецца ў абсалютнай ізаляцыі, з ім ніхто справы мець не будзе проста таму, што грамадская думка ў Еўропе і Амерыцы наладжана катэгарычна супраць. Пуціна уважаюць там за марадзёра і забойцу, і кантакты з гэтым чалавекам вельмі балюча ўдараць па саміх заходніх палітыках», - заявіў палітык.

Апазіцыянер упэўнены, што для расейцаў «крах дабрабыту і дастатку стане велізарнай катастрофай». «Хутчэй за ўсё, Расея будзе ісці па кубінскаму і паўночнакарэйскаму шляху развіцця, і гэты шлях катастрафічны. Рускія ўсё ж жывуць значна лепш, чым кубінцы або паўночныя карэйцы, яны ўжо прывыклі да высокіх даходаў, для іх крах дабрабыту і дастатку стане велізарнай катастрофай. Дзякуй яны павінны будуць сказаць таму, каго цяпер уважаюць за свайго нацыянальнага правадыра», - адзначыў ён.

«Фартуна адвярнулася ад Пуціна. Збіты Boeing, 50 мільярдаў ЮКАСу, санкцыі - ён відавочна ідзе пад адхон, і чорт бы з ім, калі б ён ішоў туды адзін. Але ён цягне ў магілу і велізарную краіну, вось што крыўдна», - сказаў на заканчэнне Нямцоў.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках