20 красавiка 2024, Субота, 12:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

За купанне на «беларускіх Мальдывах» пачалі штрафаваць

48
За купанне на «беларускіх Мальдывах» пачалі штрафаваць

У Гарадзенскай вобласці пачалі штрафаваць за купанне ў крэйдавых кар'ерах.

Не прыдатныя паводле аніводнага паказніка для купання крэйдавыя кар'еры з году ў год вабяць на свае берагі адпачывальнікаў.

Надзвычайны аквамарынавы колер вады і яркія фота, прывезеныя з паездкі, вабяць сотні беларусаў і відавочна пераважваюць усе асцярогі і магчымыя праблемы, якія ўзнікаюць. У гэтым годзе за несанкцыянаваных купальнікаў наважылі ўзяцца як ніколі строга, асабліва пасля таго, як у адным з такіх вадаёмаў патанула дзяўчынка.

Купацца ў кар'ерах нельга, не для таго яны ствараліся, але чамусьці насуперак здароваму сэнсу ў гарачыя дні туды накіроўваюцца сотні гараджан, піша «Гарадзенская праўда». Адказ, зрэшты, ляжыць на паверхні: месцаў для купання, зон адпачынку ні ў самім горадзе, ні ў яго ваколіцах недастаткова: усяго 7 на Гародню і прадмесце.

Простая шыльда «Купанне забароненае», здаецца, як і дарожны знак, павінна падзейнічаць на адэкватнага адпачывальніка. Усталявалі іх, напрыклад, на падыходзе да вядомага ў гараджан пад назвай «Зялёнка» кар'еру недалёка ад КСМ. Дзейнічае слаба, усё роўна лезуць у ваду.

- Калі штрафуем, пытаем, ці бачылі шыльду. Так, кажуць, але значэння не надалі, - распавядае Дзмітрый Козел, начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Ленінскага РАУС. - У гарачыя дні ў такіх месцах рэйды праводзім увесь час.

Да адміністрацыйнай адказнасці ўжо прыцягнутыя больш за два дзесяткі гарадзенцаў. Штраф немаленькі - ад 1 да 3 базавых адзінак, але і гэта не спыняе ахвотных рызыкнуць сваім жыццём. Для тых, хто не ведае, глыбіня «Зялёнкі» - некалькі дзесяткаў метраў, а нармальнага ўваходу ў ваду са спадзістым берагам няма...

- Думаем ўсталяваць тут вялікія інфармацыйныя шчыты, якія распавядаюць аб тым, колькі чалавек патанула, чым небяспечны вадаём. Можа, такая агітацыя падзейнічае, - дзеліцца планамі Генадзь Яскевіч, першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёна Гародні.

Побач з кар'ерам ў Пышках, дзе надоечы патанула 12-гадовая дзяўчынка, усталяваны ў свой час велізарны слуп з заўважнай здалёку шыльдай, якая паведамляе, што адпачынак тут небяспечны, ляжыць у яры. Моладзь пазбавілася ад яго, каб потым хаміць міліцыі: маўляў, нічога не чыталі, таму штрафаваць нас не маеце права. Тут супрацоўнікамі Гарадзенскага РАУС аштрафаваныя ўжо больш за 30 чалавек, але ўвесь час дзяжурыць, зразумела, міліцыянт на вадаёме не будзе.

- Шыльды ламаюць, засыпаюць канавы, выкапаныя вясной для таго, каб перашкодзіць транспарту пад'язджаць. А калі падыходзіш растлумачыць, наколькі тут небяспечна, могуць проста паслаць на сухі лес, - распавядае Тадэвуш Жук, старшыня Падлабенскага сельскага Савета.

Купальны сезон паводле народнага календара заканчваецца праз тыдзень. Хоць калі будзе цёплае надвор'е, магчыма, адпачынак на вадзе прадоўжыцца і даўжэй. Цяпер, вядома, наўрад ці што выправіш, а вось пачынаць рыхтавацца да наступнага сезона трэба ўжо цяпер. Каб потым не высвятляць, хто недаглядзеў!

Калі артыкул быў ужо гатовы да друку, з ТВВ прыйшло чарговае паведамленне аб загубе купальніка ў кар'еры. Гэтым разам у часе купання ў кар'еры Асочнікі ля Сапоцкіна ў Гарадзенскім раёне патануў дзевятнаццацігадовы навучэнец прафесійна-тэхнічнага каледжа камунальнай гаспадаркі.

Напісаць каментар 48

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках