20 красавiка 2024, Субота, 14:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесь Бяляцкі далей сустракаецца з лідэрамі Еўразвязу

5

Прэзідэнт Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Ан Брасэр сустрэлася з былым палітвязнем.

На гэтай сустрэчы, якая адбылася 2 ліпеня ў Страсбургу, Ан Брасэр выказала поўную падтрымку з боку ПАРЕ працы праваабаронцаў у Беларусі. Алесь Бяляцкі быў у суправаджэнні сваіх калегаў - прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH) Карыма Лахіджы і кіраўніка аддзела Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі FIDH Сашы Кулаевай, паведамляе сайт ПЦ "Вясна".

Ан Брасэр выкарыстала гэтую магчымасць, каб асабіста, ад імя Асамблеі, павіншаваць Алеся Бяляцкага з прысуджэннем першай прэміі Вацлава Гаўла ў галіне правоў чалавека. Прэмія была прысуджаная праваабаронцу Асамблеяй яшчэ ў верасні 2013 года, але лаўрэат, які знаходзіўся ў зняволенні з 2011 года, не змог прысутнічаць на цырымоніі ўручэння. Прэзідэнт ПАРЕ абмеркавала з Алесем сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі і ролю Асамблеі ў яе паляпшэнні.

«Алесь Бяляцкі з'яўляецца для нас сімвалам непарушнай адданасці правам чалавека. Шчыра вітаючы яго вызваленне з турмы 21 чэрвеня, я ўражаная яго моцным жаданнем працягваць сваю вельмі каштоўную працу ў галіне правоў чалавека і супрацоўніцтва з Асамблеяй і Радай Еўропы», - сказала Брасэр.

«Высока ацэньваючы прыхільнасць Бяляцкага, я таксама хачу выказаць нашую поўную падтрымку працы ўсіх праваабаронцаў у Беларусі, якія вымушаныя змагацца за нашы агульныя каштоўнасці ў вельмі цяжкіх умовах. Я ўпэўнена, што гэтая цяжкая праца не будзе марнай, і я спадзяюся, што з іх дапамогай Беларусь хутка стане сапраўды дэмакратычнай дзяржавай, якая паважае вяршэнства закона і стандарты Рады Еўропы ў галіне правоў чалавека», - адзначыла прэзідэнт ПАРЕ.

У гэты дзень у Страсбургу ў былога палітвязня і яго калег з FIDH адбылося яшчэ некалькі сустрэч на вышэйшым узроўні, у прыватнасці, з прэзідэнтам Еўрапейскага Парламента Марцінам Шульцам і Еўрапейскім камісарам у пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Штэфанам Фюле. Таксама Алесь Бяляцкі даў прэс-канферэнцыю ў Еўрапарламенце і інтэрв'ю EUobserver - незалежнаму інтэрнэт-выданню, якое асвятляе палітычныя падзеі ў Еўразвязе, а таксама актуальныя тэмы, звязаныя з правамі чалавека, праблемамі дэмакратызацыі ў ЕЗ ды інш.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках