ЗША і Францыя: Пуцін павінен заплаціць
29- 8.07.2014, 11:01
- 27,981
Дзве дзяржавы прыстрашылі Расею новымі санкцыямі.
ЗША і Францыя мяркуюць, што Расея павінна зрабіць дадатковыя крокі для дээскалацыі сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны, у адваротным выпадку яна сутыкнецца з новымі санкцыямі, заявіў Белы дом у ноч на аўторак.
У паведамленні ўдакладняецца, што падчас праведзенай тэлефоннай размовы прэзідэнты Барак Абама і Франсуа Аланд пагадзіліся, што Расея "павінна будзе заплаціць дадатковы кошт, калі неадкладна не зробіць захады для дээскалацыі напружанасці" на Украіне.
Прэс-служба французскага прэзідэнта ў сваю чаргу ўдакладніла, што Абама і Аланд заклікалі Расею схіліць прадстаўнікоў усходу Украіны да дыялогу з Кіевам, а таксама ўзмацніць ахову расейска-ўкраінскай мяжы.
У той жа час у заявах прэс-службаў прэзідэнтаў не ўдакладняецца, ці ідзе гаворка аб пашырэнні другога этапу санкцый або аб увядзенні трэцяга этапу, які можа закрануць цэлыя сектара расейскай эканомікі, а не толькі асобных расейцаў ды кампаніі. У прыватнасці, не выключаецца ўвядзенне сектаральных санкцый супраць прадпрыемстваў расейскага энэргетычнага і вайскова-прамысловага комплексу, паведамляе Інтэрфакс.
У панядзелак, 7 ліпеня, паведамлялася аб пасяджэнні сталых прадстаўнікоў краін-чальцоў Еўразвязу, на якім таксама абмяркоўвалася магчымае пашырэнне санкцый супраць Расеі.
Прадстаўнікі абмеркавалі сітуацыю ў святле умоў, вылучаных лідэрамі ЕЗ на пасяджэнні Еўрапейскай Рады 27 чэрвеня. Вынік: прынятая прынцыповая пастанова пашырыць абмежавальныя меры.
Ужо ў сераду, 9 ліпеня, прадстаўнікі абмяркуюць канкрэтны спіс асобаў, якім можа быць забаронены ўезд у ЕЗ і чые актывы могуць быць замарожаныя.
Раней Еўразвяз у два этапы увёў візавыя і маёмасныя санкцыі ў дачыненні да шэрагу расейскіх чыноўнікаў і кампаній. Гэтая пастанова была звязаная з далучэннем Крыму да Расеі і з эскалацыяй канфлікту паміж апалчэнцамі на ўсходзе краіны і цэнтральнай уладай. Акрамя Еўразвязу шэраг санкцый у дачыненні да Расеі ўвялі, у прыватнасці, ЗША і Канада.
Фота: Ведомости