19 красавiка 2024, Пятніца, 12:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зона спакою з прыцэльным агнём

8
Зона спакою з прыцэльным агнём

Страляюць недзе там, далёка. А тут – цішыня. Таму што стабільнасць. Наша галоўнае дасягненне.

Свет зайздросціць нам. Беларусь – краіна, дзе не адбываецца нічога. Абломаўка ў цэнтры Еўропы. Навокал, куды ні зірні, кіпяць жарсці, незадаволенасць выходзіць з берагоў. Народ валтузіць сваю ўладу. Чагосьці патрабуе. Дамагаецца. Забастоўкі. Дэманстрацыі. Пікеты. Людзі імкнуцца кудысьці. Прагнуць усё перарабіць на лепшы лад. А тут грамадства спіць і бачыць шчаслівыя сны. Жыццё ўдалося.

А ўсё таму, што ў нашай краіне - самая лепшая ў свеце міліцыя. Яна разнастайная. Яе многа. Просты чалавек можа пачуваць сябе ў поўнай бяспецы. Сапраўды, куды ні зірні, убачыш знаёмую постаць з гумовым дручком. І гэта яшчэ далёка не ўсё. Ёсць жа таксама і ўнутраныя войскі. А яшчэ – магутная тутэйшая гэбушка. Сапраўды, бяспека – наша бясспрэчная адметнасць.

А таму не варта здзіўляцца здарэнню, якое адбылося каля Чырвонага касцёла ў Мінску. Людзі прыходзяць туды памаліцца за палітвязняў. Не аднойчы і не выпадкова. Бог – апошняя надзея. Палітвязняў даўно ўжо здалі і забылі. Засталася хіба толькі гэтая апошняя інстанцыя. Усе іншыя пройдзены безвынікова.

Дзень малітвы супадаў з тым самым днём, калі ў 1990 годзе Вярхоўны Савет абвесціў Дэкларацыю аб незалежнасці краіны. І прадпрымальнік Алесь Макаеў там, каля Чырвонага касцёла, узняў з гэтай нагоды бел-чырвона-белы сцяг.

Памаліліся. Павіншавалі адзін аднаго з вышэйзгаданай датай. Разышліся.

Толькі спадар Макаеў далёка адысці не паспеў. Затрымала міліцыя. Далей – усё па звыклай схеме. Пастарунак. Пратакол. І скоры суд. Па двух артыкулах – непадпарадкаванне міліцыі і хулігаства. Далі пятнаццаць сутак. У невыносную спякоту прыстойнага чалавека – у смурод, у скоцтва, у камеру. Нельга парушаць мірны сон Абломаўкі.

Можна толькі здзіўляцца, да якога аўтаматызму даведзеная тут сістэма татальнага вышуку. У ёй завязаны ўсе службоўцы. І ўсе да апошняга вартавога выяўляюць пры гэтым неверагодны прафесіяналізм.

У тым жа Мінску недзе на бульвары Шаўчэнкі пенсіянер на ўласным балконе прымацаваў бел-чырвона-белы сцяг. Той самы, які Законам 19 верасня 1991 года быў абвешчаны дзяржаўным. Той сцяг, пад якім новаабраны кіраўнік гэтай дзяржавы прымаў прысягу. Да пенсіянера, які ў адрознене ад нязменнага кіраўніка, павагу да гэтай рэліквіі не страціў, завіталі міліцыянты. Сцяг сарвалі. Парушальніка абломаўскага спакою даставілі ў пастарунак. Там сталага чалавека моцна збілі.

Гэта яшчэ што! Быў дзень, сцяг было відаць здалёк. А вось калісьці ў Стоўбцах юнак на нейкім плоце напісаў два словы: “Жыве Беларусь!” Не разумеў той хлопец, што тут аналітыкі вышэй за Пінкертона. Вінаватага вылічылі. Схапілі. Аддалі пад суд. А як жа – высокі міліцэйскі прафесіяналізм!

Менавіта гэту якасць сваіх службоўцаў збіралася, напэўна ж, прадэманстраваць грамадству гарадзенская аўтаінспекцыя, выклаўшы на сайтах відэа чарговага здарэння на дарогах. І яно сапраўды вартае ўвагі.

Недзе каля Зэльвы пьяны сеў за руль седлавога цягача, нагружанага пад завязку легкавымі аўтамабілямі. Выязджаючы са стаянкі, пашкодзіў нейчае аўто. Зразумела, прыцягнуў увагу рацараў дарог. На іх патрабаванні спыніцца ўвагі не звяртаў. Гнаў, як апантаны, на Баранавічы. Пашкодзіў яшчэ дзве машыны на перагружанай шашы.

Пагоня ішла следам. І старэйшы па камандзе аддаў загад страляць. Дарожны інцыдэнт набываў маштаб катастрофы. Сапраўдны дэтэктыў.

Агонь па паліўнаму баку. Па колах. Уцякач не слухае нікога, ідзе на прарыў.

У кадры Баранавічы, гарадская ўскраіна. Патрульная машына імчыць па сустрэчнай паласе. Кідаюцца ўбок аўтамабілі. Нейкім цудам паспеў ухіліцца ад сутыкнення зялёны аўтобус з прыцэпам.

І вось яна, развязка. Парушальнік спыніуся. Як пішуць на тых сайтах, не таму, што прастрэлілі колы. Проста з прабітага бака выцекла паліва. Калі не лічыць трох пабітых машын, усё скончылася шчасліва. Не давялося нават ствараць жывы шчыт, як тое было ў нас раней. Героі тутэйшых дарог няйначай будуць чакаць залужанай узнароды. Магчыма, так усё і будзе – не жарты, спынілі непаслухмянага п’янтоса.

Дзіўна, але гэта відэа да драбніц нагадвае адпаведны эпізод з фільма “Шырлі-мырлі”. Гэтак жа зацята машына міліцыі пераследвала злачынцу, які ўцякаў на трамваі. І тады старэйшы па камандзе загадаў падначаленаму: “Страляй па колах!”

Але ж там – камедыя. Па сутнасці, фарс. А тут – сапраўдная драма. Гэта цуд, што куля нікога не зачапіла. І паліва з прастрэленага бака не ўспыхнула на той дарозе. Усё абышлося.

Уражвае толькі неверагоднае разгільдзяйства. Праглядаючы тое відэа, людзі здзіўляюцца, чаму не быў спынены рух на дарозе? Чаму не паклалі шыпы на шляху парушальніка? Чаму ішлі па сустрэчнай паласе? І ўвогуле, няўжо акрамя незабыўнага жывога шчыта ў арсенале барацьбы з парушальнікамі так нічога і не з’явілася?

А ўвогуле, ці варта здзіўляцца? Прафесіяналізм у гэтай краіне заточаны у адзін бок - супраць тых, хто думае, піша, малюе, пратэстуе, не пагаджаецца з татальным дзікунствам. Калі б той цягач вёз наклад непажаданай кнігі, радыёапаратуру на Плошчу або кагосьці з ненавісным ім сцягам – тады мы ўбачылі б віртуозную аперацыю па затрыманні злосных парушальнікаў тутэйшага спакою. А так – “Шырлі-мырлі”

Заўсёды і паўсюдна. Да скону дзён гэтай злоснай і палахлівай улады.

Уладзімір Халіп, спецыяльна для charter97.org

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках