19 красавiка 2024, Пятніца, 7:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Апафегей у Менску

57
Апафегей у Менску

Андрэй Саннікаў пракамэнтаваў сустрэчу кіраўнікоў ЕЗ, Украіны і краін МС у Менску 26 жніўня.

Пра гэта лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» і кандыдат на пасаду прэзідэнта на выбарах 2010 года напісаў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук». Падаем тэкст камэнтара цалкам:

- Показка пра сустрэчу еўрапейскіх лідэраў, дэмакратычна абранага прэзідэнта Ўкраіны і звар'яцелага крамлёўскага агрэсара ў дыктатарскай Беларусі становіцца рэчаіснасцю.

На 26 жніўня ў Менску запланавана ўсё, што хочаце - Ялта, Мюнхэн, пакт Рыбэнтропа-Молатава, - толькі не ўмацаванне незалежнасці і дэмакратыі ва Украіне.

Само месца правядзення сустрэчы паміж Пуціным і Парашэнкам пры пасярэдніцтве ЕЗ выключае якія-небудзь станоўчыя ці нават канструктыўныя вынікі. Астатняя дыктатура ў Еўропе, якая да таго ж бязлітасна кідае людзей у турму за салідарнасць з Украінай і планамерна стварае вайсковы расейскі плацдарм для ўварвання ва Украіну і ў Еўропу - ідэальнае месца для закулісных дамоўленасцяў, легалізацыі тэрарыстаў, узгаднення бізнэс-схем, але толькі не для падтрымкі еўрапейскай Украіны.

Парадак дня ўсіх удзельнікаў гэтай сустрэчы празрысты і зразумелы.

Лукашэнку пачало шанцаваць, як злодзею-кішэнніку, і ён гэтым скарыстаецца напоўніцу.

Сыходзячы, Эштан будзе спрабаваць урэгуляваць стасункі еўрапейскага бізнэсу з расейскімі алігархамі.

Назарбаеву адведзеная роля статыста, але ён паспрабуе знайсці для сябе эканамічныя выгады. Хаця, бай у ролі статыста - на гэта будзе цікава паглядзець.

Парашэнка спяшаецца скарыстацца сваёй легітымнасцю для наладжвання стасункаў з Пуціным. Для чаго - гэта хай украінскія экспэрты тлумачаць. У кожным выпадку фармальная сустрэча з агрэсарам азначае прызнанне агрэсіі, не кажучы ўжо аб анэксіі Крыма.

Пуцін прыедзе пераможцам. Аб такім падарунку з боку Украіны і ЕЗ ён і не марыў. Значыць, Гёбэльс меў рацыю: хлусня - найбольш дзейсны спосаб дамагчыся свайго? Ды і прытухлая ідэйка з канвоем спрацавала. Усе падмануліся з канвоем і не перашкаджалі перакідваць ва Украіну бранятэхніку. Гэтым падарункам ён распарадзіцца як трэба, не публічна, а таемна, як вучылі. Мэта - плацдарм на ўсходзе Украіны для працягу наступу на Еўропу.

Прагнозы: закулісныя дамоўленасці аб федэралізацыі Украіны як умова нармалізацыі гандлёвых стасункаў, то бок аб здачы ўсходняй Украіны для далейшага прасоўвання «Расейскага свету» ў Еўропу.

Прыкмета дасягнення мэты: скасаванне ў Расеі эмбарга на еўрапейскія харчовыя тавары пасля сустрэчы ў Менску.

І ўсё ж я веру ва Украіну, у мудрасць яе народа і ў ідэалы Майдана.

Напісаць каментар 57

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках