19 красавiка 2024, Пятніца, 9:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новая зямля Катара пад Менскам

60

Падрабязнасці скандальнай угоды Лукашэнкі.

Дуброўскае вадасховішча, размешчанае ў трыкутніку вёсак Дуброва-Прылепы-Губічы, стала аб'ектам пільнай увагі пасля таго як Лукашэнка падарыў там катарцам надзел зямлі коштам у 1 млн даляраў. «Салідарнасць» высвятляла, што ў ім асаблівага.

- Калі нам з мужам перадалі дом і надзел пасля смерці маіх бацькоў, жонцы на працы сказалі: «А ці ты не сваяк Лукашэнкі часам?» - дзеліцца адная з гаспадынь у вёсцы Дубрава. - Тут, ля дарогі, домікі сціплыя. А на горцы каго толькі няма: і суддзі, і пракуроры, і чыноўнікі, і КВЗэншчыкі гэты - Вадзім Галыгін.

Каб праверыць словы мясцовай жыхаркі - далёка хадзіць не трэба. Сярод дрэў на гары схаваліся шыкоўныя камяніцы, да якіх вядуць асобныя пад'язныя дарогі.

- З вадой былі праблемы (калонка зламалася), дык сусед наважыў капаць свідравіну. Мы прапанавалі яму - давай разам пракапаем, і выдаткі падзелім. Ён сказаў, што грошай у яго выстарчыць, і пакінуў нам праход да калодзежа, - распавядае яшчэ адзін жыхар Дубравы.

Папулярнасць берагоў вадасховішча ў заможных менчукоў цалкам зразумелая. Ад Менска нейкіх 20 кіламетраў; да Раўбіч з іх інфраструктурай - рукой падаць. А месцы настолькі прыгожыя, што захоплівае дух.

Гуляючы ўздоўж берага, погляд увесь час натыкаецца або на чарговы пасёлак лецішчаў з заможнымі катэджамі, або на будоўлю чарговага «пасёлка».

- Дуброўскае вадасховішча арандуе ПУП «Азярыцкі-Агра». Яны тут усё і будуюць, - распавёў адзін з будаўнікоў будучага катэджнага пасёлку «Дуброўскі квартал». - А праз вадасховішча - на тым баку - будуюць жылы комплекс «Азёрны гольф-клуб».

Праз поле ўпіраешся ў невялікі пралесак, за якім вадасховішчы выцягваецца, нібы рэчышча ракі. Бераг аблюбаваны рыбакамі і мясцовымі жыхарамі. На процілеглым беразе тэрыторыя, перададзеная катарцам.

Можна толькі здагадвацца, якія відарысы будуць адкрывацца гасцям з Катара з іх уласных паляўнічых угоддзяў. Няўзброеным вокам відаць дарога, што аточвае падораную тэрыторыю. Выдатна відаць яе і на картах Гугла.

Ужо цяпер на берагах вадасховішча практычна немагчыма адпачыць бясплатна. ПУП «Азярыцкі-Агра», які, мяркуючы з інфармацыі на афіцыйным сайце, з'яўляецца даччыным прадпрыемствам ААТ «Белаграпрамбанк», актыўна добраўладкоўвае прыбярэжныя тэрыторыі і ўстанаўлівае плату за адпачынак і рыбалку. Мінімальны кошт месца для адпачынку - 20 тысяч беларускіх рублёў.

- Па выходных тут не праштурхнуцца - столькі менчукоў, - кажа кантралёр на ўездзе ў адную з зон адпачынку. - Некалькі тысяч прыязджае. Пакуль яшчэ можна на беразе знайсці месца для адпачынку бясплатна, хоць бы ўздоўж дарогі. Але хутка ўсе яны стануць платнымі: і для адпачывальнікаў, і для рыбакоў.

Шлях уздоўж берагоў вадасховішча не перастае здзіўляць маляўнічымі краявідамі. Сенакос змяняе поле, а ля вады растуць дзікія яблыні.

- Пакуль яшчэ ёсць месцы, дзе можна адпачыць, выкупацца, палавіць рыбу... Але так, каб рабіць гэта бясплатна, - хутка давядзецца хавацца ў кустах, - наракае адзін з жыхароў вёскі Прылепы. - Разарвалі ўсё на кавалкі. З аднаго боку, можа і добра, што бераг добраўпарадкаваны. З іншага, парканаў столькі, што да вады не падыдзеш.

Напісаць каментар 60

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках