28 сакавiка 2024, Чацвер, 11:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Калі Захад не спыніць Пуціна, ён увойдзе ў Польшчу

33
Калі Захад не спыніць Пуціна, ён увойдзе ў Польшчу

Украінскі канфлікт не мае пэрспэктыў хуткага заканчэння.

«Пакуль няма звестак пра тое, што расейскія самалёты з дня на дзень пачнуць бамбаванні польскіх гарадоў, аднак узровень пагрозы ўсё расце», - папярэджвае у інтэрв'ю газэце Polska палітык Павел Коваль (Paweł Kowal), які заклікае NATO абнавіць планы абароны краін-чальцоў альянсу, а таксама надаць дзейсную падтрымку Кіеву, піша Иносми.ру. Міжнародная супольнасць зацікаўлена ў еўраінтэграцыі Украіны і стабілізацыі сітуацыі на яе тэрыторыі, бо толькі гэта можа спыніць вялікадзяржаўныя дамаганні Крамля, мяркуе Коваль.

Кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы Станіслаў Казей (Stanisław Koziej) у гутарцы з Gazeta Wyborcza негатыўна ацэньвае палітыку Расеі ў дачыненні да Украіны, аднак выключае магчымасць таго, што расейскае кіраўніцтва прыме пастанову ўступіць у гэтай краіне ў адкрыты ўзброены канфлікт або ў пэрспэктыве нанесці ўдар па адной з краін NATO. Нягледзячы на гэта, экспэрт уважае за патрэбнае, каб у гэтым становішчы сілы Альянсу знаходзіліся паблізу ад яго ўсходніх межаў - у Польшчы і краінах Балтыі.

Не бачыць пэрспэктыў хуткага заканчэння ўкраінскага канфлікту філосаф Марцін Круль (Marcin Król), які таксама ускладае адказнасць за яго эскалацыю на Маскву. Экспэрт сумняваецца ў імавернасці новага перакройвання межаў ва Усходняй Еўропе, аднак выказвае боязь, што працяглыя ваенныя дзеянні могуць забраць яшчэ шмат жыццяў, у тым ліку заходніх грамадзян. Разважанні заканчваюцца высновай, што дзеянні Расеі прымусілі Захад перагледзець герархію важных для сябе сфэр, якія падпалі пад дэфармацыю пасля заканчэння халоднай вайны, і на першае месца ў ёй зноў высунуцца ўзбраенні, шпаркасць рэакцыі пры адбіцці пагроз і да таго падобныя тэмы.

У больш пэсімістычным тоне выказаўся Nasz Dziennik (20.08). Пуцін плануе інтэнсіфікацыю вайсковых дзеянняў на Украіне, працягваючы сваю жорсткую ваенную стратэгію, адпрацаваную ў Чачні, і калі Захад не здолее яго спыніць, ён увойдзе ў Польшчу. Кровапраліцця можна было б унікнуць, віной усяму пасіўнасць заходніх лідэраў, што занадта доўга верылі ў добрыя намеры расейскага прэзідэнта, якога не напалохалі іхнія пустыя пагрозы і слабыя санкцыі, падрахоўвае вынік аўтар камэнтара.

Маскве нявыгадна акупаваць частку Польшчы ці Прыбалтыкі

«Расейцам было б параўнальна лёгка захапіць частку нашай тэрыторыі, але ім было б значна складаней там утрымацца. Маскве нявыгадна акупаваць частку Польшчы ці Прыбалтыкі - бо гэта б азначала вайну з NATO і разрыў стасункаў з Захадам ва ўсіх сфэрах, што, у сваю чаргу, прычынілася б да занадта вялікіх страт для Крамля», - такое меркаванне выказаў генэрал Раман Полька (Roman Polko) у інтэрв'ю штотыднёвіку Do Rzeczy. Ён называе Расею непрадказальнай і небяспечнай дзяржавай, якая за апошнія месяцы прадэманстравала ўсяму свету сваё сапраўднае аблічча, і на агрэсію якой Захад дагэтуль не даў адэкватнага адказу (у прыватнасці ў выглядзе шырокамаштабных вайсковых вучэнняў Паўночнаатлантычнага Альянсу).

Сустаршыня Польска-расейскай групы складаных пытанняў Адам Ротфэльд (Adam Rotfeld) у Gazeta Wyborcza кажа пра тое, што стратэгія застрашвання была дзейснай у эпоху халоднай вайны і далей застаецца дзейснай у нашы дні, і таму свет не асуджаны на развязванне вайны з удзелам вайсковых патэнцыялаў найбуйнейшых сусветных дзяржаў.

Аднак іскра для распальвання сусветнага канфлікту можа хавацца ў лакальных, гібрыдных і асімэтрычных канфліктах, якія выкарыстоўваюць у палітычных мэтах. Прэзідэнт Уладзімір Пуцін не адмовіцца ад сваёй стратэгіі і будзе імкнуцца вярнуць Расеі статус звышдзяржавы, аднак элемэнты ўзброенай канфрантацыі адыдуць на другі план, а на першы выйдуць элемэнты эканамічнага і энэргетычнага ціску на Кіеў, падкрэслівае Ротфэльд.

Rzeczpospolita бачыць асноўную крыніцу пагрозы ў Калінінградскай вобласці. Польска-расейскі праект малога памежнага руху варта прыпыніць, бо мяжа паміж эксклавам і паўночна-ўсходнімі рэгіёнамі Польшчы сталася фактычна адкрытай. Масква ніколі не імкнулася да наладжвання па-сапраўднаму добрасуседскіх стасункаў, тым больш бессэнсоўна казаць пра іх сёння ці сілкаваць надзеі, што праграмы польскіх НКА могуць спрыяць лібэралізацыі і дэмакратызацыі.

Фіяскам назвалі СМІ праведзеную 17 жніўня бэрлінскую сустрэчу міністраў замежных спраў Расеі, Нямеччыны, Францыі і Украіны. Асабліва актыўна абмяркоўвалася адсутнасць на ёй кіраўніка польскай дыпламатыі Радаслава Сікорскага (Radosław Sikorski).

Парыж і Бэрлін не схацелі, каб польскі «ястраб» перашкодзіў перамовам, ці спалохаліся пагроз Масквы, што не жадае размаўляць з кіраўніком МЗС Польшчы, мяркуе Gazeta Wyborcza. Публіцыст газэты выказвае спадзяванне, што чарговыя туры перамоў дазволяць развеяць асцярогі грамадскасці, што Францыя і Нямеччына рыхтуюць з Масквой таемную ўмову, адмовіўшыся ад інтарэсаў Украіны і «новай» Еўропы. Нямецкая старана павінна, нарэшце, усвядоміць, што «вяртання да часоў, калі мы ў Еўропе ўспрымалі Расею як годнага даверу партнёра, не будзе. Варта рыхтавацца да доўгай і сібернай зімы», - высноўвае ён.

Былы кіраўнік міністэрства абароны Польшчы Януш Анышкевіч (Janusz Onyszkiewicz) у інтэрв'ю парталу Wirtualna Polska таксама падкрэслівае патрэбу выпрацоўкі салідарнай еўрапейскай пазіцыі ў перамоўным працэсе з Расеяй, падкрэсліваючы, што дасягненне кампрамісу на лініі Масква - Кіеў будзе складаным, бо Крэмль «не зацікаўлены ва ўрэгуляванні крызісу і вяртанні поўнага суверэнітэту Украіны ў яе ўсходніх рэгіёнах».

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках