29 сакавiка 2024, Пятніца, 1:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На Беларусь ідзе ліўневы шторм

17
На Беларусь ідзе ліўневы шторм

Абвешчаны аранжавы ўзровень небяспекі.

Клімат у краіне, даўно кажуць спецыялісты, мяняецца не ў лепшы бок, і колькасць неспрыяльных з'яў з году ў год павялічваецца, піша БелаПАН.

Паводле звестак гідраметэацэнтра, удзень 21 жніўня (чацвер) на большай частцы тэрыторыі Беларусі чакаюцца навальніцы, месцамі - моцныя залевы, пры навальніцах у асобных раёнах шквалістае ўзмацненне ветру парывамі да 15-20 м/с. У Менску таксама чакаецца навальніца, месцамі ў горадзе - залевы.

Як паведаміў начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Дзмітрый Рабаў, спёка ў жніўні ўжо не вернецца. Будзе стаяць сярэдняе цёплае надвор'е, характэрнае для другой паловы жніўня.

«Мы не можам паўплываць на надвор'е, але ў сілах даць папярэджанне аб неспрыяльных з'явах, - адзначыў Рабаў. - І заклікаем рыхтавацца да іх загадзя, гэта значыць рабіць адпаведныя захады. Напрыклад, позна лезці на дах, каб рамантаваць яго, калі моцны лівень і вецер».

Не варта спадзявацца, што шаленства прыроды будзе абыходзіць Беларусь бокам. Наадварот, аналіз зменаў клімату паказвае, што небяспечныя з'явы пачашчаюцца, сцвярджае дырэктар дэпартамента гідраметэаралогіі Мінпрыроды Беларусі Марыя Гермянчук. Паводле звестак Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі, колькасць небяспечных метэаралагічных з'яў на планеце агулам толькі ўзрастае, што звязана з глабальным змяненнем клімату. Гэта ўжо прывяло не толькі да павелічэння сярэднегадавой тэмпературы на 1,1 градуса, але і да з'яўлення нетыповых раней для Беларусі з'яў.

Напрыклад, у гэтым годзе ўпершыню за 25 гадоў зарэгістраваны такі працяглы цёплы перыяд. Агракліматычныя зоны ў выніку зрушыліся прыкладна на 100 кіламетраў з поўначы Украіны на поўдзень Беларусі. У гэтым, вядома, ёсць і станоўчыя моманты: з'яўляецца магчымасць вырошчваць цеплалюбівыя культуры, павялічваецца перыяд вегетацыі раслін, скарачаецца ацяпляльны сезон.

Зімы ў Беларусі сталі мякчэйшымі, не такія снежныя. Хаўер, які засыпаў краіну снегам, - хутчэй вынятак, кажа Рабаў. Самая нізкая тэмпература (-40°С) была зафіксаваная апошні раз у 1942 годзе.

Скарачаецца вясновы сезон: «Мы ўжо забыліся пра капяжы, з другой паловы красавіка стаіць практычна чэрвеньскае надвор'е. Лета ў Беларусі ўсё больш набывае рысы трапічнага клімату, калі цёпла і вільготна. Калі ідзе дождж, то абавязкова лівень. Агулам павялічылася колькасць дзён з градам, ліўнем. А насельніцтва, высвятляецца, не гатовае да затапленняў».

Паводле звестак Сусветнага банка (які, апроч іншага, ацэньвае і страты, якія чыняць прыродныя з'явы), Беларусь трапляе ў краіну даволі высокай - 585 балаў - метэаралагічнай уразлівасці. Гэта другі ўзровень з пяці існых.

«Мы будзем назіраць, як змяняецца гэты паказнік у залежнасці ад таго, як будуць мяняцца кліматычныя паказнікі. Гэтыя змены ідуць вельмі павольна, але ўжо сёння мы даем сабе справаздачу, што нашая сітуацыя досыць складаная», - падкрэслівае Марыя Гермянчук.

Са слоў Дзмітрыя Рабава, у Беларусі штогод назіраецца ад 9 да 30 небяспечных з'яў надвор'я, якія чыняць шкоду эканоміцы. Гэта моцныя снегапады, ліўні, град, навальніцы. Асабліва ўразлівыя такія сферы эканомікі, як ЖКГ, транспарт, энэргетыка.

Яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму ўявіць ліўні, якія здарыліся ў Менску 12 і 14 жніўня, калі спыніўся транспарт, а МНС эвакуяавала людзей з транспарту, было немагчыма.

Цяпер жа яны паўтараюцца ледзь не кожнае лета.

Здараюцца нават смерчы. Апошні раз метэаслужба фіксавала смерч у чэрвені 2009 года ў раёне Чачэрска (Гомельская вобласць). Тады ў Буда-Кашалёўскім і Чачэрскім раёнах хуткасць ветру перасягнула 25 метраў у секунду.

У ліпені-жніўні 2010 года вецер ураганнай сілы ламаў масівы стогадовых хвояў, як свечкі. Ад урагану пацярпела больш за 2,5 тысяч гектараў лесу. У выніку моцнага ветру 28 ліпеня 169 населеных пунктаў Гомельскай вобласці былі абясточаныя.

Беларусь абышлі прыродныя катаклізмы, у выніку якіх масава гінуць людзі, аднак смерць у выніку ўдару маланкі не рэдкасць. А ўлетку 2004 года, калі ў Менску выпала амаль палова месячнай нормы ападкаў і таксама былі затопленыя вуліцы, падвалы, склады, загінуў малады мужчына. Ён не змог выбрацца са складскога памяшкання, размешчанага ў залітым вадой паўпадвальным паверсе.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках