29 сакавiка 2024, Пятніца, 10:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Няўзораў: 88% адсоткаў расейцаў пазбаўленыя патрэбы думаць

78
Аляксандр Няўзораў: 88% адсоткаў расейцаў пазбаўленыя патрэбы думаць

Прагляд навін у РФ ператварыўся ў грамадзянскі абрад, стаў найважнейшай часткай пячорна-чарнасоценнага культу.

Пра гэта ў сваім блогу на сайце «Сноб» піша вядомы журналіст Аляксандр Няўзораў. Падаем тэкст ягонага артыкула цалкам:

- Вывучэнне жыцця праз навіны СМІ - гэта спроба вызначыць гатунак пармезану праз смак кала таго, хто гэты пармезан з’еў.

Відаць, гэта няпросты, але займальны працэс. Мы чуем, як насельніцтва РФ усё гучней чвякае навінамі, спазнаючы таямніцы вайны і міру. Яно так захапілася дэгустацыяй, што спрэс забыла аб сваёй першапачатковай задачы. Гэта значыць, аб сваёй спробе ўсё ж даведацца пра гатунак пармезану.

Прагляд навін у РФ ператварыўся ў грамадзянскі абрад, стаў найважнейшай часткай пячорна-чарнасоценнага культу. Перажаванасць інфармацыі, яе апрацоўка кіслінамі і страўнікавымі сокамі ідэалогіі, яе падарожжа па пакручастым кішачніку СМІ ўжо не граюць аніякай ролі. Прадукт выдатна спажываецца і карыстаецца вялікай папулярнасцю.

Да таго ж масмедыі Расеі навучыліся напаўняць яго газамі чыстай духоўнасці. Гэта надае моманту выхаду прадукту да спажыўца характэрную, лёгка пазнавальную гучнасць.

У гэтай метафары няма ні драматызацыі, ні перабольшвання. Выраб медыяпрадукту і не можа быць іншым, чым гэта прапісана ў «трэцім законе» прафэсара Гітлера. (Так-так, таго самага. Акрамя ўсяго іншага, Гітлер, зразумела, быў ганаровым прафэсарам дзевяці ўніверсітэтаў толькі ў адной Нямеччыне). Трэці закон абвяшчае: «Усякая прапаганда павінна быць даступная для масы: яе ўзровень павінен грунтавацца на меры разумення, уласцівай самым адсталым індывідам з ліку тых, на каго яна хоча ўздзейнічаць. Чым да большай колькасці людзей звяртаецца прапаганда, тым элемэнтарнейшым павінен быць яе ідэйны ўзровень» (А. Гітлер. Мая барацьба).

Усе СМІ ва ўсім свеце (у той ці іншай ступені) пільнуюцца гэтага закону. Асабліва ў складаныя часы. Калі рэйтынг навін надзвычай высокі, то гэта азначае, што «дно тупасці» ужо дасягнутае. Бо публіка любіць адназначнасць. Асабліва расейская. Яна ўмее быць удзячнай таму, хто пазбаўляе яе ад гідкай патрэбы думаць. Ужо пазбаўлена пад 88%, і гэтая лічба ўсё расце. Віртуальны пячорна-чарнасоценны свет стаўся для іх вельмі ўтульнай мясцінкай.

Ва ўсім гэтым няма ніякай трагедыі і ніякага замаху на асобу. Бо калі светапогляд чалавека сфармаваны тэлевізарам, гэта значыць, што яго ніколі ў яго і не было.

Вядома, усё гэта перашкаджае насельніцтву ўсведамляць рэчаіснасць, але яна цікавіць народ прыкладна гэтак жа, як смак пармезану. Гэта значыць, наогул ніяк. Больш за тое, рэчаіснасць самой сваёй прыродай рэч русафобская і антыдзяржаўная. Ёй і не павінна быць месца ў Расеі, а непамяркоўнасць да яе павінна стаць абавязковай рысай сапраўднага патрыёта.

Бянтэжыць толькі тое, што яшчэ не ўсюды і не ва ўсім над ёй здабытая перамога. Да прыкладу, у пытанні аб абсалютнай самабытнасці і ўнікальнасці «расейскага свету», «расейскай цывілізацыі» сяды-тады высунецца брыдкі лыч рэчаіснасці, здольны папсаваць усю прыгажосць патрыятычнай выявы.

Канкуруючы ў папулярнасці з «Крымнашам», пячорны кліч «Расея не Еўропа!» гучыць не так прыгожа, як мог бы. А ўсё таму, што рэчаіснасць пакуль яшчэ важыцца пра сябе нагадваць (рознымі спосабамі).

Як вядома, у ідэалогіі «самабытнай і непаўторнай расейскай цывілізацыі» існуе невялікая праблема. Што-небудзь «расейскае» (у чарнасоценным сэнсе гэтага слова) выявіць у грамадскіх краявідах практычна нерэальна. Абсалютна ўсё, з чаго вытканае сучаснае жыццё РФ, мае суздром заходняе паходжанне. І ніякага іншага. Другаснае і запазычанае ўсё, без вынятку.

Уключаючы, дарэчы, і культуру. І «Яўгеній Анегін», і «Анна Карэніна» - прадукты «ліцэнзійныя», вырабленыя паводле тых заходніх літаратурных тэхналогіяй, якія Еўропа выпрацоўвала некалькі стагоддзяў.

Расея не мела ні найменшага ўяўлення нават пра існаванне рыфмаў. Еўропа шліфавала формы паэм, раманаў і сімфоній, яна ж задавала іх стылістыку і дызайн. Так што «расейскага» у «Яўгенія Анегіна» не больш, чым у «Форд-Фокуса», сабранага ва Усеваложску. (Пацешна было б паглядзець на гэты твор, выкананы ў старажытнаправаслаўнай стылістыцы «Четьих миней» або «Актоіха».)

Паводле еўрапейскіх жа тэхналогіяй стваралася і ўсё астатняе. Нагадаем, што нават Крэмль і ягоныя цэрквы пабудаваныя італійцамі. А нацыянальны сімвал «матрошка» - гэта нават не Еўропа, а просты плагіят з японскай цацкі таўсматага бога Фукуракодзю, які меў мноства існасцяў, якія можна было выняць адну з аднае.

Не лепш і з духоўнасцю. У асноўным прадукце СМІ яе ўтрыманне, вядома, вельмі высокае. Але ў рэальнасці праваслаўная ідэя абяскроўленая і гніе. Збольшага гэта адбываецца з цалкам аб'ектыўных прычын, збольшага праз украінскую хібу Гундзяева. Тры гады Гундзяеў біў сябе кулакамі ў пыльныя грудзі, ачмураючы Крэмль апавяданнямі пра неймаверныя адгезійныя ўласцівасці праваслаўя, здольнага так зляпіць між сабой народы, што ніякая «сусветная закуліса» парваць гэтую повязь не здалее. Ён гарантаваў, што менавіта «духоўны складнік» утрымае Украіну ў поўным падначаленні і пакоры Маскве. Для поспеху апэрацыі патрабавалася зусім няшмат: увесці ва «ўкраінскі план» магутны рэлігійны складнік, змайстраваць паўдзясятка набожных герояў, а таксама перадаць РПЦ пару тысяч аб'ектаў нерухомасці.

Крэмль, што не вызначаецца асаблівым інтэлектам, лёгка падашукаўся - і падставіў пад локшыну вушы, зрабіўшы ва ўкраінскай гульні вялікую стаўку на праваслаўны супэрклей. Рэлігійны складнік добра разагрэлі і глыбока «ўвялі» публіцы. Нерухомасць перадалі. «Пыльны» асабіста выдаткаваў месяц на чытанне замоў і ў выніку зачараваў трох панылых вайсковых рапух у «старарасейскіх герояў», якія неадкладна былі ўкінутыя ў гульню.

Вынік, як мы ведаем, выйшаў вельмі ўражальны. Праваслаўныя фанатыкі - дзеля праваслаўя і адзінства «расейскага свету» - пачалі нудна і няўмела забіваць праваслаўных жаўнераў праваслаўнай Украіны, хаваючыся ад іх праваслаўных мінамётаў за спінамі праваслаўных гандляроў агрэстам і такіх жа праваслаўных шахцёрскіх дачок. У выніку такой невераемнай канцэнтрацыі праваслаўя і духоўнасці бессэнсоўна загінула некалькі тысяч чалавек, быў распляжаны і раскрадзены паўднёвы ўсход Украіны, а Расея абняслаўленая.

Гульня скончылася, бо сітуацыя набыла ўсе прыкметы бруднага і ўнікальна бессэнсоўнага скандалу. Няма сумневу, што ў ступені бязмэтнасці і непатрэбнасці нікому наогул (у тым ліку ўсім яго ўдзельнікам і завадатарам) «данбаскаму скандалу» забяспечанае мясцінка ў Кнізе рэкордаў Гінэса.

«Праведныя прынцы Наваросіі» раптам пабраліся бародаўкамі, зноў ператварыліся ў маскоўскіх рапух і паскакалі прэч у краіну сталага бытавання.

Іншымі словамі, праваслаўны чыннік не спрацаваў роўна на 100%. У канцы траўня адбылася вельмі непрыемная размова, пасля якой «Пыльны» пайшоў з Крамля, усхліпваючы і засланяючы вялікі сіняк.

Калі «Крымнаш» хаця б дазволіў РФ ненадоўга ўздыбіць тры валасіны, якія засталіся ад вялікадзяржаўнай воўны, то «праект Наваросіі» выявіўся хімічна чыстым маразмам, якія не маюць наогул ніякага тлумачэння, ніякай мэты і ніякай выяўнай рэцэптуры яго заканчэння.

Публіка, дарэчы, пачала відавочна пазяхаць і перамыкацца.

Гэта сігнал аб тым, што бліжэйшым часам Расеі давядзецца паспытаць новую ідэалагічную страву. Смак яе будзе, ведама ж, крыху іншы, але вельмі знаёмы.

Напісаць каментар 78

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках