18 красавiка 2024, Чацвер, 19:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вяскоўцы з віламі і сякерамі абараняюць свіней ад ветінспэкцыі

72
Вяскоўцы з віламі і сякерамі абараняюць свіней ад ветінспэкцыі

У Светлагорскім раёне - новыя пратэсты супраць дзеянняў у барацьбе з АЧС.

Як паведаміла БелаПАН адна з жыхарак вёскі Яланы, па хатах хадзілі прадстаўнікі ветэрынарнай службы з міліцыяй і раздавалі людзям прадпісанні, цікавіліся наяўнасцю ў іх свіней. «Праўды нам ніхто не кажа - ёсць афрыканская чума або няма яе. Толькі загадваюць - знішчыце свіней, пагражаюць штрафамі. Яны так абараняюць дапаможную гаспадарку «Беларуснафты», якая размешчаная непадалёк. Але дапаможная гаспадарка сваім работнікам свініну прадае за 44 тысячы за кілаграм, але гэта толькі для сваіх рабочых, а нам трэба за 70 тысяч купляць у краме! Хай бы нам прадавалі свініну за 44 тысячы, а так толькі загадваюць забіць свіней, а як жыць?» - заявіла мясцовая жыхарка.

Галоўны ветэрынарны лекар Светлагорскага раёна Сяргей Гаравы нагадаў пра пастанову №758 Савета міністраў ад 28 жніўня 2013 года, якой забараняецца ўтрыманне свіней на прыватных падворках у пяцікіламэтровай буфернай зоне свінакомплексаў. Са слоў ветлекара, Яланы і Хутар патрапілі ў такую зону, бо побач з вёскамі размяшчаецца дапаможная сельская гаспадарка Светлагорскага аграпрамысловага дэпартамэнта «Беларуснафты».

Пры гэтым ветлекар сцвярджае, што асяродку АЧС у раёне няма. «Калі б быў асяродак - у радыюсе дваццаці кіламетраў было б выманне пагалоўя. Канкрэтна афрыканскай чумы ў раёне няма, але калі будуць свіней трымаць - будзе. Мы і так падышлі лаяльна, далі тэрмін да 21-га. Бабулі самотныя, да прыкладу, чакаюць дзяцей, каб прыбраць пагалоўе. Ёсць такія людзі, якія просяць, а ёсць нахабныя - якія з сякерамі і віламі кідаюцца, падманваюць, што няма свіней», - адзначыў Гаравы. Да тых, хто падманвае ветэрынарную службу наконт адсутнасці свіней, са словах лекара, будуць ужывацца захады «аж да гвалтоўных».

«Бо гэта ідзе насуперак інтарэсам дзяржавы. У нас са свінінай скупавата, Расею трэба забяспечваць і гэтак далей паводле пагадненняў у рамках ЕўрАзЭС і СНД, мы павінны гэта рабіць - забяспечваць прадуктамі харчавання Расейскую Федэрацыю, адпраўляць прадукцыю на экспарт. Нам трэба зарабляць валюту», - патлумачыў Гаравы.

Ён выказаў меркаванне, што ў гэтым выпадку трэба грунтавацца не толькі на інтарэсах грамадзян, а на інтарэсах дзяржавы: «Насамперш яна нас корміць, а не адзін вясковец са сваёй свіннёй, якую ён заб'е і пакладзе ў халадзільнік дачцэ або сыну. У нас побач комплексы на 24 тысячы галоў, да прыкладу, «Золак-Агра», там тутэйшыя таксама прадпісанне варожа ўспрымаюць».

Год таму ў ліпені-жніўні жыхары шэрагу вёсак Светлагорскага раёна, якія трапілі ў буферную зону, ужо рабілі забой пагалоўя свіней на прыватных падворках. Тады былі знішчаныя блізу 800 свіней.

Улетку 2014 года скаргі вяскоўцаў на прадпісанні зліквідаваць пагалоўе свіней паступалі з вёсак Веткаўскага, Чачэрскага, Жлобінскага і Светлагорскага раёнаў. Разам з тым, ветэрынарныя службы гэтых раёнаў сцвярджаюць, што дыягназ АЧС у загінулых жывёлін не пацвярджаецца, а загады знішчыць пагалоўе - гэта захады прафілактычнага характару.

Архіўнае фота pruzhany.net

Напісаць каментар 72

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках