25 красавiка 2024, Чацвер, 5:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэпутатка Еўрапарламента: Лукашэнка не можа быць «мадэратарам» канфлікту

8
Дэпутатка Еўрапарламента: Лукашэнка не можа быць «мадэратарам» канфлікту

Дэпутатка Еўрапарламента Рэбека Хармс не верыць у пасрэдніцкія магчымасці беларускага дыктатара.

Сустаршыня групы "зялёных" у Еўрапейскім парламенце Рэбека Хармс (Нямеччына) сумняваецца ў тым, што Лукашэнку атрымаецца быць мадэратарам ў канфлікце паміж Украінай і Расеяй.

"Я зусім не перакананая, што Лукашэнка ў Менску можа быць мадэратарам канфлікту", - сказала яна ў эксклюзіўным каментары агенцтву "Інтэрфакс-Украіна".

Пры гэтым дэпутатка адзначыла, што ЕЗ, які павінен падтрымліваць Украіну, павінен вельмі акуратна падыходзіць да выбару сваіх прадстаўнікоў на перамовах з расейскімі калегамі.

"Да сёння я не бачу прымальных прычын, паводле якіх міністр замежных спраў Францыі Ларан Фабіюс мог бы прысутнічаць на такіх перамовах. Фабіюс прадстаўляе скандальную ўгоду з "Містраль", прадстаўляе краіну, гатовую даць стратэгічную зброю Расеі і навучыць расейскіх жаўнераў выкарыстоўваць гэтую зброю", - сказала Хармс.

Яна таксама выказала перакананасць у тым, што ўдзел у перамовах міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага, наадварот, павінен усяляк вітацца.

"Нямеччына адная ніколі не здолее весці перамовы з Расеяй", - сказала лідэрка групы "зялёных".

На яе думку, хутчэй за ўсё, для перамоў было б дарэчы выкарыстоўваць фармат кансультацый у Жэневе.

Дэпутатка адзначыла, што засмучаная дыскусіямі, якія прадаўжаюцца на Захадзе ў дачыненні да "гуманітарнага канвою" з Расеі, падкрэсліўшы, што з Масквы дагэтуль пастаўляецца зброя для так званай "Навароссіі".

"Гуманітарная дапамога патрэбная, але лепшай ідэяй для гэтага было б спыненне агню і стварэнне гуманітарных калідораў пад эгідай АБСЕ і Міжнароднага чырвонага крыжа", - сказала Хармс.

Яна таксама звярнула ўвагу на тое, што санкцыі, ужытыя Еўрапейскім Звязам у дачыненні да Расеі, ужо пачалі дзейнічаць, перш за ўсё ў сферы адтоку замежнага капіталу з краіны.

"Але самая важная ідэя санкцый у тым, каб ЕЗ паказваў сваё адзінства і не мог бы быць падзелены Уладзімірам Пуціным і яго асяроддзем", - сказала нямецкая дэпутатка Еўрапарламента.

Як паведамлялася, 26 жніўня ў Менску павінна адбыцца сустрэча паміж прадстаўнікамі ЕЗ, Украіны і еўразійскай "тройкі" для абмеркавання выкарыстання пагаднення аб асацыяцыі паміж Украінай і ЕЗ.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках