28 сакавiка 2024, Чацвер, 18:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Шматдзетная маці: Не хачу, каб дзеля мяне рабавалі бюджэтнікаў і прадпрымальнікаў

18
Шматдзетная маці: Не хачу, каб дзеля мяне рабавалі бюджэтнікаў і прадпрымальнікаў

Беларусы не вераць у тое, што грошы забяруць у міліцыі і аддадуць дзецям.

Лукашэнка чарговым разам паабяцаў палепшыць дэмаграфіючную сітуацыю і падтрымаць шматдзетныя сем'і. А як напраўду жывецца шматдзетным сем'ям у Беларусі? Чым рэальна дапамагае дзяржава і ці з'явяцца абяцаныя выплаты ў $10.000 за дзіця? Пра гэта рэдакцыя сайта charter97.org паразмаўляла з маці чатырох маленькіх дзяцей ва ўзросце ад двух да дзесяці гадоў Аленай.

- У вас чацвёра маленькіх дзяцей. Чым вам рэальна дапамагае дзяржава?

- Улічваючы эканамічную сітуацыю ў нашай краіне, шмат чаго чакаць не даводзіцца. Разлічваць на тое, што дыктатура пераразмяркуе бюджэт з мянтоў на карысць шматдзетных - гэта нерэальна. Але тым не менш, нашая дзяржава робіць нейкія крокі ў падтрымку шматдзетных. Напрыклад, 50% зніжкі на школьныя падручнікі, а таксама зніжка на харчаванне ў дзіцячых садках - гэта, напраўду, нямала. Калі б шматдзетных стала больш, нагрузка на дзяржаву і на сістэму адукацыі ў гэтым сэнсе б вырасла.

- Ці дапамагаюць вам пазашкольныя дзіцячыя арганізацыі, ці карыстаецеся вы іх ільготамі?

- Вельмі прыемна, што некаторыя прыватныя гурткі даюць сямейныя зніжкі шматдзетным ў выпадку, калі некалькі дзяцей ходзяць на заняткі разам. Мы ходзім у арт-групу «Беларусы», у дзіцячы цэнтр - і там нам даюць вельмі сур'ёзную зніжку, таму што мы водзім туды траіх дзяцей. Таксама вельмі прыемна, што мастацкія і музычныя школы для дзяцей з шматдзетных сем'яў бясплатныя. Гэта дазваляе дзяцей забраць з вуліцы, як гэта раней было, і вельмі добра, што гэта захавалася. Гэта значыць, не ўсё дрэнна.

- У нашай краіне дагэтуль думаюць аб шматдзетных сем'ях як пра сем'і з нізкім даходам, раз пытанне аб падтрымцы шматдзетных стаіць так востра.

- Так, людзі думаюць у першую чаргу аб шматдзетных сем'ях як пра бедныя сем'і, але гэта не так. Але хацелася б, каб такі негатыўны імідж шматдзетных сем'яў у грамадстве мяняўся. Бо ў Беларусі няма праблемы зрабіць аборт. Аборты ў нас легалізаваныя. Першая фраза, якую чуе жанчына, якая прыйшла да гінеколага ў жаночую кансультацыю: «А нараджаць будзеце?». Таму я думаю большасць шматдзетных ідуць на гэты крок свядома і не спадзяюцца такім чынам занадта ўжо «падаіць» дзяржаву. Так, некаторым шанцуе на бясплатнае жыллё, калі ўжо наогул дзяцей шмат і няма дзе жыць. У гэтым выпадку дзяржава дае субсідыю на тыя метры, якіх не стае. І гэтая праграма таксама вельмі станоўчая, шкада толькі, што цяпер яе пераглядаюць з мэтай урэзаць гэтыя нарматыўныя метры. Так, цяпер меншая колькасць сем'яў зможа скарыстацца гэтымі жыллёвымі ільготамі.

- Як вы думаеце, ці ў сілах дзяржаўнай палітыцы палепшыць дэмаграфічную сітуацыю ў Беларусі?

- Усялякі крок, які робіць дзяржава - гэта ўсё будзе на карысць хутчэй існым шматдзетным сем'ям, і гэта не палепшыць дэмаграфічную сітуацыю. Бо шматдзетнасць - яна альбо ў сямейнай традыцыі, альбо гэта ўнутраная патрэба чалавека. Яна мала залежыць ад эканомікі. Тут не ўсё так адназначна. Зрабіце заробак у $10.000 - шматдзетных значна менш не стане. Можа, хтосьці падумае ісці на аборт ці не ісці, але ў прынцыпе свядома заводзіць дзіця той, хто хоча мець дзіця, а не той, хто мае для гэтага нейкія звышмагчымасці. Такое маё асабістае меркаванне.

- Чаго вам асабіста не стае, як шматдзетнай маці?

- Вядома, грошай, але іх не стае ўсім і заўсёды. Але яшчэ мне не стае свабоды. Чым больш у мяне дзяцей, тым больш я думаю пра гэта, тым больш я хачу, каб яны раслі свабоднымі людзьмі. Тым больш, я з розных бакоў назіраю за нашай школьнай сістэмай адукацыі і звяртаю ўвагу на тое, што ў яна не спрыяе выхаванню вольнага чалавека - мяне хутчэй напружвае вось гэта. Тое, што перад судом мы ўсе роўныя, і таго ж Дабратвора, шматдзетнага бацьку, забіраюць на суд вокам не міргнуўшы - гэта правільна. Толькі вось закон павінен быць законам, а не сродкам кантролю.

- Як вы думаеце, ці дачакаюцца беларускія маці абяцаных выплат у $10.000 за кожнае дзіця?

- Я думаю, што гэта частка ягонага іміджу і папулізм, а рэальных падстаў для гэтага няма. І, у прынцыпе, я не зацікаўленая, каб на маю карысць абрабавалі бедныя слаі бюджэтнікаў, або ўсклалі непасільны ціск на прадпрымальнікаў для таго, каб мне зрабілі нейкую разавую выплату. У прынцыпе, $10.000 - гэта няшмат. На гэта новы аўтамабіль ужо асабліва і не купіш. Таму не варта чакаць, што такі дысбаланс будзе створаны, і ён не пойдзе нікому на карысць.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках