24 красавiка 2024, Серада, 20:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На беларуска-расейскай мяжы зноў правяраюць пашпарты

7
На беларуска-расейскай мяжы зноў правяраюць пашпарты

Пашпарты правяраюць толькі візуальна. Такім чынам расейскія памежнікі шукаюць грамадзян Украіны.

Пра тое, як правяралі пашпарты на аўтапераходзе Завольша - Рудня, журналістам «Радыё Свабода» распавяла пасажырка аўтобуса, якая ехала ў Смаленск:

«Ніколі раней нічога не правяралі. А тут заходзіць чалавек у камуфляжы, і, нават не павітаўшыся, патрабуе пашпарты. Глядзіць без усялякага абсталявання - так проста. Разбудзіў усіх, хто спаў. Мы ўжо думалі: усё, зараз будзе агляд, каўбасы і пармезан еўрапейскія шукаць будуць! Не, нічога, пагартаў чалавек пашпарты і выйшаў. Вельмі дзіўная працэдура!»

Раней пашпарты на мяжы не правяралі ні з беларускага, ні з расейскага боку. Верагодна, што не ўсе пасажыры іх і мелі пры сабе. Купіць аўтобусны квіток у расейскі Смаленск, напрыклад, з Віцебска, можна і без пашпарта - калі ёсць ксеракопія дакумента. А вось пусцяць без пашпарта праз мяжу - удакладніць ў супрацоўніцы даведачнай службы віцебскага аўтавакзала не ўдалося:

«Я з такім ні разу не сутыкалася. Сёння ў мяне пра гэта ўжо пыталіся. Я не ведаю, як там правяраюць пашпарты. У нас тут пры пасадцы глядзяць. Але з ксеракопіяй, напэўна, пусцяць. А вось што будзе на мяжы, калі без пашпарта - не ведаю».

Нічога дакладна не патлумачылі пра пашпартны рэжым на мяжы і ў даведачнай службе чыгуначнага вакзалу. З Віцебска квіткі на міжнародныя цягнікі прадаюць толькі па пашпартах, а вось калі ехаць прыгараднымі дызель-цягнікамі, то там пашпартоў ніколі не пыталі, кажа супрацоўніца:

«Пашпарт? Я не ведаю. Але вы з сабой яго будзеце браць? Без пашпарта ў нас купляюць білет да Рудні, а там пераходзіце ў іншы цягнік і набываеце квіток да Смаленска за расейскія грошы. Ну, пашпарт, напэўна, могуць праверыць... Бярыце з сабой, таму што інакш як будзеце даказваць, што вы - гэта вы?»

Прэс-сакратар беларускага Памежнага камітэта Аляксандр Цішчанка пракаментаваў праверку пашпартоў наступным чынам:

«Любая краіна, нават у Шэнгенскай зоне, мае права праводзіць мерапрыемствы міграцыйнага кантролю. Інакш як бы лавілі парушальнікаў? Так што любая краіна, у залежнасці ад міграцыйнай абстаноўкі, можа праводзіць такія мерапрыемствы. Гэта можа мець і планавы, і эпізадычны характар. Так што ўезд і ва Украіну, і ў Расею з любога боку можа дадаткова кантралявацца. Кожная дзяржава сама вызначае, як праводзіць такія мерапрыемствы. Мы пашпарты на мяжы з Расеяй на правяраем, у нас там няма пашпартнага кантролю».

На расейскім баку беларуска-расейскай мяжы мытныя і памежныя пасты даўно скасаваныя. Там пастаянна працуе ўсяго адна афіцыйная структура - транспартная інспекцыя. Але ў яе іншыя функцыі - кантроль за транспартам, тлумачыць Уладзімір Лукашоў, выконваючы абавязкі начальніка міжнароднага аддзела Упраўлення дзяржаўнага аўтадарожнага нагляду Смаленскай вобласці:

«Мы гэтым не займаемся. Гэта памежная служба, нам яны не падпарадкоўваюцца. І ў Рудні, і ў Чырвоным, і ў Понятовке. Яны - асобная служба, вайсковая, мы да іх не належым».

Адказу не змаглі атрымаць і ад начальніка Памежнага ўпраўлення Федэральнай службы бяспекі Смаленскай вобласці Андрэя Паўлава:

«Я на гэтыя пытанні адказваць не буду. Калі вам неабходна атрымаць інфармацыю, патэлефануйце ў групу грамадскіх сувязей, і яны вам раскажуць. І растлумачаць. А я гэтую сітуацыю каментаваць не буду - у мяне няма часу».

Са слоў кіраўніка прэс-службы Алега Бізюкава, памежнікі на аўтапераходзе ў Рудні працавалі яшчэ з савецкіх часоў. І праверкі пашпартоў «былі заўсёды», але мала, таму беларусы іх не заўважалі:

«У нас заўсёды праверкі. Мы ж розныя дзяржавы. І асобы, што едуць у чужую дзяржаву, абавязаныя падаць дакумент. Мы ж не ведаем, хто вы і адкуль, і навошта... У нас з 1995 года тут памежнікі працуюць. Проста праверкі выбарачныя, яны то ўзмацняюцца, то слабеюць. Вы наткнуліся на ўзмацненне. Калі няма пашпарта, мы маем права затрымаць на 48 гадзін, а там пастанаўляем - ці крымінальнае пакаранне, або адміністрацыйнае, ці, можа, вам пашпарт прывезлі, - і тады адпускаем».

Алег Бізюкаў не расказаў яшчэ аб адной справе расейскіх памежнікаў: якраз цяпер яны працуюць над праблемай выяўлення ўкраінскіх грамадзян, якія едуць ва Украіну праз беларуска-расейскую мяжу. Пра гэта паведамляе інтэрнэт-рэсурс «Пра што кажа Смаленск». Пашпарты праглядаюць, каб вызначыць украінскія і адсачыць. Іх уладальнікі могуць пакінуць Расею праз бліжэйшы расейска-ўкраінскі пераход, ці застануцца «нелегаламі».

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках