19 сакавiка 2024, aўторак, 7:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сезон палявання на ведзьмакоў абвешчаны датэрмінова

5
Сезон палявання на ведзьмакоў абвешчаны датэрмінова

Добра жылося начальству ў сярэднявеччы. Народ быў пільны.

Розных там ведзьмакоў ды іншую нячыстую сілу выкрываў беспамылкова. З першага погляду. І гарадскому кіраўніцтву заставалася хіба толькі вызначыць плошчу, дзе адбудзецца экзекуцыя. Вялікія натоўпы аднадумцаў збіралі тыя кастры. І кожны з гледачоў шчыраваў, як мог. Гісторыя захавала нашчадкам светлы вобраз нямоглай бабулькі, якая падкладала сухія трэсачкі ў агонь. Каб полымя яго было высокім і нязгасным.

Цяпер – не тое. Вядома, стукачы нікуды не падзеліся. Пэўны актыў ёсць і працуе сумленна. Але ўсенароднага ўздыму ў выяўленні ведзьмакоў, ерэтыкоў ды простых крамольнікаў ужо не назіраецца. Іншы час. Не той народ.

Вось таму на высокім узроўні і ўзнікла ідэя прывесці гэты легкадумны люд у стан падвышанай пільнасці. Ідэя надзвычай актуальная. Шкоднікі паўсюдна. Калі і не тыя класічныя ведзьмакі, то ўжо экстрэмісты рознага калібру сустракаюцца на кожным кроку. Яны дэстабілізуюць наша шчаслівае жыццё. Дыскрэдытуюць кіраўніцтва. І асабліва шчыруюць тыя, хто піша, малюе, здымае і ўвогуле думае. Без адпаведнага дазволу на тое.

Гэты заняпад у барацьбе з праявамі адкрытай або прыхаванай варожасці дайшоў да апошняй мяжы. У літаральным сэнсе слова.

На абарону ідэйнай цнатлівасці грамадзян вымушаны былі рашуча ўстаць нашы доблесныя мытнікі. Менавіта яны, а не пыхлівая гэбуха або лянівыя мянты, прадухілілі ў свой час страшэнныя ідэалагічныя дыверсіі.

Была калісьці спроба завезці ў краіну некалькі асобнікаў выдання нібыта літаратуразнаўчай тэматыкі. Чалавек не надта пільны ў такім выпадку сказаў бы: ну і цудоўна, вязіце, чытайце! Але наша мытня ловіць не толькі цётак з блокамі цыгарэт. Было выяўлена адразу, што аўтар не толькі кніжкі піша. Ён яшчэ і праваахоўчай дзейнасцю займаецца. І мае за тое турэмны тэрмін – палітвязень. Калі б не высокая канцэнтрацыя ўвагі простых тутэйшых мытнікаў, трапіла б кніга тая ў Беларусь. І чыталі б сумленныя нашы грамадзяне – падумаць страшна! – пра нейкага Мацея Бурачка. Ён жа – Францішак Багушэвіч. Ён жа – удзельнік паўстання 1863 года.

З усіх бакоў атакуюць сёння нашу ідэйную непахіснасць. Вось уявіце сабе, што вязуць праз мяжу стос звычайных фотаальбомаў. Лепшыя здымкі беларускіх майстроў. Здавалася б, да чаго тут чапляцца? Аб'ектыў што бачыць, тое і здымае. Калі штосьці не падабаецца – выпраўляйце жыццё. Але мытня не спіць. Падазронае выданне затрымалі. Знайшлі адпаведных экспертаў. Так і ёсць – экстрэмізм!

Пытанне вырашылі радыкальна. Знішчылі ўсе тыя кніжкі. Спалілі, нібы сярэднявечнага ведзьмака.

Аднак нейкі прыкры асадак застаўся. Па-першае, пайшла непажаданая пагалоска. А па-другое, чаму гэта мытня вызначае экспертаў у такой далікатнай справе? І гэта ў краіне, дзе ідэолагаў болей, чым жаб на балоце. Непарадак!

А таму Савет міністраў, а не абы хто, прымае фундаментальную пастанову нумар 810 – «в развитие закона «О противодействии экстремизму». Паводле гэтай пастановы будзе створана экспертная камісія «по оценке информационной продукции на предмет наличия (отсутствия) в ней признаков проявления экстремизма». Стыль, стыль які! Чаго вартае толькі гэтае «наличие-отсутствие». Кручкатворы царскай Расіі памерлі б ад зайздрасці.

Паспрабуйце расшыфраваць гэты твор саўмінаўскай думкі. І ўвогуле, навошта ўвесь гэты вэрхал? Але, як кажуць, з песні слоў не выкінеш. А песня – адмысловая. Вось толькі адзін з яе глыбакадумных куплетаў, які цытуе БелТА.

«В комиссию войдут авторитетные эксперты в сфере философии, психологии, филологии, социологии, а также представители органов государственного управления, оказывающих противодействие экстремизму, что позволяет всесторонне и компетентно рассматривать материалы на предмет наличия в них признаков экстремизма».

І вось ад гэтай абракадабры залежаць лёсы людзей, кніг, інфармацыйных сайтаў. Не цяжка здагадацца, якіх «філосафаў» яны паклічуць у тыя камісіі. І чым будуць кіравацца гэтыя эксперты, вызначаючы вінаватых. І ўвогуле, што за звер гэты экстрэмізм?

Возьмем, да прыкладу, тлумачальны слоўнік рускай мовы С.І.Ажэгава. Дэфініцыя – надзвычай лаканічная. «Экстремизм – приверженность к крайним взглядам и мерам (обычно в политике)». У акадэмічным слоўніку беларускай мовы ўсё тое ж, слова ў слова.

Як жа вызначыць, дзе насамрэч пачынаюцца «крайние взгляды»? Гэта ж не бутэлькі, якія дакладна можа пералічыць кожны мытнік. Тут цікавая акрэсліваецца перспектыва. Знайдзіце адпаведных экспертаў, і яны вам усю сусветную літаратуру спаляць на кастры. А як жа – «крайние взгляды», экстрэмізм.

Камісія ствараецца пры Міністэрстве інфармацыі. І на абласным узроўні таксама. Такі вось усенародны паход супраць нячыстай сілы і пятай калоны заадно. Татальнае паляванне абвешчана. Іншадумства не пройдзе. Мяркуючы па ваяўнічых настроях наверсе, першыя трафеі доўга чакаць не давядзецца.

І не варта пераймацца недарэчным пытаннем, чаму ў Саўміне раптам так узбудзілася соннае чынавенства. Набліжаюцца няўмольна самыя галоўныя выбары. Балатавацца ў пяты раз на вядомую ўсім пасаду нават у джунглях ужо сорамна. Могуць закідаць гнілымі бананамі. А таму, каб усё ж дасягнуць запаветнай мэты, трэба грамадства ператварыць у паслухмяны электарат. Лепшы сродак – знайсці агульнага ворага. І зусім не істотна, хто ён - вядзьмак, алхімік або экстрэміст.

Стратэгія вызначана. Палітычны момант патрабуе сярэднявечча.

Дык дзе яна там, старая з сухімі трэсачкамі для кастра справядлівасці? Твой выхад, таварыш бабулька!

Уладзімір Халіп, спецыяльна для charter97.org

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках