29 сакавiка 2024, Пятніца, 17:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Бобруйскому курьеру» - 100 гадоў

2

У нядзелю спаўняецца сто гадоў адной з найстарэйшых беларускіх газет.

Першы нумар «Бобруйского курьера» выйшаў 31 жніўня 1914 году.

Выдаўцом, заснавальнікам і рэдактарам газеты тады быў вядомы бабруйскі купец Гілер Фававіч Фрыдлянд.

Акрамя газеты, ён таксама з'яўляўся ўладальнікам друкарні (заснавана ў 1888 годзе), тэатра і цырка, паведамляе прэс-служба БАЖ.

У ліпені 1920 года, пасля прыходу ў Бабруйск савецкай улады (да гэтага там была часовая польская адміністрацыя), газету закрылі, іншую ўласнасць Фрыдлянда – забралі і «нацыяналізавалі».

(Дарэчы, у «нацыяналізаваным» будынку Фрыдлянда да гэтага часу размяшчаецца гарвыканкамаўская газета «Бабруйскае жыццё», па-ранейшаму працуе друкарня...)

Такім чынам, «Бобруйский курьер» выходзіў са жніўня 1914 па чэрвень/ліпень 1920, з перапынкам на нямецкую акупацыю ў 1918 годзе (люты-лістапад).

Падчас польскай адміністрацыі ў 1919-1920 гг. газета свой выхад не спыняла.

Выдаваўся «Бобруйский курьер» штодня, на рускай мове (пэўная інфармацыя друкаваліся таксама і на польскай). З 1916 года пры газеце выходзіў дадатак «Тэлеграмы «Бобруйского курьера».

У «БК» публікаваліся мясцовыя, расійскія і міжнародныя навіны, разнастайныя артыкулы, агляды, фельетоны, вершы, белетрыстыка, рэклама, аб'явы...

Аднавіў свой выхад «Бобруйский курьер» (пасля 70-гадовага перапынку) у выглядзе самвыдату, намаганнямі пачаткоўцаў журналістаў-энтузіястаў. Было гэта ў 1990 годзе.

З 1991 году стаў выходзіць як дадатак да абласной газеты «Магілёўская праўда», а з 1992 года – як самастойнае грамадска-палітычнае выданне.

З 1995 году газета стала ўласнасцю выдавецкай фірмы «Рэкламны кур'ер».

З 2003 году фірмай і газетай кіруе журналіст і літаратар Анатоль Санаценка.

З прыходам новай каманды «БК» атрымаў «другое дыханне». На яго старонках сталі з'яўляцца крытычныя публікацыі, расследаванні, мясцовая аналітыка. Даходы ад рэкламы праз некалькі месяцаў павялічыліся ўдвая. Адкрываліся новыя перспектывы: выхаду на іншыя рэкламныя рынкі, адкрыцця новых газет, стварэння свайго выдавецкага дома, сваёй сістэмы распаўсюду; сумесных інфармацыйна-выдавецкіх праектаў з мясцовымі прадпрыемствамі і фірмамі...

Усе гэтыя планы і надзеі былі разбураны «новым парадкам», які ўсталяваўся ў краіне. Выдавецкі і іншы бізнэс ўзялі пад больш строгі ідэалагічны кантроль. Бізнес-праекты цяпер маглі быць паспяховымі толькі, скажам так, з дазволу ўладаў. Улады «запісалі» прэсу (не спытаўшы ў яе дазволу) у свае «супрацоўнікі», у ідэалагічныя памочнікі. У агітатараў і прапагандыстаў. Як і раней, пры камуністычным рэжыме...

«Бобруйский курьер» не ўпісваўся ў гэтыя схемы. І супраць яго (як бывае ў такіх выпадках) была ўжытая палітыка «мяккага задушвання».

Улады – кулуарна – забаранілі ўсім прадпрыемствам, установам, банкам супрацоўнічаць з «Бобруйским курьером», размяшчаць у ім сваю рэкламу, праводзіць падпіску сярод сваіх работнікаў (пад пагрозай не падаўжэння кантракту, не прадастаўлення крэдытаў і г.д.)...

На 2,5 года «БК» «выкідвалі» з кіёскаў «Саюздруку», заявіўшы (пасля 15-гадовага супрацоўніцтва), што ім нявыгадна рэалізоўваць гэтую газету...

За сем гадоў эканамічнага і юрыдычнага задушвання бюджэтам газеты было страчана каля мільёна долараў (не атрыманы, страчаны прыбытак). Да лета 2010 г. – пачатку чарговай спецыяльнай аперацыі па абранні УсеВедаюцьКаго, газета апынулася ў аслабленым фінансавым становішчы. Яе рахунак быў заблакаваны падатковай інспекцыяй (двойчы за кароткі перыяд), што не дазволіла працягваць далейшы выпуск папяровага варыянта газеты, весці іншую гаспадарчую дзейнасць...

З кастрычніка 2010 года «Бобруйский курьер» выходзіць толькі ў электронным выглядзе.

Між тым, сайт «БК» быў заснаваны ў 1998 г. (і стаў адным з першых газетных інтэрнэт-праектаў у краіне). З тых часоў ён неаднаразова мадэрнізаваўся, мяняў дызайн, уводзіў новыя опцыі. Зараз гэта – сучасны мультымедыйны інтэрнэт-рэсурс з разнастайнымі функцыямі.

Электронны «Бобруйский кур'ер» абнаўляецца кожны дзень, на ім прадстаўлены навіны культуры, спорту, грамадскага, палітычнага жыцця. А таксама асвятляюцца самыя важныя сусветныя падзеі.

Інфармацыйныя матэрыялы нярэдка дапаўняюцца відэаролікамі. У газеце размяшчаецца вялікая колькасць фотаздымкаў рэпартажнага плану, вядуцца блогі...

Словам, газета жыве, развіваецца.

31 жніўня «Бобруйскому курьеру» – сто гадоў, і ён робіць упэўнены «лічбавы» крок у другое стагоддзе...

Выпуск газеты «Бобруйский курьер» за 1915 г. (у газеце абвестка пра падпіску на 1916 г.)
Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках