23 красавiка 2024, aўторак, 20:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На Магілёўшчыне зліквідавалі сямнаццаць сельскіх школ

9
На Магілёўшчыне зліквідавалі сямнаццаць сельскіх школ

Усе школы, як заяўляюць чыноўнікі, малакамплектныя.

Утрымліваць іх немэтазгодна. Вучняў будуць вазіць у школы з вялікай колькасцю дзяцей.

У Клімавіцкім раёне, Магілёўскай вобласці зліквідавалі дзве школы. Адна з іх у вёсцы Асмолавічы. Сёлета 1 верасня каля мясцовай школы, збудаванай амаль сорак пяць гадоў таму, не збярэцца на сваю ўрачыстую лінейку вясковая дзятва, а само паселішча больш не пачуе школьнага званка, паведамляе «Радыё Свабода».

Да ліквідацыі ў Асмолавіцкай беларускамоўнай школе вучыліся 28 дзяцей. Сямёра наведвалі мясцовы дзіцячы сад. З першага верасня вучняў будуць вазіць у адну са школ Клімавіч. Дашкольнікаў таксама ўладзілі ў дзіцячыя сады райцэнтра. Тое, што дзеці сталі гарадскімі, іх вясковых бацькоў не вельмі радуе. Сваёй незадаволенасці яны не хаваюць:

«Чаму ад гэтага нам павінна быць добра. Маленькіх дзяцей будуць жа вазіць за адзінаццаць кіламэтраў. Забяруць а восьмай раніцы і прывязуць толькі а чацвёртай», - абураецца група вяскоўцаў, занятая зборам бульбы са ўзаранага поля.

«Якая нам розніца, будуць яны гарадскія або вясковыя. У нас жа ніхто не спытаў - зачыняць школу ці не. Яе зачынілі, і ўсё на гэтым. Усё тут згодныя з гэтым, а карысці... На школьным двары ўсё ўжо расцягнулі. Дзіцячую пляцоўку там адразу ж прыбралі. А хочуць яшчэ, каб вёскі заставаліся, і каб яны жылі. Ніхто тут не захоча заставацца цяпер», - мяркуюць вяскоўцы.

У Клімавічах усе школы - з беларускай мовай навучання. Гэта акалічнасць не застаецца без увагі бацькоў.

«Добра першакласнікам. У іх усё будзе першапачаткова на расейскай мове, а вось гэтае дзіця ў восьмым. Ён з беларускай адразу пяройдзе на расейскую, - разважае маці аднаго з школьнікаў. - Як яму звыкнуць? Яму дужа цяжка будзе! Гэта дрэнна, але выйсця ў нас няма».

Незадаволенасць ліквідацыяй школы і садка выказвалі ўсе, з кім выпала пагутарыць у вёсцы. Кожны вясковец не прамінуў адзначыць, што са знікненнем школы хутчэй будуць паміраць і самі Асмолавічы.

«Жывуць тут вось мае ўнучкі і ўнукі, так іх нязручна будзе вазіць у Клімавічы. Давядзецца штодня іх сустракаць. Яны ж маленькія яшчэ, - выказваецца сталага веку вяскоўка. – Трэба, значыць, з'язджаць у горад, а гэта значыць - пакінуць вёску. Тут жа больш нічога няма. Яны мерыліся і пошту зачыніць, але мы здалелі яе абараніць».

У маладзейшага пакалення вяскоўцаў больш аптымізму наконт сваёй будучыні. У іх выказваннях няма нотак асуджанасці, хоць шкадаванне, што школа, у якой яны вучыліся, зачынілася, ёсць.

«Шкада, вядома ж. Будынак школы вельмі добры застанецца. Дзецям давядзецца дабірацца да сваіх новых школ, хоць і падвоз будзе, але нязручна», - выказвае сваё стаўленне да перамен у вёсцы маладая жанчына. - Пакуль дзеці да новага прывыкнуць, то будзе адчувацца розніца. Ім жа давядзецца перайсці з беларускай мовы на расейскую. Але гадок, другі і ўцягнуцца, і будзе ўсё добра».

Двухпавярховы цагляны будынак мясцовай школы і дзіцячага сада звонку выглядае нядрэнна. У самой школе нязвыклая цішыня. Стэндаў са спісамі вучняў у фае, якія выстаўляюць напярэдадні новага навучальнага года, няма. Невялікая група настаўнікаў цярпліва чакае, пакуль дырэктар аддасць ім працоўныя кніжкі.

Педагогі кажуць, што знайшлі сабе працу, але журналісту задалі адразу пытанне: «Ці можа ён дапамагчы, каб выратаваць ад закрыцця школу?» Дырэктару няма часу размаўляць з нечаканым госцем. Да 1 верасня, як ён кажа, яму трэба падрыхтаваць будынак школы да кансэрвацыі. Што будзе з ім, яму пакуль невядома. Практыка аднак паказвае, што сельскія школьныя будынкі спрабуюць прадаць, але не заўсёды знаходзіцца ахвотныя іх купіць. Так патроху яны і руйнуюцца.

Гісторыя заняпаду вёскі характэрная для ўсіх такіх паселішчаў. Быў некалі вялікі і багаты калгас. Ён збанкрутаваў. Яго зрэарганізавалі. У выніку ў Асмолавічах з вытворчых сельгасаб'ектаў нічога не засталося жывога.

Два гады таму Асмолавічы ўрачыста адзначылі сваё пяцісотгоддзе. На юбілей з усяго свету з'ехалася багата нашчадкаў шляхетнага роду Асмалоўскіх, якому некалі належалі землі вакол вёскі. Пра старажытнасць паселішчы нічога не нагадвае. На месцы Мікалаеўскай праваслаўнай царквы на юбілей ўсталявалі паклонны крыж. А пра саму знакавую для вёскі дату - памятны знак з надпісам на расейскай мове.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках