19 сакавiка 2024, aўторак, 12:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У цэхах «Шкловалакна» тэмпература +40°С

17
У цэхах «Шкловалакна» тэмпература +40°С

Рабочыя ААТ «Полацк-Шкловалакно» працуюць у пякельных умовах.

«Калі ўдзень на дварэ +30, то ў цэху №7 тэмпература на працоўных месцах аператараў нават поначы да 40 градусаў», - кажа лідэр суполкі Свабоднага прафзвязу прадпрыемства Віктар Стукаў.

Са слоў Віктара Стукава, паводле санітарных нормаў пры тэмпературы, вышэй +33°С, працоўныя могуць адмовіцца ад працы з прычыны небяспекі для здароўя работніка, піша ПЦ «Вясна».

«У Законе Беларусі «Аб ахове працы», артыкул 9, і ў артыкуле 223 Працоўнага кодэкса ўстаноўленае права працоўнага адмовіцца ад выканання работы, калі паўстала сітуацыя небяспекі для яго жыцця і здароўя, да ліквідацыі гэтай небяспечнай сітуацыі. На жаль, працоўныя не ўмеюць карыстацца гэтым правам. А самы масавы, «афіцыйны» Белхімпрафзвяз «закапаў сваю галаву ў пясок» і не надае рабочым дапамогі ў абароне іх права на годныя ўмовы працы. Пасля васьмі гадзін працы ў такой спякоце ў некаторых працоўных з'яўляюцца курчы, дрыжыкі - гэта сімптомы цеплавога ўдару. Але нават у гэтай сітуацыі - быў такі рэальны выпадак - чалавек не пайшоў у медпункт, а толькі прыняў медыкаменты з рабочай аптэчкі, і прадоўжыў працу», - кажа ён.

Віктар Стукаў згадвае, што ў 7 цэху нават трыццаць гадоў таму працаваў кандыцыянер з астуджальнай устаноўкай. Гэта было яшчэ савецкае абсталяванне, якое спажывае шмат энэргіі, аднак яно захоўвала ваду для кандыцыянера да 7 градусаў. У калідорах цэха была прахалода, а на гарачых участках падтрымлівалася тэмпература да 28 градусаў. З тых часоў кандыцыянеры памяняліся на новыя, але адміністрацыя ці то не навучылася забяспечваць іх працу, ці то знарок эканоміць на здароўі працоўных.

Звесткі пра ўмовы працы Віктар Стукаў атрымлівае непасрэдна ад работнікаў. Сам ён на «Шкловалакно» не працуе - у 2013 годзе яго звольнілі за нібыта парушэнні рэжыму бяспекі працы. Таму ён мае вялікія праблемы з тым, каб патрапіць на прадпрыемства асабіста. Так здарылася і ў ліпені гэтага года, калі Стукаў, кіраўнік суполкі Свабоднага прафзвязу Беларускага, хацеў наведаць цэха №7 і №12, каб праверыць скаргі на тэмпературны рэжым. Але варта было папярэдзіць пра свой візіт генеральнага дырэктара, як уваход на прадпрыемства яму персанальна забаранілі.

Фота: udf.by

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках