25 красавiка 2024, Чацвер, 15:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзмітрый Макараў: Улічылі б навуку снежня 2010-га ў Беларусі - і сітуацыя ва Украіне магла б быць іншай

4
Дзмітрый Макараў: Улічылі б навуку снежня 2010-га ў Беларусі - і сітуацыя ва Украіне магла б быць іншай

Міжнародная супольнасць ніякіх новых падыходаў на прыкладзе Беларусі шукаць не стала.

4 жніўня ў шмат якіх краінах свету прайшлі акцыі ў рамках Міжнароднага Дня салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі. Кампанія стала традыцыйнай: яе заснавалі актывісты-праваабаронцы ў 2012 годзе, у першую гадавіну арышту Алеся Бяляцкага. Вядомы беларускі праваабаронца быў вызвалены з турмы 21 чэрвеня гэтага года - але, як мяркуюць арганізатары Дня салідарнасці, яго актуальнасць ані не знізілася. Чаму «салідарнасці шмат не бывае» і якую навуку міжнароднай супольнасці варта было б атрымаць з беларускай сітуацыі? На пытанні «Журнала» адказаў адзін з ініцыятараў Дня салідарнасці, сустаршыня Міжнароднага моладзевага праваабарончага руху Дзмітрый Макараў.

- Дзмітрый, табе не здаецца, што фокус міжнароднай увагі цяпер знаходзіцца далёка ад Беларусі. Ва Украіне фактычна ідзе вайна, у Азэрбайджане ўзмацняюцца рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці, у Расеі ідзе сур'ёзная зачыстка грамадскага поля. Ці ёсць сэнс цяпер канцэнтравацца на Беларусі?

- Сапраўды, на фоне некаторых іншых краін можа здацца, што Беларусь знаходзіцца не ў самым дрэнным становішчы. Але мы бачым, што ў краіне не адбываецца ніякіх рэальных змен, і мы па-ранейшаму ўважаем за патрэбнае закранаць пытанні аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Тут дагэтуль ужываецца смяротнае пакаранне, людзі сядзяць у турмах за свае палітычныя погляды, абмяжоўваюцца свабоды выказваць сваё меркаванне, аб'ядноўвацца з іншымі, праводзіць мітынгі і сходы. І потым, салідарнасці ж не бывае шмат.

Так, на гэты момант у рэгіёне ёсць значна больш актуальныя выклікі. Але гэта не касуе патрэбы гаварыць аб праблемах у Беларусі. Больш за тое, менавіта на беларускай сітуацыі выдатна бачная ўся заганнасць падыходаў шэрагу міжнародных і міжурадавых структур. Бяздзейнасць міжнародных інстытутаў і дзяржаў, іх нежаданне ставіць пытанні правоў чалавека ў лік прыярытэтаў у іх стасунках з Беларуссю сягоння «адгукаецца» і ў іншых краінах.

- Якія структуры ты маеш на ўвазе? І што менавіта «адгукаецца»?

- Можна казаць пра АБСЕ, якая рэагавала на сітуацыю ў Беларусі пасля рэпрэсій 2010 года павольна і недастаткова рашуча. Можна казаць пра ААН, якая фактычна акрамя ўвядзення пасады спецдакладчыка аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі не распачала іншых дзейсных крокаў.

Гэта значыць, на прыкладзе Беларусі мы бачым, што міжнародныя структуры не могуць эфэктыўна выконваць свае функцыі ў рамках існых мэханізмаў. Пасля таго, што здарылася ў Менску ў снежні 2010 года, мы арганізавалі Камітэт міжнароднага кантролю за сітуацыяй у Беларусі, працавалі ў вашай краіне са спецыяльнай місіяй, спрабавалі арганізаваць міжнародныя грамадскія структуры, каб паўплываць на сітуацыю. І рэгулярна «дзяўблі» міждзяржаўныя структуры заклікамі: сітуацыя патрабуе прынцыповай рэакцыі. І цалкам новай рэакцыі! Але гэтага не было. Я не магу сказаць, што міжнародныя структуры наогул ніяк не адрэагавалі - але яны рэагавалі марудна. І рэагавалі ў рамках старых, неэфэктыўных мэханізмаў і сцэнароў. Гэтая рэакцыя на сітуацыю ў краіне прыкметна не паўплывала.

Сітуацыя з Беларуссю дала нам навуку, якая мусіла быць прааналізаваная і ўлічаная. Але міжнародная супольнасць ніякіх новых падыходаў на прыкладзе Беларусі шукаць не стала. Не было зроблена высноў пра неэфэктыўнасць існых міжнародных мэханізмаў, найперш - абароны правоў чалавека ў краінах, дзе яны груба парушаюцца. У выніку мы бачым, што адбываецца ва Украіне, Расеі, Азэрбайджане. І бачым, як усе тыя ж структуры сутыкаюцца з гэткімі праблемамі - і не могуць уплываць на сітуацыю. Бо не зрабілі высноў з сітуацыі ў Беларусі пасля 2010-га.

- Гэта значыць, ты хочаш сказаць, каб АБСЕ ці ААН улічылі беларускую навуку 2010-га - можна было б унікнуць вайны ва Украіне?

- У нейкай ступені - так. І ў гэтым наш галоўная боль і наша галоўная няўдача. Сваімі грамадскімі кампаніямі ў Беларусі мы спрабавалі пераламаць сітуацыю, але калі меркаваць з вынікаў, сітуацыя глабальна не мяняецца. Але кідаць пачатае мы не будзем. Да ўсіх гэтых пытанняў трэба вяртацца. Асабліва ўлічваючы той факт, што ў наступным годзе ў Беларусі пройдуць чарговыя прэзідэнцкія выбары. Міжнародныя структуры зноў могуць паспрабаваць «забыцца на мінулае і заплюшчыць вочы». А гэта - галоўная «гарантыя» таго, што сцэнар снежня 2010-га паўторыцца. Таму мы далей думаем, што мы як грамадзянская супольнасць можам супрацьпаставіць - рэпрэсіям ды іх патэнцыйнай магчымасці.

- Як ты сам сказаў, «мяркуючы з вынікаў», супрацьпаставіць выпадае няшмат.

- Я не хачу перакрэсліваць усё, што было зроблена, і казаць, што ўсё было беспаспяхова. Мы намацваем хаўруснікаў у іншых краінах, у структурах грамадзянскай супольнасці, якія былі б зацікаўленыя ў новых падыходах. На сімвалічным узроўні правядзенне акцый, падобных да Міжнароднага Дня салідарнасці - гэта важна. І самае важнае - гэта тое, што рэальна тысячы людзей ва ўсім свеце даведаюцца аб сітуацыі ў Беларусі і становішчы з правамі чалавека ў цэлым. Шмат хто з удзельнікаў у акцыях у рамках Дня салідарнасці з Беларуссю цяпер уцягнутыя ў дзейнасць ва Украіне ці на Каўказе. Так што ідзе вельмі важны працэс фармавання грамадзянскай супольнасці, здольнай адказваць на рэальныя выклікі. Менавіта гэтым такія формы міжнароднай салідарнасці і важныя.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках