25 красавiка 2024, Чацвер, 10:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Продажы аўтамабіляў у Расеі зменшыліся амаль на чвэрць

12
Продажы аўтамабіляў у Расеі зменшыліся амаль на чвэрць

Продажы легкавых аўтамабіляў і лёгкага камерцыйнага транспарту (LCV) у Расеі за ліпень упалі на 23%.

Пра гэта сведчаць апублікаваныя 8 жніўня звесткі Асацыяцыі еўрапейскага бізнесу (АЕБ).

У ліпені расейцы купілі 180,7 тыс аўтамабіляў.

Паводле звестак АЕБ, за першыя сем месяцаў 2014 г попыт на легкавыя аўтамабілі ўпаў на 10% - да 1,41 млн адзінак, паведамляе РБК.

«На жаль, памяншэнне аўтамабільнага рынку доўжыцца, набраўшы хуткасці у ліпені. Агулам, трэнд трывожны, і малаверагодна, што ён фундаментальна зменіцца бліжэйшым часам. Вядома, Маскоўскі Аўтасалон, які адкрыецца ў канцы жніўня, павінен мець стымулюючы эфект на продажы аўтамабіляў, асабліва прымаючы пад увагу, што восень - сезон высокіх продажаў. Прынамсі, гэта тое, што адбывалася звычайна. Але хіба гэты год назавеш звычайным?» - сказаў старшыня Камітэта аўтавытворцаў АЕБ Ёрг Шрайбэр.

Продажы Lada у ліпені ўпалі на 25%, паменшыўшыся ў параўнанні з чэрвенем яшчэ на 6%. Усяго ў ліпені расейцы купілі 28014 машын пад гэтай маркай. На другім месцы папулярнасці ў ліпені была карэйская Kia – было прададзена 15303 машын, а замыкае тройку лідэраў французская Renault з прададзенымі 15219 аўтамабілямі.

Самай папулярнай у расейцаў мадэллю Lada застаецца Granta - у ліпені попыт на яе склаў 11819 адзінак, а за першыя 7 месяцаў года расейцы купілі 83294 Granta. На другім месцы апынуўся Hyundai Solaris - попыт на яго склаў 9778 адзінак, а Kia New Rio - на трэцім месцы, была раскупленая ў колькасці 6853 адзінак.

Granta, Solaris і New Rio за перыяд са студзеня па ліпень сталі самымі прадаванымі мадэлямі ў Расеі. Праўда, за год нарасціць продаж удалося толькі KIA - за студзень-ліпень 2014 г было прададзена на 2146 аўтамабіляў больш, чым за аналагічны перыяд летась.

Попыт на розныя мадэлі Ford упаў на 52% - да 4500 аўтамабіляў. Сярод іншых аўтаканцэрнаў, якія пацярпелі ад абвалу расейскага аўтамабільнага рынку, варта вылучыць Mitsubishi - падзенне на 42% (3501 прададзены аўтамабіль), BMW (скарачэнне попыту ў ліпені на 38% - да 2178 машын). Попыт на Peugeot у ліпені зусім скараціўся на 54% - да 1338 машын. Ці ледзь не адзінай «люксавай» маркай, якой удалося павялічыць продаж, стаў Mercedes-Benz - попыт на ягоныя машыны павялічыўся на 13%. Продажы Lexus павялічыліся на 21%.

«Вынікі продажаў у чарговы раз дэманструюць неабходнасць неадкладнай падтрымкі аўтарынка. Людзі баяцца купляць аўтамабілі, таму што не ўпэўненыя ў заўтрашнім дні, а банкі і страхавыя кампаніі павышаюць стаўкі, каб засцерагчы сябе ў крызіс. Згодна з нашым прагнозам у 2014 годзе расейскі аўтарынак упадзе прыкладна на 12% ад леташняга ўзроўню. Пакуль складана казаць, які ўплыў на рынак будзе мець праграма ўтылізацыі, паколькі яшчэ невядомыя параметры і тэрміны яе запуску, аднак пастанова Мінпрамторга яе аднавіць - гэта добры знак. З іншага боку намер урада ўвесці эканамічныя санкцыі супраць замежных аўтавытворцаў можа сур'ёзна ўдарыць па айчынным аўтарынку», - сказала дырэктарка дылерскага цэнтра Ford РОЛЬФ Цэнтр Святлана Вінаградава.

У чэрвені продаж легкавых аўтамабіляў і LCV скараціўся на 17,3%, або на 41674 штук у параўнанні з чэрвенем летась. За першыя шэсць месяцаў 2014 г продажы аўтамабіляў упалі на 7,6%.

Лідэрам падзення продажаў у першым паўгоддзі стаў Ford - попыт на мадэлі амерыканскай кампаніі скараціўся на 39%. Некалі папулярны Ford Focus выбыў са спісу 25 самых прадаваных машын. У канцэрне тады распавялі РБК, што робяць стаўку на запуск новых мадэляў ужо ў 2015 г.

За паўгоддзе продажы іншых папулярных у расейцаў марак таксама ўпалі. Напрыклад, Chevrolet знізіла рэалізацыю на 19%, а Volkswagen - на 13%, а Renault - на 8%, карэйская SsangYoung - на 28%.

Продажы легкавых аўтамабіляў і LCV у Расеі зніжаюцца амаль на ўсім працягу 2014 года. Адной з прычын гэтага з'яўляецца адмена праграмы льготнага крэдытавання Мінпрамторга, якая была запушчана ў 2010г. Яна была спыненая ў канцы мінулага года. З тых часоў удзельнікі рынку неаднаразова заклікалі ведамства яе аднавіць.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках