19 сакавiка 2024, aўторак, 14:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Суд прызнаў сына Ірыны Моцнай вінаватым у абразе міліцыянта

9
Суд прызнаў сына Ірыны Моцнай вінаватым у абразе міліцыянта

Суд Клімавіцкага раёна прысудзіў да штрафу ў 3,7 млн рублёў сына былой прыймовай маці Ірыны Моцнай Віталя.

Ён быў абвінавачаны ў абразе супрацоўніка міліцыі пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў. У ліпені раённыя ўлады пазбавілі Ірыну Моцную права апекі над дзецьмі неўзабаве пасля самагубства іхнага прыймовага бацькі Віктара, мужа Ірыны. Аднак жанчына не пагадзілася з такой пастановай, звярталася ў розныя інстанцыі з просьбай дазволіць і далей выхоўваць семярых дзяцей, піша БелаПАН.

25 ліпеня Ірына Моцныя была затрыманая міліцыяй. Цягам гадзін у райаддзеле вёўся разбор, чаму яна, не з’яўляючыся з 12 ліпеня прыймовай маці, спрабавала распараджацца лёсам сваіх былых прыймовых дзяцей. Разам з Моцнай з ужываннем гвалту быў затрыманы ейны 19-гадовы сын Віталь, у дачыненні да яго выкарыстоўваліся спецсродкі - кайданкі. Прыймовыя дзеці былі дастаўленыя ў дзіцячы дом у Магілёве. Сама Ірына Моцная была прызнаная вінаватай у самаўпраўстве і аштрафаваная на 750 тысяч рублёў.

Абвінавачванні на адрас Віталя тычыліся падзей 12 ліпеня, калі ў адсутнасць Ірыны Моцнай у іхны дом прыйшоў супрацоўнік міліцыі Дзяніс Герасімаў, які, з ейных слоў, стаў груба размаўляць з хлопцам, ад чаго сын назваў міліцыянта «амаральным чалавекам». Прыблізна праз месяц Герасімаў падаў у суд на дзецюка, абвінаваціўшы яго ў абразе пры выкананні службовых паўнамоцтваў.

«Як бы мы ні мелі рацыю, мы ўсё адно не будзем мець рацыю. Нашы довады не прымаліся, а прымаліся довады толькі той стараны», - распавяла Ірына Моцная, паведаміўшы, што суд прайшоў 29 жніўня.

Паводле ейных слоў, сведкамі ў справе выступілі супрацоўнікі райвыканкама - кіраўніца спраў Наталля Асмалоўская і начальніца аддзела адукацыі, спорту і турызму Наталля Глушакова. У сваю чаргу, было адмоўлена ў даванні сведчанняў сястры Віталя, паколькі суд прыняў яе за зацікаўленую асобу, паведаміла Моцная.

«Віталь і характарыстыку прывёз добрую з універсітэта. На яе сказалі «не датычыцца». На падзячныя лісты, якія за яго мне дасылалі, нават не сталі глядзець. Далі хлопчыку 3 млн 700 тысяч рублёў штрафу. Не разумею, як можна студэнту даць такі штраф, дзе ён возьме такія грошы», - заявіла былая прыймовая маці. Паводле ейных слоў, сын будзе абскарджваць вырак суда.

Ірына Моцная паведаміла, што сям'я ўжо прыняла пастанову з'ехаць з Клімавіч. Разам з тым пакідаць Беларусь Моцныя пакуль не мерацца. «Каб выехаць з Беларусі, мне трэба больш грошай. У Расеі хаты дарагія нават у вёсцы. Ды і грамадзянства. Гэта ўсё праблемы, а я адна. Што я магу адна? Я не наважылася ехаць за межы Беларусі», - заявіла жанчына.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках