20 красавiка 2024, Субота, 14:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аўтамабіліст з Менска: Купляйце «малалітражнікі» і гібрыдныя аўтамабілі

9
Аўтамабіліст з Менска: Купляйце «малалітражнікі» і гібрыдныя аўтамабілі

Язда на аўтамабілях неўзабаве зноў стане прыкметай дастатку.

Учора «Белнафтахім» дастасаваў кошт бензіну да курсу даляра. Аўтамабілісты незадаволеныя, аднак не ўсё да канца разумеюць, у якой сітуацыі яны апынуліся напраўду праз гэтыя «навацыі» улад. Пра тое, колькі разоў падаражэе бензін да Новага года напраўду, пра тое, ці рэальна прадаць аўтамабіль, які можа стаць задарагім і пра тое, на якіх аўтамабілях трэба ездзіць беларусам, распавёў рэдакцыі сайта charter97.org менскі аўтаўладальнік.

- Дастасаванне бензіну да даляра азначае рэгулярнае падвышэнне кошту паліва ў сувязі са сталым падвышэннем курсу беларускага рубля да даляра. Увогуле, паліва «падкручвалі» да даляра апошнім часам рэгулярна. Проста гэта называлі іншымі словамі. А цяпер ужо шчыра кажуць. Гэта значыць, з кожным падвышэннем курсу даляра будзе падаражэнне бензіну.

- Ці моцна гэта закране бюджэт аўтааматараў?

- Фактычна, за апошнія 3 месяцы паліва падаражэла амаль на 15%. Гэта досыць значная лічба. Хоць, вядома, гэта ўсё было размеркавана на досыць вялікі прамежак часу, адпаведна, людзі на гэта не звярталі належнай увагі. Але для тых, хто шмат ездзіць, нават калі казаць пра людзей з асабістымі аўтамабілямі, гэта ўсё адно вялікія выдаткі.

- Як дастасаванне кошту бензіну да даляра паўплывае на сітуацыю на аўтамабільным рынку ў Беларусі?

- Гэта прычыніцца да таго, што яшчэ больш знізіцца кошты аўтамабіляў, бо выдаткі на іх вырастуць. Можна ўзгадаць 2011 год, калі было імклівае падаражэнне паліва, і, у прыватнасці, дызельнага паліва. І кошт дызельных аўтамабіляў сур'ёзна ўпаў, і попыт на іх упаў. У прынцыпе, гэткія падвышэння коштаў прычыніліся да таго, што цяпер большасць беларусаў аддаюць перавагу не дызельным аўтамабілям, як гэта было раней, а менавіта бензінавым.

- Якімі будуць пабочныя эфекты сталага падаражэння паліва?

- Лагічна, што кошт паліва расце не толькі для фізічных, але і для юрыдычных асоб, то бок для камерцыйных арганізацый, гэта прычыніцца да таго, што вырастуць выдаткі на грузаперавозкі, адпаведна, аўтаматычна ўзнімуцца кошты ўсіх тавараў.

- Як вы мяркуеце, як далей будзе даражэць даляр і бензін разам з ім?

- Мне здаецца, цалкам відавочна для ўсіх, што эканамічная сітуацыя ў нас не будзе паляпшацца. Перадумоў да гэтага ніякіх няма суздром. А значыць, даляр будзе ўмацоўвацца, расці, адпаведна кошт паліва і, праз гэта, усяго астатняга, будзе расці. Што і адбываецца за апошнія гады два. Думаю, што да Новага года бензін падаражэе не менш чым тры разы.

- Але камусьці ўжо гэта можа стацца задорага і чалавек наважыць прадаць аўтамабіль...

- Цяпер прадаць аўтамабіль - вельмі вялікая праблема, бо попыт вельмі нізкі. Сітуацыя другаснага аўтамабільнага беларускага рынку такая, што прапанова нашмат перасягае попыт. Людзі па паўгода, па годзе прадаюць самаходы, якія даражэйшыя за $ 5000. Такая сітуацыя, я б сказаў, недзе з леташняга лета. Я сам быў у такой сітуацыі, я прадаваў самаход з ліпеня мінулага года, а прадаў яе толькі ў траўні гэтага са зніжкай 25%.

Я разумею, што ёсць людзі, якія пачнуць менш карыстацца асабістымі аўтамабілямі, больш - грамадскім транспартам. Але я не думаю, што гэта некага прымусіць адмовіцца ад аўтамабіля і прадаць яго зусім. Скажам, двухразовае падвышэнне кошту паліва - так, яно б, можа, і прымусіла кагосьці адмовіцца ад аўтамабіля. А пакуль людзі проста будуць менш ездзіць.

- Кіроўцы якіх аўтамабіляў у Беларусі пацерпяць менш за ўсіх астатніх?

- На мой погляд, улічваючы ўсе сусветныя і беларускія тэндэнцыі ў прыватнасці, я мяркую, што калі ўжо беларусу і купляць аўтамабіль, то з невялікім аб'ёмам рухавіка, адпаведна, з невялікім выдаткам паліва. Таксама параіў бы купляць гібрыдныя самаходы, гэта значыць з бензінавым і электрарухавіком, бо там вельмі нізкі выдатак паліва.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках