25 красавiка 2024, Чацвер, 1:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Мытным саюзе скрадзеныя аўто становяцца аўтамабілямі-двайнікамі

2
У Мытным саюзе скрадзеныя аўто становяцца аўтамабілямі-двайнікамі

На тэрыторыі Мытнага саюза Беларусі, Расеі і Казахстана дзейнічае міжнародная злачынная група.

Яе члены прыдумалі схему, паводле якой у адзінай эканамічнай прасторы можна легалізаваць скрадзенае аўто.

Як паведамляе БелаПАН, выкрадзенаму аўто даецца цалкам легальны статус шляхам мытнага афармлення на тэрыторыі РФ як аўтамабіля, які прыбыў з Беларусі ці Казахстана. Для гэтага трэба толькі падаць улікова-рэгістрацыйныя дакументы, якія ў гэтых выпадках, натуральна, з'яўляюцца падробленымі. У іх злачынцы паказваюць звесткі аб аўтамабілі аналагічнай маркі, зарэгістраваным на законных падставах у падраздзяленнях у Беларусі ці Казахстане. У выкрадзенага аўто змяняецца і ідэнтыфікацыйны нумар.

На наступным этапе праз пасярэднікаў аўтамабіль праходзіць мытнае афармленне з выдачай легальнага пашпарта транспартнага сродку. Пры гэтым існуючым рэгламентам не прадугледжаная абавязковая праверка аўтамабіля, які прыбыў для мытнага афармлення, на прадмет яго зняцця з уліку ў падраздзяленнях УДАІ МУС Беларусі ці Казахстана, а таксама ўстанаўленне сапраўднасці ідэнтыфікацыйнага нумара і пададзеных улікова-рэгістрацыйных дакументаў.

Пасля атрымання пашпарта МС, выкарыстоўваючы адсутнасць паміж дзяржавамі аб'яднанай базы звестак зарэгістраванага аўтатранспарту, злачынцы праводзяць бесперашкодную пастаноўку аўтамабіля на рэгістрацыйны ўлік у падраздзяленнях Галоўнага ўпраўлення ў забеспячэнні бяспекі дарожнага руху МУС Расеі.

У 2013 годзе паводле такой схемы выяўлены 31 выкрадзены і легалізаваны ў Расеі аўтамабіль.

Аўтамабілі-двайнікі

У МУС Беларусі адзначаюць, што гэтая злачынная схема можа быць выкарыстаная злачынцамі з адным і тым жа аўтамабілем некалькі разоў. Для гэтага транспартны сродак папярэдне неабходна застрахаваць, пасля чаго фіктыўна заявіць пра яго крадзёж з мэтай атрымання ў далейшым страхавой кампенсацыі. Сітуацыя нярэдка пагаршаецца тым, што праваахоўнымі органамі Расеі аб'яўляюцца ў вышук аўтамабілі-двайнікі з ідэнтыфікацыйнымі нумарамі, аналагічнымі тым, якія раней былі зарэгістраваныя ў Беларусі і з уліку не знятыя.

У такім выпадку аўтамабілі, набытыя і зарэгістраваныя грамадзянамі Беларусі на законных падставах, таксама пераходзяць у катэгорыю тых, што адшукваюцца. Цяпер расейская міліцыя абвясціла ў вышук 9 аўтамабіляў-двайнікоў. У кожным выпадку праведзеныя праверкі, падчас якіх пацверджаны законнасць іх набыцця, а таксама сапраўднасць улікова-рэгістрацыйных дакументаў і ідэнтыфікацыйных нумароў.

У выніку зверкі ідэнтыфікацыйных нумароў аўтамабіляў, зарэгістраваных у Беларусі, з базай звестак Расеі выявілі больш за 600 аўтамабіляў, якія адначасова зарэгістраваныя ў Беларусі і Расеі.

У іх ліку выяўлена больш за 200 аўтамабіляў са змененымі ідэнтыфікацыйнымі нумарамі, якія знаходзяцца ў вышуку.

У 2014 годзе толькі на тэрыторыі Гомельскай вобласці міліцыя знайшла 8 аўто з падробленымі ўлікова-рэгістрацыйнымі дакументамі расейскага ўзору і змененымі ідэнтыфікацыйнымі нумарамі. Тры з гэтых аўто ідэнтыфікаваныя як выкрадзеныя ў суседняй краіне.

Таму беларуская старана падымае пытанне аб абавязковым крыміналістычным даследаванні ўлікова-рэгістрацыйных дакументаў, а таксама камісійным аглядзе транспартных сродкаў, якія прыбылі ў Беларусь з краін Мытнага саюза для рэгістрацыі ў падраздзяленнях УДАІ МУС Беларусі.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках