Украінскае войска і войскі NATO пачалі супольныя вучэнні
6- 15.09.2014, 21:44
- 12,224
Амаль 1300 вайскоўцаў з 15 краін пачалі вучэнні недалёка ад Львова.
Пентагон заяўляе, што вучэнні былі запланаваныя яшчэ да пачатку цяперашняга крызісу на ўсходзе Украіны, перадае BBC.
У манеўрах, названых "Хуткі трызубец", прымаюць удзел амаль 200 амерыканскіх вайскоўцаў, а таксама вайскоўцы з некалькіх краін NATO і ўсходнееўрапейскіх краін, якія ўваходзяць у праграму NATO "Партнёрства дзеля міру".
Тым часам, нягледзячы на ўзгодненае 5 верасня замірэнне, на ўсходзе Украіны - асабліва ў раёне Данецка - доўжацца сутыкненні. У мінулыя выходныя некалькі раёнаў горада зазналі артылерыйскі ды мінамётны абстрэл. Як войска Украіны, так і сепаратысты вінавацяць адзін аднаго ў парушэнні пагаднення аб спыненні агню.
Гарадская адміністрацыя Данецка паведамляе, што за выходныя загінулі шэсць чалавек, і яшчэ 15 атрымалі раны.
NATO сцвярджае, што амаль тысяча добра ўзброеных расейскіх вайскоўцаў усё яшчэ знаходзяцца на тэрыторыі Украіны, а з расейскага боку мяжы сканцэнтраваныя яшчэ 20 тысяч чалавек.
У пачатку верасня Паўночнаатлантычны альянс абвясціў аб намеры стварыць сілы хуткага рэагавання, якія могуць быць задзейнічаны ў кожным канфлікце цягам двух дзён.
Многія краіны-чальцы NATO ва ўсходняй частцы Еўропы асцерагаюцца магчымай агрэсіі з боку Расеі.