24 красавiка 2024, Серада, 17:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Валерыя Красоўская: Даклад Пургурыдэса ўсё паставіў на свае месцы

5

У Эйндховене ў Нідэрландах 16 верасня адбылася цырымонія ўшанавання памяці зніклых беларусаў.

Акцыя сабрала блізу двухсот 15-гадовых падлеткаў. Валерыя Красоўская, дачка выкрадзенага Анатоля Красоўскага, адказала на пытанні карэспандэнта «Радыё Свабода».

- У сваім уступным слове я казала, што асабіста для мяне значаць гэтыя 15 гадоў. Таму маёй аўдыторыяй і былі менавіта людзі 15-гадовага веку. Я паспрабавала зрабіць свой зварот зразумелым для іх. Прынцыпова гэта вельмі лёгкая аналогія, бо калі ты бачыш перад сабой ужо дарослых людзей, то разумееш, наколькі гэта доўгі тэрмін - 15 гадоў.

- Некаторыя звесткі ў справе знікненняў праточваліся ў прэсу, быў даклад у гэтай справе Хрыстаса Пургурыдэса, былі прызнанні следчых... А ці не было выпадкаў, калі з Вашай сям'ёй кантактаваў хто-небудзь прыватным чынам, каб паведаміць нешта больш канкрэтнае?

- Так, былі такія выпадкі. Але мы не атрымалі ніякай інфармацыі, якая б не была ўжо вядомая і не стаяла ў дакладзе Хрыстаса Пургурыдэса. Аднак калі ўважліва прачытаць гэты даклад, то ўсё прынцыпова становіцца на свае месцы і ўсё зразумела, акрамя таго, дзе знаходзяцца целы зніклых людзей. Такой інфармацыі мы ні ад каго не атрымалі.

- Калі, на Вашу думку, у гэтай справе можа быць нейкі справядлівы канец?

- Справядлівы канец, вядома ж, будзе, але ён немагчымы да змены ўлады.

У 2004 годзе спецыяльны дакладчык аб Беларусі Парламэнцкай асамблеі Рады Еўропы Хрыстас Пургурыдэс апублікаваў справаздачу, у якой абвінаваціў найвышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў Беларусі ў перашкодах незалежнаму расследаванню знікненняў людзей. Паводле справаздачы Пургурыдэса, беларускія ўлады не правялі належнага расследавання знікненняў. Пургурыдэс заявіў пра свае падазрэнні, што найвышэйшыя дзяржаўныя чыноўнікі могуць самі быць уцягнутыя ў гэтыя знікненні. У прыватнасці, ён назваў былых міністраў унутраных спраў Юрыя Сівакова і Уладзіміра Навумава, былога генеральнага пракурора і старшыню Рады бяспекі Віктара Шэймана і былога камандзіра спецвойскаў унутраных войскаў палкоўніка Дзмітрыя Паўлічэнку.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках