20 красавiка 2024, Субота, 5:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уплывовыя амерыканцы - прэзідэнту Абаме: Час даць Украіне зброю

1
Уплывовыя амерыканцы - прэзідэнту Абаме: Час даць Украіне зброю

Амерыканскія палітыкі заклікалі Барака Абаму дапамагчы Украіне абарончай зброяй для адлюстравання расейскай агрэсіі.

Напярэдадні візіту прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі ў Вашынгтон Строўб Тэлбат, намеснік дзяржсакратара ЗША ў 1994-2001 гадах, і Стывен Пайфэр, амбасадар ЗША ва Украіне ў 1998-2000 гадах, апублікавалі свой ​​заклік на сайце CNN, паведамляе «Радыё Свабода» .

«Наведваючы Вашынгтон 18 верасня, прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка, напэўна, папросіць амерыканскай вайсковай дапамогі, у тым ліку, абарончых узбраенняў. Прэзідэнт ЗША Барак Абама павінен сказаць «так», - пішуць яны. - Узбраенне Кіева можа стрымаць Уладзіміра Пуціна ад далейшай агрэсіі і падтрымаць хісткае замірэнне ва Украіне і працэс урэгулявання канфлікту.

Расея незаконна акупавала і анэксавала Крым у сакавіку. Усяго праз некалькі тыдняў узброеныя сепаратысты - у некаторых выпадках з дапамогай і пад камандаваннем расейскіх выведнікаў - пачалі захоп урадавых будынкаў у Данецкай і Луганскай абласцях на ўсходзе Украіны».

Украінскія контратакі летам былі паспяховымі. Расея адказала на іх, пастаўляючы сепаратыстам цяжкае ўзбраенне - у тым ліку, як шырока мяркуецца, зенітныя сістэмы «Бук», з якой збілі малайзійскі авіялайнер ў сярэдзіне ліпеня.

«Нягледзячы на прыток зброі сепаратыстам, украінскія войскі працягвалі наступаць, - адзначаюць аўтары артыкула. - У пачатку жніўня сепаратысты былі блізкія да паразы. Гэта выбіла б стратэгію Пуціна з каляіны. Таму, як адзначыла NАТO, элітныя расейскія часткі ўварваліся і акупавалі тэрыторыю Украіны, нанёсшы ўкраінскім сілам цяжкія страты.

Улічваючы вялікую агнявую перавагу ворага, Парашэнка не меў іншага выбару, як пагадзіцца на спыненне агню 5 верасня. Замірэнне з'яўляецца хісткім, але ўкраінскі прэзідэнт хоча давесці сітуацыю да мірнага ўрэгулявання канфлікту. Няясна, ці змогуць знайсці агульную мову Кіеў, сепаратысты і Масква. У лепшым выпадку, перамовы будуць доўгімі і цяжкімі»

Украінскі ўрад ужо некаторы час просіць вайсковай дапамогі, напрыклад, супрацьтанкавай зброі, а таксама бяспечных сродкаў сувязі і разведвальных беспілотнікаў. Прымаючы Парашэнку ў Авальным кабінеце, Абама павінен пагадзіцца на пастаўкі абарончых узбраенняў у паскораным парадку. Такая дапамога будзе спрыяць павышэнню здольнасці Кіева стрымліваць далейшую расейскую агрэсію, якая паставіла б пад пагрозу магчымасць урэгулявання канфлікту шляхам перамоваў.

«Некаторыя могуць запярэчыць і сказаць, што пастаўкі смяротнай зброі Украіне схіляць Пуціна да большай эскалацыі канфлікту, - адзначаюць Строўб Тэлбат і Стывен Пайфэр. - Але ён ужо і так давёў да эскалацыі - падбухторваючы сепаратыстаў, пастаўляючы ім цяжкае ўзбраенне і пасылаючы расейскія войскі ва Украіну. Гэта наводзіць на думку, што як раз адваротнае можа стаць праўдай: узбраенне Украіны падвысіць кошт эскалацыі для Расеі і, такім чынам, зробіць яе менш верагоднай.

Ёсць яшчэ адна важная прычына таго, каб мы станоўча адгукнуліся на просьбу Украіны аб абарончых узбраенняў: аднаўленне даверу да паняцця «гарантыі бяспекі».

У снежні 1994 лідары ЗША, Вялікай Брытаніі і Расеі падпісалі Будапешцкі мемарандум аб гарантыях бяспекі, які абавязаў гэтыя краіны паважаць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны і не ўжываць сілу супраць Украіны. Гэтыя абавязацельствы праклалі шлях для Кіева адмовіцца ад 1900 стратэгічных ядзерных боегаловак, якія ў той час складалі трэці паводле велічыні ядзерны арсенал у свеце.

Масква груба парушыла Будапешцкі мемарандум сваім захопам Крыму і ўварванне ва Украіну. Злучаныя Штаты і Вялікая Брытанія былі абавязаныя рэагаваць. Вашынгтон увёў эканамічныя санкцыі супраць Расеі і аказаў Украіне сціплую, так бы мовіць, «несмяротную» вайсковую дапамогу, у якой не ўтрымлівалася зброі. Гэта адпаведныя крокі, але іх не дастаткова.

12 верасня былы прэзідэнт Леанід Кучма, які падпісаў Будапешцкі мемарандум ад імя Украіны, даў зразумець, што яго краіну падманулі. Гэта адлюстроўвае агульны настрой у Кіеве.

Агульнае ўражанне, што Масква парушыла свае Будапешцкія абавязацельствы такім нізкай коштам, вельмі аслабляе значэнне гарантый бяспекі ў будучыні. Шкада, бо гарантыі бяспекі могуць адыграць сваю ролю як частка пакета ва ўрэгуляванні ядзернай праблемы Ірана і Паўночнай Карэі. Але чаго будуць вартыя такія гарантыі бяспекі, калі Тэгеран і Пхеньян бачаць, што яны могуць быць парушаныя адносна беспакарана?

Вашынгтон можа змяніць гэта ўражанне».

Раней з заклікам перадаць зброю Украіне выступаў сенатар ЗША ад рэспубліканскай партыі Джон Макейн.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках